Першым глыбоцкім пісьменьнікам быў Язафат Тышкевіч, кармэліт босы

Першая друкаваная кніга, якая датычыла мястэчка Глыбокае, была выдадзена ў 1645 г. ў Вільні ў друкарні езуітаў. Кніга была напісана на польскай мове пад назвай:

„Kazanie przy exequiach godney pamięći Iego Mośći Alexandra Tyszkiewicza, Sędźiego Ziemskiego Połockiego. Przez Oyca Iozaphata od Naświętszey Panny z Gury Karmelu natenczas Przeora Karmelitów Bosych Klasztoru Głembockiego. W Kośćiele Głembockim die 13 septembris anno 1644 miane, Vilnae, Typis Academiae Soc. Iesu. A. 1645.

Тлумачачы на беларускую мову:

“Казаньне айца Язафата ад Найсьвяцейшай Панны з Гары Кармэль, на той час прыёра Кляштара Кармэлітаў Босых у Глыбокім, падчас экзэквій1 13 верасьня 1644 г. у Глыбоцкім касьцёле годнай памяці Яго Мосьці Аляксандра Тышкевіча, По лацкага Земскага Судзьдзі. Вільня, друкарня езуітаў, год 1645.

Вокладка першай глыбоцкай кнігі, якая была надрукаваная ў 1645 г.

Сама назва кнігі ўжо гаворыць сама за сябе. Гэта было пахавальнае казаньне з нагоды сьмерці дабрадзея Глыбоцкага кляштара Кармэлітаў – Аляксандра Тышкевіча, Полацкага земскага судзьдзі, таго самага, які падцьвердзіў у 1640 г. тэстамэнт (завяшчаньне) Язэпа Корсака на карысьць Кармэлітаў. Кім жа быў гэты чалавек, у гонар якога была выдадзеная кніга з пахавальным казаньнем, а цела якога па сёньняшні дзень знаходзіцца ў Глыбокім(?).

Аляксандр Тышкевіч быў сынам Стрэта Тышкевіча, чалавекам вельмі адукаваным, так як вучыўся ў Парыжы, дзе атрымаў тытул доктара права. Пасьля быў земскім судзьдзёй у Полацку, а калі падчас войнаў з Масковіяй патрапіў у вязьніцу, то пераклаў там трагэдыі Сэнэкі на польскую мову ў вершаванай форме. Аляксандар Тышкевіч жаніўся на пані Садоўскай, зь якой меў двух сыноў: Кшыштафа, які быў падсудзьдзёй у Троках, і Казіміра, які стаў прыёрам дамініканцаў у Вільні, а патрапіўшы ў палон да Маскавітаў, там і памёр у 1659 г.

Біскуп Юрый Тышкевіч, XVII ст. Невядомы мастак.

Акрамя таго Аляксандр Тышкевіч меў роднага брата – Паўла Тышкевіча, які быў земскім судзьдзёй у Троках. Павел меў трох сыноў: Аляксандра, Юрыя і Казіміра. Гэты апошні, Казімір Тышкевіч, пайшоў у манастыр да Кармэлітаў Босых і зьмяніў імя на Язафат. Менавіта ён, Язафат Тышкевіч, быў першым прыёрам у Глыбокім, і менавіта ён кіраваў будовай глыбоцкага кляштара пасьля сьмерці Язэпа Корсака, і менавіта ён напісаў пахавальнае казаньне з нагоды сьмерці свайго роднага дзядзькі Аляксандра Тышкевіча, полацкага судзьдзі.

Што тычыцца самаго Аляксандра Тышкевіча, то таксама, як і яго сябра Язэп Корсак, ужо пры жыцьці рыхтаваўся да сваёй сьмерці – такі быў дух эпохі, у якой жылі: memento mori – памятай пра сьмерць. Таму падчас будаваньня глыбоцкага кляштара ахвяраваў вялікую суму грошай, на збудаваньне сваёй радавой крыпты Тышкевічаў у падзямельлях Кармэлітаў.

Памёр Аляксандр Тышкевіч на пачатку верасьня 1644 г., а яго цела, згодна з яго тэстамэнтам было прывезена ў Глыбокае, у кляштар Кармэлітаў босых, які толькі пачыналі будаваць, таксама, як і касьцёл пры кляштары.

Пахавальная імша і экзэквіі адбыліся 13 верасьня ў капліцы сьв. Крыжа каля кляштара, дзе і ад былося казаньне айца Язафата (Казімір Тышкевіч) ад Найсьвяцейшай Панны Марыі, пляменьніка памерлага Аляксандра Тышкевіча. Пасьля яго цела было перанесена з капліцы сьв. Крыжа і пахавана ў крыпце Тышкевічаў у манаскіх падзямельлях, якія яшчэ будаваліся.

Вяртаючыся да кнігі, якая была выдадзеная праз паўгода пасьля пахаваньня (сакавік 1645 г.), то ідэя яе друкаваньня належала бацьку аўтара казаньня і адначасова роднага брата памерлага – Паўла Тышкевіча. Павел вельмі добра ведаў свайго брата Аляксандра, які быў вельмі адукаваным чалавекам, перакладчыкам, юрыстам, таму клапаціўся, каб памяць пра яго не загінула, а перадусім сярод яго сям’і, якая была вельмі вялікай. Ня ўсе родныя памерлага былі на яго пахаваньні, таму ня ўсе чулі казаньне сына Паўла – айца Язафата, а найперш за ўсіх – Антоні Ян Тышкевіч, які быў надворным маршалкам літоўскім, а таксама падскарбім і чашнікам – адна з важнейшых асобаў на тыя часы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ня чуў казаньня таксама і Юрый Тышкевіч, біскуп жмудскі, а ад 1649 г. біскуп віленскі.

Быць можа, Павел хацеў пахваліцца перад сваімі крэўнымі маршалкам Антоніем і біскупам Юрыем, што яго сын, Язафат, таксама з’яўляецца вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя таго Язафат меў вельмі добрыя стасункі з самім каралём Уладыславам IV і зь яго братам і наступцам Янам Казімірам, спаведніком якога зьяўляўся.

Вяртаючыся да самой кнігі, то як ужо было адзначана, сама ідэя яе надрукаваньня належала баць ку аўтара – Паўлу Тыш кевічу. Дарэчы ён сам аб гэтым піша на пачатку кнігі ў сваім прысьвячэньні біскупу жмудскаму Юрыю Тышкевічу і маршалку літоўскаму Антонію Тышкевічу.

Падцьвярджае гэта таксама і прысьвячэньне аўтара свайму бацьку, дзе выразна гаворыць аб тым, што згаджаецца на друкаваньне свайго казаньня толькі таму, што прасіў яго аб тым свой бацька, а таксама правінцыял Кармэлітаў Босых.

Што тычыцца самаго казаньня, то ахоплівае яно 20 друкаваных старонак, напісаных згодна з тагачаснымі нормамі – амаль палова тэксту – гэта лацінскія цытаты Бібліі і розных антычных аўтараў. Гэтыя цытаты айцец Язафат спрабуе дастасаваць да жыцьця земскага судзьдзі Аляксандра Тышкевіча, якога заўсёды называе ў казаньні сваім дзядзькам. З тэксту казаньня можна здагадацца, што на пахаваньні было шмат мясцовай шляхты, а таксама ўсе ўраднікі з Полацкага ваяводства.

Антоній Тышкевіч, маршалак літоўскі. Невядомы мастак.

Бяз сумневу, надрукаваньне гэтае кнігі было адным з найбольш важных падзеяў у гісторыі мястэчка Глыбокае першай паловы XVIІ ст., альбо прынамсі ў гісторыі Глыбоцкае Кнігі – першая выдатная старонка!

Падсумоўваючы: першая кніга, зьвязаная з Глыбокім, надрукаваная ў 1645 г. – гэта пахавальнае казаньне з 13 верасьня 1644 г. напісанае айцом Язафатам Тышкевічам, пляменьнікам памёрлага Аляксандра Тыш кевіча, які быў пахаваны ў крыптах Глыбоцкага кляштара.

“Пахавальнае Казаньне”, аўтарства манаха кармэліта Язафата Тышкевіча, якое было напісана ў Глыбокім, сьмела можна лічыць першым творам у друкаванай форме выданьняў у гісторыі глыбоцкай літаратуры. А першым глыбоцкім пісьменьнікам быў Язафат Тышкевіч, кармэліт босы.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №7(619) 16 лютага 2012 года