Прыгода з прыставам. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Прыгода з прыставам

У 1910 годзе ў свята Божага Цела праходзіла працэсія па вул. Святаянскай, пры якой знаходзілася наша кандытарская. Працэсія была значнай. Я стаяў ва ўваходных дзвярах у кандытарскую. Дзверы былі прычыненыя. У пэўны момант падышоў да дзвярэй Камісар паліцэйскага ўчастка (прыстаў) з гаспадаром тартака габрэем і папрасіў мяне, каб я яго пусціў у кандытарскую пагуляць у більярд. Адмовіў яму, што кандытарская не працуе з прычыны працэсіі і што няма ніякай абслугі.

Адмова прыставу не спадабалася, а калі я катэгарычна не згадзіўся яго ўпусціць у кандытарскую, пачаў непрыхільна выказвацца ў адрас працэсіі і абражаць каталіцкую рэлігію, што мне таксама не спадабалася. Сказаў яму, што не можна ніякім чынам зняважліва гаварыць пра рэлігію і яе абрады.

Мая заўвага давяла прыстава да раз’юшанасці і шаленства, а таксама грозных выказванняў у мой адрас. У час таго інцыдэнта шмат асобаў, якія былі пры ўваходзе ў кандытарскую, прыслухваліся. Між іншых быў пан Сярпіньскі – дырэктар гарадскога ламбарда і прыяцель пана гаспадара Штрала. Ён стаў у маю абарону разам з іншымі асобамі. Гэта абарона вымусіла прыстава і гаспадара тартака адступіць. Асобы, якія мяне акружалі разам з панам Сярпіньскім, сімпатызавалі маёму смеламу стаўленню адносна прыстава і абароне рэлігійных пачуццяў. Пасля праходу працэсіі і адкрыцця кандытарскай пан Сярпіньскі прадставіў гаспадару мой інцыдэнт з прыставам паліцэйскага ўчастка як яўны сведка. Гаспадары выказаліся, што паступіў слушна, асабліва пані гаспадыня, якая была шчырай каталічкай.

Назаўтра раніцай з’явіўся ў кандытарскай прыстаў паліцэйскага ўчастка разам з уладальнікам тартака і пачаў перад гаспадаром вульгарным спосабам мяне абражаць, адзначаць, што я яго, як службовую асобу абразіў і не ўпусціў у кандытарскую з уладальнікам тартака, і што ён гэта палічыў за абразу сваёй асобы як прыстава. З-за таго, што прыстаў ілжыва мяне абвінавачваў, я папрасіў уладальніка тартака, каб праўдзіва расказаў змест маіх выказаных словаў прыставу і з якой прычыны я гэта зрабіў.

Трэба адзначыць, што гаспадар тартака быў у добрых адносінах з маім гаспадаром, а таксама што я неаднаразова купляў у яго для кандытарскай дровы і апілкі, пагэтаму не выпадала яму пацвердзіць ілжывыя абвінавачванні прыстава. Тады прадставіў наша здарэнне такім чынам, які адпавядаў праўдзе.
Аднак прыстаў, надалей займаючы грознае стаўленне да маёй асобы, заявіў гаспадару, што ён гэтай справы беспакаранна не пакіне, калі гаспадар адразу мяне не звольніць з працы. У адваротным выпадку гаспадар будзе мець праблемы адносна кандытарскай.

У Kракавe i Чанстаховe

З-за таго, што гаспадар не абяцаў прыставу мяне звольніць, яшчэ ў той дзень прыстаў на чале з акалодачнымі надзірацелямі ўвайшоў чорным ходам у більярдную залу і там забраў усе сумы грошай гуляючых, якія былі ў більярдных лузах. Гэтыя сумы хаця і не былі вялікімі, аднак служылі доказам занятка гульнёй на грошы, як быццам гульні азартнай, без дазвалення на гэтую гульню. Прыстаў склаў пратакол аб нелегальнай гульні на грошы, грошы ж забраў як дадатак.

Гэтыя рэпрэсійныя паводзіны з боку прыстава, а таксама грозныя яго папярэджанні на будучыню, занепакоілі гаспадара, які не хацеў мяне звальняць, і ў той жа час не жадаў быць у безупынным канфлікце з прыставам, у камісарыяце якога знаходзілася кандытарская.

Па прычыне таго, што канфлікт з камісарам атрымаў вядомасць сярод знаёмых палякаў і гасцей кандытарскай, а таксама што адносіны палякаў да расійскай улады былі непрыхільнымі, як да акупантаў, таму параілі гаспадару не саступаць і звярнуцца да губернатара са скаргай на прыстава, тым больш, што той жа прыстаў гуляў у кандытарскай з іншымі асобамі на грошы і ніколі не плаціў за гульню ў більярд. Гэтую скаргу гаспадар таксама не хацеў пісаць. У выніку па прапанове пана Серпіньскага і дырэктара гарадскога ламбарда вырашылі даць мне месячны адпачынак, а прыставу паведаміць, што я быў звольнены.

Прыстаў быў задаволены і пачаў часта прыходзіць у кандытарскую гуляць у більярд, я таксама быў задаволены месячным водпускам. Гэты адпачынак прыпадаў на час 500-годдзя святкавання бітвы пад Грунвальдам. 15 ліпеня ў Кракаве адбылася вялікая нацыянальная ўрачыстасць, асвячэнне і адкрыццё помніка, які ўяўляў сабой калону, на якой стаяў кароль Ягайла, а ля ног караля – пераможаных крыжакоў. Вырашыў дабрацца да Кракава на гэту ўрачыстасць з дапамогай пераходу мяжы, якім карысталася насельніцтва, якое пражывала каля мяжы.

Пасля прыезду ў Чанстахову даведаўся, што ў выніку распараджэння расійскіх уладаў была прыпынена выдача прапускоў на перыяд Грунвальдскага святкавання. З-за немагчымасці трапіць у Кракаў іншым спосабам адмовіўся выехаць туды і застаўся ў Чанстахове, дзе таксама адбываліся прыгожыя ўрачыстасці.

Гэтыя ўрачыстасці працягваліся тры дні. У Чанстахову прыбылі вялізныя натоўпы пілігрымаў. Пасля ўрачыстага набажэнства, якое адбылося ў Капліцы з Цудатворным Абразом Божай Маці Чанстахоўскай, а таксама ўрачыстай Імшы ў кляшторным касцёле, адбылася прыгожая працэсія на кляшторных валах.

Біскуп Пацына крочыў пад балдахінам з залацістай манстранцыяй і акружаны клубамі дыму духмянага ладану. Гром бубнаў злучаўся магутным рэхам са спевам, уносячыся пад аблокі, куранты гадзінніка на вежы вызвоньвалі песню “Сардэчная Маці”. Гром бубнаў і барабанаў, які выліваўся са спеву, быў падобны да рэха гарматных стрэлаў. Магутнае ўражанне ўяўляла, як бы гэта працэсія крочыла з часоў аблогі кляштара шведамі на чале з ігуменам Кардэцкім і польскім рыцарствам, якая малілася за перамогу.

На наступны дзень працэсіі пачалі пакідаць Ясную Гару. Іх праводзілі кляшторныя працэсіі, якіх ахіналі знакам крыжа ксяндзамі Кляшторнымі Паўлінамі.

Трэба адзначыць, што ў Кракаве 15 ліпеня, падчас святкавання 500-годдзя перамогі пад Грунвальдам немцы намагаліся перад Аўстрыйскім Цэзарскім Палацам пратэставаць супраць узвядзення помніка каралю Польскаму Уладзіславу Ягелу, аднак гэты пратэст не прынёс поспеху. Пабудова і адкрыццё гэтага помніка, а таксама прайшоўшае святкаванне перамогі над немцамі пад Грунвальдам, падняло патрыятычны дух польскага народа ў частцы Польшчы, акупаванай немцамі, дзе палякі пераследаваліся і падвяргаліся ўціску, а таксама пазбаўляліся маёмасці на ўласнай зямлі.

Тады быў пабудаваны вядомы воз Джымалы, у якім гаспадар гэтага возу Джымала пачаў жыць як у доме. Немцы былі раз’юшаныя і не маглі забараніць Джымале пражываць у гэтым рухаючымся доме. Знаходзілі розныя прычыны, каб пакараць яго штрафамі і арыштам. Палякі з усяго свету паспяшылі з вялізнай грашовай дапамогай для селяніна Джымалы. Пачалі прыходзіць сур’ёзныя сумы ад палякаў з Амерыкі. Так што па гэтай прычыне Джымала не толькі зрабіўся вядомым на ўвесь свет, але таксама заможным гаспадаром.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля