“Райскі сад” Адама Грабніцкага

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

 

Адам Грабніцкі-Дактаровіч (1857-1941) прафесар, памолаг, садавод, аўтар вядомага ва ўсёй Еўропе гатунка яблыні “Бержаніцкі ананас”.
Заснавальнік эксперыментальнага саду і ўладальнік маёнтка Рай (былой гміны Дукшты Браслаўскага павета на Віленшчыне) – цяпер Літва.

 

Адам Грабніцкі, сын Станіслава і Канстанцыі з дому Самішча нарадзіўся 24 сьнежня 1857 года ў маёнтку Цётча, які належыў яго дзядзьку (роднаму брату бацькі), у тагачасным Лепельскім павеце Віцебскай губерніі (зараз Ушацкі раён). Першыя гады маладосці ён правёў у свайго дзядзькі Антонія Самішча ў маёнтку Туроса, дзе знаходзіўся адзіны на Русі ўрадлівы прамысловы сад. Усе іншыя сады пры дварах існавалі толькі для асабістага выкарыстання. Гэты сад быў невялікі, і налічваў каля 500 дрэў. Яго даглядалі з вялікай любоўю і веданнем, а плады падзеленыя і спакаваныя па правілах, потым сталі стандартам ва ўсім рэгіёне і адпраўляліся ў Санкт-Пецярбург і Рыгу. Малады Адам Грабніцкі навучыўся адрозніваць выгадаваныя там: Антонаўку, Цітоўку, Апорту, Літоўскую Цукарніцу, якая пад гэтай назвай фігуруе ў “Атласе пладоў” Грабніцкага. У пазнейшы перыяд ён пражываў у маёнтку бацькі Обалі ў былым Полацкім павеце, які займаў плошчу 7000 га. Ужо там маленькі Адам праявіў уменне адрозніваць пералічаныя вышэй гатункі (акрамя гатунка Антонаўка, якой тут не было).

У вялікім дворскім садзе, размешчаным у Обалі, Адам Грабніцкі навучыўся шанаваць кіслую паласу за яе незвычайную ўраджайнасць і гандлёвую каштоўнасць.

Адам Грабніцкій у сваім садзе

Яшчэ да школы ён навучыўся не толькі вакцынацыі і прышчэпванню пладовых дрэў, але і вывучаў з бацькам кнігі у багатай прыдворнай бібліятэцы ў Обалі.

Пасля кароткага знаходжання ў класічнай гімназіі ў Віцебску, вучыўся ў 1870–1877 гадах у Дзвінскім рэальным вучылішчы (зараз г. Даўгаўпілс, Латвія). Затым паступіў у Лясны інстытут у Санкт-Пецярбургу, які скончыў у 1883 годзе са ступенню “вучоны ляснік першага шэрагу”. У той час ён спецыялізаваўся ў батанікаў Барадзіна і Мантэвердзі. Яго дыпломная праца “Крухмал як запасное рэчыва нашых дрэў” (за якую ён атрымаў залаты медаль у 1884 годзе) звярнула ўвагу прафесараў, якія прапанавалі яму працу ў асістэнтуры ў Навуковай установе Гадоўлі Лясоў і Лясной Тэхнікі. Будучы ўжо выкладчыкам садаводства ў 1902 годзе, уступіў у кіраванне створанай для яго Кафедры садаводства. Нягледзячы на рэвалюцыю 1905 года ў Расіі, захаваў кафедру і атрымаў званне прафесара. У 1886 годзе ажаніўся на Станіславе Станкевіч, дачцэ Яна і Канстанцыі з Бейнараў, уладальнікаў маёнтка Бержанікі Свянцянскага павета, гміна Дукшты, Віленскага ваяводтва), атрымаўшы ў пасаг фальварак Станішкі, названы ім “Раем”.

У 1886 годзе ён апісаў з уласнымі малюнкамі яблыню гатунка “Edelbohmer”. У гэты час ён публікаваўся ў пецярбургскім часопісе “ Веснік садаводства”. Апісанне гэтага гатунку размясціў у сваёй наступнай працы “Атлас пладоў”. З гэтага часу ён пачаў публічную дзейнасць. Супрацоўнічаючы з памолагам, прафесарам Аляксандрам Рудзкім пераклаў на рускую мову працу Нікаласа Гошэра “Handbuch der Obstkultur”, выпушчаную ў Берліне ў 1889 годзе. Ён таксама быў аўтарам шматлікіх ілюстраваных артыкулаў у “Энцыклапедыі сельскай гаспадаркі”, выдадзенай у 1900–1906 гадах Дэврыенам пад рэдакцыяй Рудзкога.

У 1890 годзе прыступіў да закладання ў Раі памалагічнага сада на плошчы 14 гектараў. У 1910 годзе там знаходзілася 437 гатункаў яблыні, 154 гатункі груш, 116 гатункаў сліў, 82 гатункі чарэшні і вішні, шматлікія гатункі агрэста, парэчкі і трускаўкі і тры матачнікіi дзікай яблыні — Malus silvestris і Malus prunifolia, якія былі атрыманыя з насення, прывезенага з Сібіры. Калекцыя гатункаў высакародных пладовых дрэў і кустоў, сабраных у гэтым садзе, была атрымана з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі, Расіі, Украіны (сярод іншага, узораў з садоў Сімірэнкі), з Польшчы (з садоў Хосера, Янкоўскага, Шлёнскага, Варшаўскага Памалагічнага саду і з інстытута ў Пулавах), а таксама з Германіі. Нізкарослыя яблыневыя дрэвы выводзіліся на пнях, вышынёй ад 1/2 да 3/4 аршыны (каля 36–54 см), паляпшаліся зрэзамі з уласнай калекцыі. Там была вялікая калекцыя фруктовых дрэў. Гэты сад стаў тэрыторыяй навуковых даследаванняў, якія былі крыніцай пазнейшых шматлікіх публікацый, манаграфічных распрацовак і падручнікаў. Прыкладам значнай тады працы ў гэтай галіне з’яўляецца “Уход за плодовыми садами”, выпушчаны ўпершыню ў 1892 годзе, і восьмы раз у 1931 годзе, без істотных зменаў.

Акрамя прафесарскай працы ў Лясным інстытуце, садаводчай працы ў гадавальніку ў Бержэніках і ў “Раі”, а таксама шырокай перапіскі з памолагамі з усяго свету і публіцыстычнай працы — з 1884 года да моманту выезду з Расіі ў Амерыку ў 1894 годзе выконваў абавязкі памалагічнага эксперта на памалагіных выставах Расійскай імперыі. Яго знаходжанне ў Паўночнай Амерыцы ў 1894 годзе дазволіла параўноўваць садаводства ў Расіі з садаводствам Паўночнай Амерыкі.

Царскае Усерасійскае Памалагічнае Таварыства пасля нядаўна праведзенага Міжнароднага З’езду Памолагаў, вырашыла ўвекавечыць сваю дзейнасьць нейкім выдавецкім помнікам. Князь Анатоль Гагарын, выказаў задуму выдаць “Атлас садавіны”. У якасці рэдактара па яго ініцыятыве быў прызначаны Адам Грабніцкі. У 1903–1906 гады, абапіраючыся на лепшыя даступныя крыніцы, адрэдагаваў працу “Атлас пладоў”, якая змяшчалася ў чатырох тамах памерам 14 на 20 сантыметраў. У атласе ён апісаў і ўласнаручна ілюстрыраваў малюнкамі і каляровымі табліцамі 46 гатункаў яблынь, груш, сліў, чарэшні і вішні і дапоўніў на аснове ўласных даследаванняў апісанні іншых аўтараў. У рукапісах заставаліся складзеныя ў міжваенны перыяд падрабязныя апісанні і малюнкі каля 1000 гатункаў яблыні, нататкі аб праведзеных на працягу многіх гадоў феналагічных назіраннях за фруктовымі дрэвамі ў Раі. Пры кожнай разнавіднасці падаваў яе біялагічныя асаблівасці, правераныя ва ўласным садзе: марозаўстойлівасць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, глебава-кліматычныя патрабаванні, адначасова ацэньваючы яе камерцыйную каштоўнасць. Вынікі сваіх даследаванняў ён апублікаваў у тагачаснай галіновай прэсе, дзе захавалася больш за сто яго артыкулаў.

“Атлас пладоў” фінансаваўся пры ўдзеле цара Мікалая II, які вылучыў на яго выпуск значную суму. Адначасова Адам Грабніцкі быў ганараваны шматлікімі ўзнагародамі, царскімі ордэнамі, захаваў польскую арфаграфію той часткі атласа, якая адносілася да Польшчы і палякаў.

У міжваенны перыяд з бліжэйшай чыгуначнай станцыі Дукшты штогод адпраўлялі самыя вялікія ў Польшчы грузы садавіны для краіны і на экспарт. На працягу 50 гадоў памалагічны сад у Раі быў цэнтрам інтэнсіўных навуковых даследаванняў і садовых досведаў, якія праводзіліся Адамам Грабніцкім. Назіраючы за біялагічнымі ўласцівасцямі пладовых дрэў на працягу многіх гадоў, ён выбраў гатункі, найбольш прыдатныя для вырошчвання ў мясцовых умовах: марозаўстойлівыя, багата ўраджайныя, са смачнымі пладамі. Шукаў у навакольных садках малавядомыя гатункіі, але каштоўныя з пункту гледжання садаводства, вартасць якіх правяраў на працягу многіх гадоў у сваім садзе, перш чым пачынаў іх памнажаць ў гадавальніку, распаўсюджваць і прапагандаваць. Да гэтых гатункаў належаць:

Бержаніцкі ананас (таксама вядомы, як мясцовая Ранэтка Грабніцкага). Гэты гатунак сёння распаўсюджаны ў Літве, Латвіі, Беларусі і Эстоніі, вядомы ў Польшчы, Германіі і Швецыі,

Гатункі, выяўленыя і названыя ім у садках Бержэнік і Геркан каля “Рая”:

Пепіна Яна, А-ля Напалеон, Устойлівы.

Новыя гатункі, атрыманыя ў міжваенны перыяд у Раі, з пасеваў каштоўных дрэў — сярод іншых.: “Пераможца Жвірко”, “Шляхціц”.

Прафесар Адам Грабніцкі ў Польшчы быў вядомы даваенным садаводам з-за ўдзелу ў навуковых з’ездах, звязаных з выставамі садавіны, якія штогод арганізоўвала Польскае Памалагічнае Таварыства ў Варшаве. Таксама яго ведала прафесійная прэса, бо ён пісаў у садаводчыя часопісы, таксама пісалі аб ім і яго дасягненнях у галіне памалогіі ў “Сучасным садаводстве”, “Сад і ўраджай” і іншых выданнях..

У 1939 годзе пасля далучэння Віленшчыны да Літвы Адам Грабніцкі быў прызначаны кансультантам у Літоўскім агранамічным Інстытуце. Памёр 13 кастрычніка 1941 года, пасля месяца цяжкай хваробы.

У пасляваеннай Польшчы імя прафесара было ўнесена ў “Спіс страт польскай Культуры 1939–1946 гадоў”, выдадзеным у Варшаве ў 1947 годзе.

Далейшы лёс гадавальніка

Улад Літвы, літоўскія і беларускія садаводы і мясцовае насельніцтва вырашылі працягнуць працу Адама Грабніцкага. У 1957 годзе ў Раі быў створаны даследчы пункт Віленскай эксперыментальнай сельскагаспадарчай станцыі. Былі ўзяты пад ахову 300 пакінутых у жывых матачных дрэў, якія прадстаўляюць 26 гатункаў яблыні і грушы. Сярод іншых былі малавядомыя гатункі, такія як Папоўка, Салодкая Тэрэспальская, Гранатавая (цёмна-сіняя), Wargul. У гэты ж час быў адрамантаваны дом, у якім жыў Адам Грабніцкі, упарадкаваны навакольны сад. Для далейшых эксперыментаў былі прызначаны 82 найбольш буйныя асобнікі дзікіх яблынь Malus sylvestris і Malus prunifolia.

Гадавальнік у Бержэніках

У 1958 годзе станоўча ацэнена 11 сеянцаў, якія адрозніваюцца характарыстыкамі высакародных гатункаў. Варта таксама згадаць Грушаўку Грабніцкага, разнавіднасць яблыні, атрыманай з атожылкаў дрэва Папяроўкі. У яе вельмі смачны плод, які нагадвае смак грушы. У 1958 годзе быў заложаны ў Раі новы сад, у якім на 3 га было пасаджана 58 гатункаў яблыні і шматлікія гатункі агрэста, парэчкі і трускаўкі. У 1961 годзе на дваццацігоддзе смерці Адама Грабніцкага адбылася ў Дукштах Садаводчая канферэнцыя, арганізаваная Міністэрствам сельскай гаспадаркі Літвы. Яна праходзіла пад лозунгам: “Здзейсніць мару Адама Грабніцкага і ператварыць усю Літву ў квітнеючы сад”. Падчас канферэнцыі быў адкрыты Музей памяці прафесара Адама Грабніцкага, які наведваюць шматлікія экскурсіі садаводаў, моладзі, студэнтаў. Адзін з найстарэйшых практыкантаў, Ю. Шарка, які супрацоўнічаў з Адамам Грабніцкім успамінаў: “Любоў да прыроды, якую прышчапіў прафесар Адам Грабніцкі ў маім сэрцы, разраслася надзвычай моцна.Прырода клікала мяне і вабіла. Усё, што я даведаўся за 7 гадоў практыкі ў прафесара, захавалася ў памяці, як у кнізе. Я стаў гарачым прыхільнікам прыроды”..

Крыніцы: Polski Słownik Biograficzny, t. X Julia Rejman — „ Muzeum poświęcone pamięci Adama Hrebnickiego — Ośrodek kultury sadowniczej na Litwie” („Ogrodnictwo” nr 7/1965) Józef Pawłowicz „Profesor Adam Hrebnicki — wspomnienie ze wspólnej pracy” (maszynopis) Dr Władysław Rogowski — „Profesor Adam Hrebnicki i dzieło jego życia” (maszynopis)

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля (Паставы)