Пра Стэфана Баторыя. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Жывучы ў Докшыцах, наша маці патаемна вучыла нас чытаць і пісаць на польскай мове з алфавіта і кнігі да набажэнства “Залаты Алтарык”. Мой бацька, калі знаходзіўся ў доме, вучыў мяне з арыфметыкі ў аб’ёме чатырох дзеянняў. Такім чынам, мяне навучылі польскай мове без граматыкі.

У Докшыцах у той час была трохкласная руская школа. Аднак бацька не паслаў мяне туды. Я вучыўся па-расійску ў прыватным парадку ў былога настаўніка Галдоўскага. Калі ў Докшыцах адкрылі школу ў аб’ёме шасці класаў гімназіі, я быў прыняты ў гэту школу ў трэці клас. Вучыўся выдатна, і пасля трох гадоў вучобы я быў ужо ў апошнім класе.

Падчас летніх канікулаў бацька забіраў мяне з сабой дапамагаць зарабляць. Адзін год забраў у фальварак Станкруль. Гэты фальварак калісьці належыў дзядам бацькі сямейства Гінтаўтаў. У цяперашні час яго ўладальнікам быў пан Салтыкевіч, які арандаваў яго пану Ястржэмбскаму. У тым фальварку мой бацька рамантаваў малатар ню і арфу, а таксама масты на рэчцы.

Паны Ястржэмбскія мелі сына майго веку, які вучыўся ў адной школе і класе, як і я. Ён быў добрым калегам. Мы яшчэ больш пасябравалі пасля майго прыезду ў Станкруль. У вольны час пасля працы або па святах мы рабілі вандроўкі па наваколлі.

У бліжэйшых фальварках або засценках пражывала шмат шляхты, т. зв. “засценкавай”. Мы наведвалі шляхту і праводзілі з імі размовы на польскай мове, распытвалі розныя гісторыі і перажытае людзьмі ў гэтых мясцінах. Гэтыя гісторыі дасягнулі часоў маршу Напалеона на Маскву ў 1812 годзе, дзе маршыравалі наперад і назад асноўныя сілы напалеонаўскай арміі. Яны распавялі нам шмат новага аб паўстанні 1863 года, і прыгнёце, і ссылках у Сібір.

Фальварак Станкруль ляжаў пры тракце, вядучым з Докшыц да Барысава. Адразу за фальваркам пры тракце стаяў велізарны каменны крыж, які меў на сабе лацінскія надпісы, якія былі пашкоджаны. Сляды разбурэнняў былі відавочныя. Пазней мы даведаліся, што зрабілі гэта паслугачы царызму. Аднак некаторыя словы можна было прачытаць, і менавіта “Rex Pol …”, і ў нізе пад надпісам былі змешчаныя скрыжаваныя лыжка з відэльцам. Паводле аповядаў навакольных старажылаў палякаў, крыж быў пастаўлены ў гонар польскага караля Стэфана Баторыя, які тады маршыраваў з войскам на Полацк і Пскоў. У адпаведнасці з далейшымі аповядамі , кароль Стэфан Баторый быў вымушаны даць бітву з царскімі войскамі пад камандаваннем князя Капітулы, які спрабаваў спыніць паход караля Стэфана Баторыя і польскія войскі. Войскі Капітулы былі рассеяны і змушаны бегчы, а збожжа на полі бітвы патаптанае і моцна знішчанае.

Уладальнік гэтага збожжа, які жыў у засценку на месцы бітвы, прыйшоў дарогай просячы караля: “Станьце каралём і выслухайце мае просьбы”. Просьба датычыла кампенсацыі за знішчанае збожжа. Кароль мусіў адказаць: “Маўчы, і будзе табе ўзнагарода.” Гэтаму гаспадару далі маёнтак з каралеўскай зямлі ў якасці кампенсацыі. Маёнтак быў названы “Мілч” (Маўчы). Зараз ён знаходзіцца ў Мільчанскай гміне Барысаўскага павета. Месца, дзе быў спынены мужыком кароль, назвалі Станкруль, а на месцы адпачынку і абеду па загадзе караля быў узведзены каменны крыж.

У фальварку Станкруль была старая зачыненая каталіцкая капліца. Побач з ёю былі магілы, у тым ліку магілы з прозвішчамі Гінтаўт, прадзедаў маёй бабулі. Я таксама быў у вёсцы Асінава, у якой у свой час мой дзядуля працаваў на млыне як млынар. Размаўляў у гэтай вёсцы са старажыламі, якія памяталі дзеда, як млынара па прозвішчы Стадольнік і ведалі, што фактычна завецца Ражноўскі, але вымушаны хавацца ад царскай улады. Гэтыя жыхары таксама памяталі сям’ю Гінтаўтаў як уладальнікаў фальварка Станкруль. Тую сям’ю памяталі як сумленных, добрых прыяцеляў бедных сельскіх жыхароў. Гэта меркаванне мяне вельмі цешыла, таму што датычыла маіх прадзедаў.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля