Сад і агарод

Цагляная агароджа былога Кармэліцкага сада па вул. Горкага, фота 1960-ых гг. Зьнесена ў пач. 1970-ых гг. На правы бок ад агароджы – стадыён. Ліпавыя прысады, сьпіленыя нядаўна, пад час рэканструкцыі стадыёна.

Паміж вазоўняй і кузьняй у мураванай агароджы была зробленая брама з двума дзьвярамі і фурткай, якая вяла на мост, які быў зробленыя над дзьвюмя сажалкамі. Мост быў вельмі якаснай работы: з добрага дрэва і з поручнямі з абодвух бакоў. Каля сажалак, з боку быў агарод, які таксама меў мураваную агароджу, а ад ракі – частаколам. Гэты агарод ад вуліцы мястэчка быў закрыты двума шэрагамі ліп, якія былі на працягу года стрыжаныя – таму мелі вельмі прыгожую форму 2, а ад ракі ў два шэрагі былі пасаджаныя ліпы, клёны і ляшчына. Сам агарод быў прызначаны для агародніны, таму быў падзелены на 42 адмысловыя кватэры, дзе ў кожнай вырошчвалі іншыя агародніны. Кожная кватэра была адасобнена натуральнай агароджай: агрэстам, парэчкамі, бэзам, барбарысам. Было таксама 15 зашклёных парнікоў.

Акрамя агароду быў там таксама і сад з фруктовымі дрэвамі. А менавіта: яблыняў з кіслымі яблыкамі было 200 штук, яблыняў з салодкімі яблыкамі – 33, маладых дрэўцаў, што трэці раз пладаносяць – 20, маладых яблынь, якія павінныя пладаносіць, – 194, грушаў розных гатункаў – 70, малодзенькіх дрэўцаў, якія яшчэ не пладаносяць – 1017.

Пасярод саду знаходзілася альтана, пабудаваная ў плане грэчаскага крыжа з пірамідай наверсе пасярод даху, а на пірамідзе шар, бляхай пакрыты. Альтана мела два ганкі і дзьверы з унутраным ключом, столь і падлога былі драўляныя, гонтам пакрытая, а ў ёй трымалі 2 бляшаныя палівачкі, 2 садовых нажніц, 6 рыдлёвак, барану на 25 жалезных зубоў, сякеру, пастку на кратоў. Каля гэтай альтаны непадалёк была іншая альтанка, засаджаная ў круг піхтай. Каля сажалак была трэцяя альтанка, мураваная, у форме квадрату, пакрытая гонтам.

Сад меў таксама дзьве фурткі (брамкі): адну на вуліцу мястэчка, а другую ў канцы пры могілках; усе дзьверы былі зробленыя на ўнутраныя замкі. У садзе былі таксама два жылыя дамы для працаўнікоў кляштара. Таксама ў канцы саду былі дзьве печы, вапненая і цагляная для выпаленьня кафлі, над якімі быў зроблены дах на драўляных падвалінах, а непадалёк стайня для палявых коняў, з дрэва зробленая, з адной сьцяной мураванай, саломай пакрытая, а па другой старане кляштарнага муру была зробленая яшчэ адна стайня (канюшня) даўжынёй 51 мэтар. Быў пабудаваны таксама яшчэ адзін жылы дом, драўляны сасновы з падмуроўкай, гонтам пакрыты і памаляваны.

PS.

форму 2 Вельмі часта можна сустрэцца з думкай, што Глыбокае было добраўпарадкавана толькі за «польскім часам» (1920-1939). Часта ўсё параўноўваецца – «а як было перад вайной»? Я ж хачу зьвярнуць увагу, што абы ўпарадкаваць Глыбокае ня быў патрэбны «польскі час». Глыбокае было ўпарадкавана ўжо ў ХVІІ/ХVІІІ стст. Калі, напрыклад, штосьці аднаўляць, то трэба зьвяртацца менавіта да VІІІ ст., калі былі пекныя агароджы, корчмы, сажалкі, рэчкі, капліцы і каплічкі, альтанкі і лядоўні, розныя пароды дрэў: ліпы і клёны ў два шэрагі ўздоўж дарогі.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №5(617) 2 лютага 2012 года