Рымскі эпізод у гісторыі мястэчка Глыбокае

Герб «Корсак»

Усім нам добра вядома, што вельмі цяжка прымусіць гаварыць гісторыю, калі яна сама гэтага ня хоча. Аднак гэтым разам нам пашанцавала – гісторыя прамовіла, па праўдзе не вельмі ахвотна, але прамовіла. У гэтым артыкуле я хачу вам распавесьці пра новую знаходку, якая станецца вельмі каштоўным кавалачкам у гістарычнай мазаіцы першай паловы ХVII ст. мястэчка Глыбокага.

Пішучы кнігу пра апошнюю волю Язэпа Корсака, мне патрапіўся адзін вельмі цікавы дакумэнт таго перыяду, пра які і прагну вам распавесьці, а менавіта: «Ліст з Рыму, пісаны Панам Геранімам Корсакам да Яго Міласьці Пана Ваяводы Мсьціслаўскага ў справе вялебных айцоў Кармэлітаў Глыбоцкіх» (у арыгінале Z Rzymu list przez P. Hieronima Korsaka do JM P. Wojewody Mścisławskiego w interesie ww oo Karmelitów Głębockich pisany.), дзеля большай практычнасьці гэты дакумэнт буду называць – Ліст Гераніма Корсака.

Гэты дакумэнт першапачаткова знаходзіўся ў манаскім архіве пры кляштары Кармэлітаў у Глыбокім. Пра гэта сьведчаць архівальныя нататкі на самым Лісьце – 4-ая штука, 14-ты нумар, літара А. У кляштарным архіве ў Глыбокім пад літарай А знаходзіліся найважнейшыя дакумэнты, напрыклад, уласьніцкія, маёмасныя і гд. Такім чынам Ліст Гераніма Корсака быў 4-ым з 8 дакумэнтаў, якія былі пазначаныя літарай А. Дарэчы ўвесь гэты архівальны апарат сьведчыць ня толькі аб верагоднасьці нашага дакумэнту, але таксама гаворыць аб тым, што гэты дакумэнт паходзіць з Глыбоцкага Архіва Кармэлітаў Босых.

Варта дадаць, што гэты дакумэнт ня быў сам, а меў пры сабе яшчэ адзін дакумэнт, а менавіта: «Рэкогнíта на грошы ўзятыя панам Корсакам у Рым» (у арыгінале Recognita od p. Korsaka do Rzymu wzięte na pieniądze), дзеля практычнасьці далей гэты дакумэнт буду называць – рэкогнíтай (распіскай, засьведчаньнем). Гэтая рэкогнíта таксама знаходзілася ў кляштарным архіве Кармэлітаў у Глыбокім і мела сваю архівальную аднатацыю – 3-я штука, 14-ты нумар, літара А.

Гэтая рэкогнíта (3-я штука) ў архіве знаходзілася перад Лістам Гераніма Корсака (4-я штука), так як храналагічней рэкогнíта паўстала перш, чым ліст з Рыму. Дарэчы, каб ня мучаць чытача празмернай колькасцю архівальнай інфармацыі варта зьвярнуцца да арыгіналу.

Ніжэй падаю пераклад рэкогнíты на беларускую мову:

“Я, Геранім Корсак, засьвядчаю гэтай маёй рэкогнітай, што ў тысяча шэсьцьсот саракавым годзе сямнаццатага чэрвеня Яснавяльможны Яго Міласьці Пан Язэп Корсак Мсьціслаўскі ваявода, стараста таго ж ваяводзтва і Дзісьненскі і гд., даў мне дзьвесьце чырвоных злотых, гэтыя грошы зараз прыехаўшы ў Рым я павінен буду аддаць ва ўласныя рукі Яго Міласьці Ксяндза Рафала Корсака, Мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяя Русі, дзеля ўласных спраў вышэй успомненага Яснавяльможнага Яго Міласьці Пана Ваяводы Мсьціслаўскага. Дзеля лепшай пэўнасьці даю гэтую маю рэкогніту з подпісам уласнай рукі, што не распушчу на свае іншыя патрэбы, але самаму Яго Міласьці Ксяндзу Мітрапаліту ва ўласныя рукі на справы Яго Міласьці аддам.

У Ластавічах, тысяча шэсьцьсот саракавога году, дня сямнаццатага чэрвеня.

Геранім Корсак уласнай рукой”

Як бачна тэкст самаго дакумэнта ясна гаворыць аб тым, што быў ён пісаны ў Ластавічах – сядзібе Язэпа Корсака, бо, як вядома, прынамсі, апошнія гады свайго жыцьця Корсак правёў менавіта ў Ластавічах. Ужо пачынаючы ад 1639 г., а можа і раней Корсак, стала жыў у Ластавічах, дадаткова пра гэта сьведчыць і той факт, што амаль усе корсакаўскія дакумэнты тых гадоў датуюцца менавіта ў Ластавічах, якія сьмела можна назваць сталіцай маёнткаў Язэпа Корсака.

Вяртаючыся да нашага дакумэнта, то варта зьвярнуць увагу на дату гэтай рэкогніты (распіскі) – 17 чэрвеня 1640 г. Пра што гэтая дата можа нам распавесьці?

Як вядома 29 лістапада 1639 г. Язэп Корсак зрабіў першы запіс сваіх маёнткаў на карысьць Кармэлітаў. Аднак гэты запіс быў у неадпаведнасці з манаскімі статутамі Кармэлітаў. На падставе гэтай рэкогнíты можна здагадацца, што гэтымі 200 чырвонымі злотымі Корсак жадаў схіліць гэнэрала (гэнэральнага настаяцеля) Кармэлітаў, які ў той час знаходзіўся ў Рыме, каб ён згадзіўся на варункі, якія дадзеныя фундатарам. Сёньня мы б назвалі гэта хабарам (“узяткай”), аднак у тыя часы гэта было штодзённай і нармальнай справай. Каб лепш зразумець ментальнасьць той эпохі, то варта зьвярнуць увагу, каму Язэп Корсак кажа перадаць гэтыя грошы – вуніяцкаму мітрапаліту Рафалу Корсаку. Кажучы прасьцей: Язэп Корсак папрасіў Гераніма Корсака, каб той завёз 200 злотых у Рым мітрапаліту Рафалу Корсаку, каб той у сваю чаргу даў іх гэнэралу Кармэлітаў, каб ён згадзіўся на варункі Язэпа Корсака.

Тут бачна веліч Язэпа Корсака – шляхціч, ваенны стратэг, богабоязны і набожны фундатар, вытанчаны дыпламат. Дзейнасць на сэймах, стасункі з каралямі, біскупамі і Рымам. І гэта – чалавек, які бавіў сваё жыццё ў Ластавічах!

Можа паўстаць пытаньне – адкуль вядома, што гэтыя грошы меліся трапіць у рукі гэнэрала Кармэлітаў, пра якога дакумэнт маўчыць? Адказ павінен быць лагічны – Язэп Корсак заць вярджаючы новы тэстамэнт 29 лістапада 1639 г., дзесьці на пачатку 1640 атрымаў адказ ад Кармэлітаў, што гэта ягоная фундацыя не стасуецца з манаскімі статутамі. Адзіным, хто б мог даць згоду на новую фундацыю, быў гэнэрал Кармэлітаў у Рыме. Язэп Корсак, ведаючы, што ў тым часе ў Рыме быў мітрапаліт Рафал Корсак, пастанавіў выкарыстаць сытуацыю і выслаў у Рым Гераніма Корсака, якому наказаў перадаць 200 злотых ва ўласныя рукі мітрапаліту на справы Язэпа Корсака. Менавіта тут бачна веліч Язэпа Корсака – гэты чалавек быў непаспалітай асобай – шляхціч, ваенны стратэг, богабоязны і набожны фундатар, але таксама і вытанчаны дыпламат – яго дзейнасьць на сэймах, стасункі з каралямі, біскупамі, нават з Рымам і гэта чалавек, які бавіў сваё жыцьцё ў Ластавічах у першай палове ХVII ст. Неверагодна!

Вяртаючыся да нашага дакумэнта, то варта падкрэсьліць, што ў гэтай далікатнай справе Язэп Корсак карыстаўся дапамогай сям’і – Гераніма Корсака і мітрапаліта Кіеўскага Рафала Корсака. Заўважу, што Язэп Корсак занадта не давяраў нават родзічам, бо Гераніму Корсаку, казаў напісаць гэтую рэкогніту (распіску), дзякуючы якой мы ведаем аб усёй гэтай гісторыі.

Што ж сталася далей? На жаль, дакладна не вядома. Аднак штосьці можна даведацца. Як вядома, мітрапаліт Рафал Корсак памёр 28 жніўня 1640 г. Геранім Корсак мог выехаць з Ластавіч не раней, чым 17 чэрвеня. Ці змог ён даехаць у Рым перад 29 жніўня і ці аддаў грошы мітрапаліту? Адказ адназначны – не!
Адкуль гэта вядома? З Лісту Гераніма Корсака, які ён выслаў з Рыму “orem ora” (вось вось/толькі што) 8 сьнежня 1640 г. Гэта азначае, што ў Рым ён ехаў каля 4 месяцаў – уявіце сабе падарожжа з Ластавічаў у Рым у XVII ст., як бачна, дзеля Корсакаў не было рэчаў немагчымых.

З лісту Гераніма можна даведацца аб тым, што падчас свайго падарожжа ў Рым ён вельмі цяжка захварэў і амаль, як піша ён сам, “не пайшоў шляхам слаўнай памяці Мітрапаліта”. Як бачна, мэта падарожжа Гераніма ў Рым – зьнікла. Уявіце сабе, чалавек едзе ў Рым аж з Ластавічаў, каб перадаць грошы мітрапаліту, а прыехаўшы ў Рым ледзьве жывым, даведваецца аб тым, што мітрапаліт ужо 2 месяцы як памёр – хопіць толькі гэтага, каб можна было напісаць прыгодніцкі раман! Далей у сваім лісьце Геранім піша аб тым, што ён сам асабіста пайшоў да гэнэрала Кармэлітаў у справе новай фундацыі ў Глыбокім, на што атрымаў адказ ад гэнэрала, што ён дасьць згоду, толькі калі атрымае на гэта просьбу ад правінцыяла польскай правінцыі Кармэлітаў босых у Кракаве. Акрамя таго Геранім Корсак раіць Язэпу Корсаку, каб той напісаў ліст да правінцыяла ў Кракаў, каб той у сваю чаргу напісаў просьбу да гэнэрала і перадаў яе праз кракаўскага раднага пана Пётркоўчыка.

Як бачна, Геранім Корсак вельмі добра парадзіў сабе з прыбываньнем у Рыме, нават патрапіў пазнаць пана Пётркоўчыка і гд. Аднак варта падкрэсьліць, што ў тыя часы такая б бюракрацыя прадоўжылася б каля году, як не даўжэй.

Лакалізацыя маёнтка Ластавічы паводле мапы сярэдзіны ХІХ ст. Адзначаны як «Госп(одский) д(ом) Ластовицы». На мапах 1930 гг («за польскім часам») маёнтак не дзначаны, г.зн, ужо не існаваў.

Вяртаючыся ў Ластавічы, то там ужо ўсё зьмянілася. Язэп Корсак, ня могучы дачакацца адказу з Рыму, 20 верасьня 1640 г. напісаў новы тэстамэнт на карысьць Кармэлітаў, зьмяняючы тыя фрагмэнты, якія былі ў неадпаведнасці з манаскімі статутамі, аб чым Геранім змог даведацца не раней, чым на пачатку 1641 г., таму ён вярнуўся на радзіму дзесьці ўлетку 1641 г. На жаль, уся гэтая выправа ў Рым не прынесла аніякіх вінікаў, можа таму гісторыя засыпала яе пылам і аніякая крыніца пра яе не згадвае.

Падсумоўваючы, варта падкрэсьліць вагу новазнойдзеных дакумэнтаў, так як асьветліваюць невядомы раней “рымскі” эпізод у гісторыі мястэчка Глыбокае, а таксама веліч думкі й чыну Язэпа Корсака. Дадам, што гэтыя два дакумэнты такім чынам першы раз трапляюць да гісторыяграфіі Глыбокага, а таксама гісторыкаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі, між іншым, дзякуючы гэтай публікацыі ў «Вольным Глыбокім».

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №25(637) 21 чэрвеня 2012 года.