Школа ў Тумашах і Карабах. Ваўкоўская школа. Успаміны Язэпа Квача

Школа ў Тумашах і Карабах

Пра вучобу ў Тумашах і Карабах я магу меркаваць толькі па ўспамінах маіх старэйшых братоў. Да Тумашаў было ад нас кіламетраў каля пяці. Хадзілі заўсёды пешшу. Ні пра якія аўтобусы тады не было і мовы. Уявіце, якая была добрая фіззарадка кожны дзень. Якраз гэтым часам будавалі нашу шашу (асфальт), і гэта давала магчымасць хаця не боўтацца па гразі. Затое на асфальце хапала смалы, і я памятаю паліто старэйшага брата Толі, крысо ў якім было ўкулэгана (запэцкана) ў смалу.

Калі пабудавалі новую школу ў Карабах, то лягчэй не стала, як, дарэчы, і бліжэй таксама. А асабліва, што ісці трэба было па бездарожжы, дзе гразі не было толькі летам і зімой. А начамі ж яшчэ і цёмна! І я памятаю, як старэйшыя з вечара майстравалі з анучак факел, замочвалі на ноч яго ў керасін і назаўтра з ім, нібы з паходняй, цугам валакліся па бездаражы, выбіраючы сушэйшую сцяжынку. А яшчэ ж трэба было пераходзіць рэчку. Трэба было зрабіць кладку. Для гэтага мужыкі адзін дзень сабраліся талакой. Вацюк на трактары прыцягнуў з лесу два доўгія яловыя бервяны, і па іх зладзілі пераправу. Пасля арганізавалі падвоз дзяцей да школы на калгаснай лятучцы. І рамантыкі начных паходаў не стала.

Ваўкоўская школа

Пасля Квачоў у нас было права выбіраць паміж дзвюма школамі: паміж Ваўкоўскай і Карабоўскай. Ваўкоўская была за шэсць кіламетраў, Карабоўская дзесьці за чатыры з паловай, і там была толькі васьмігодка, у Ваўкі можна было дае хаць на маршрутных аўтобусах. У Карабы дабіраліся па-рознаму. Я выбраў Ваўкі. Нейкі час туды хадзілі і мае некаторыя аднакласнікі, але пасля яны пайшлі ў Карабы, Ваўкі ж закончыў я адзін. Тут было шмат новага і незвычайнага: і сама вялікая новая двухпавярховая школа, і аднакласнікі, і настаўнікі. Вучоба і тут у мяне ішла добра. З лёгкай падачы майго аднакласніка Кадушкевіча Юры мяне за старанную вучобу часам звалі “Леніным”. Тады гэта мяне вельмі не бянтэжыла. Закончыў я школу з залатым медалём.

Часта прыходзілася бываць у Паставах на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, лыжах, біятлоне. Вышэйшым сваім дасягненнем лічу, калі, будучы ў восьмым класе, я твыступаў за зборную школы, і мы занялі другое места па біятлоне.

Вучэбны працэс, напэўна, нічым не адрозніваўся ад іншых школ. Варта ўспомніць незвычайных настаўнікаў. Да іх можна аднесці фізіка, Асяненку Сцяпана Юльянавіча. Дарэчы, у 9 і 10 класах ён быў маім класным. Гэта стары, закаранелы халасцяк і гуляка, які нават мог дазволіць сабе і на ўроках бываць пад хмяльком. Тады сядзеў, запёршыся ў сваёй лабаранцкай, і стараўся не паказвацца на вочы дырэктару – Касяку Мяфодзію Уладзіміравічу, які вёў у нас нямецкую. Той быў строгі, яго баяліся ўсе, мог нават і па галаве настукаць непаслухмяным, і Сцяпана, канечне ж, ставіў на месца.

Цікавая была настаўніца геаграфіі Ніна Сцяпанаўна Храпавіцкая, або Старая, як мы яе называлі. Яна была з 1928 года, прайшла польскую школу, і часам мы чулі ад яе дзіўныя словы накшталт “кандуіт”, што азначала дзённік, “кает” або сшытак, “бібула” ці прамакашка і інш. Хаця па адукацыі яна была філолаг, але на геаграфіі была памешаная. І калі ў нейкім класе не было настаўніка, а ў яе фортка, то яна ірвалася туды, слатой лезла і казала, што у нас вялікае адставанне. І кожны дзень ездзіла на аўтобусе аж за нейкія сорак кіламетраў, бо жыла ў Манькавічах.

Заняткі ў нас пачыналіся а дзевятай гадзіне, а мы ў школу прыязджалі дзесьці каля паловы восьмай. Памятаю, трэба было ўстаць каля паловы сёмай, апрануцца, паесці. Добра, што прыпынак аўтобуса быў каля самай хаты. Зімой, калі было холадна, то мы чакалі аўтобус у нашай лазні, што стаяла пры дарозе. Дзяўчаты ў цемнату да хлопцаў заходзіць баяліся, ды і накурвалі яны там здорава. Быў цікавы выпадак, зноў жа з маім суседам Антусём. Некуды па справах ехаў Януля Вінцучкоў і зайшоў таксама да нас ў лазню ад ветру. Зайшоў і закурыў. Прыляцеў Антусь, бачыць чырвоны аганёк і чуе прыемны пах.

– Мальцы, дайце закурыць!
Усе:
– Га-га-га!
А той:
– Ну х…я вы вы…..ся, дайця закурыць.

Януля таксама толькі пасмяяўся і мараль не чытаў.

У вольны час ў школе хто гуляў у тэніс, хто вучыў або спісваў дамашнія заданні, меншыя проста дурэлі і свавольнічалі, старэйшыя заігрывалі з дзяўчатамі. Нейкі час было распаўсюджана гуляць на грошы ў “клапа”. Ставілі кожны на кон некалькі капеек. Хто ставіў больш за ўсіх, той стараўся капейкай або якім ключом перавярнуць банк. Капейкі, якія перавярнуліся, забіраў , і так ішлі па крузе, пакуль не скончыцца банк. Часам, бывала, што на банку”зрэжысся” г.зн. нічога не перавернеш, тады за табой дабівалі наступныя. Вялікія грошы тут не круціліся, а дзесьці ў межах аднаго рубля. Гулялі, канечне, хаваючыся, бо настаўнікі за гэта ганялі.

Дамоў ехалі таксама аўтобусам. Бывала і такое, што аўтобус не хадзіў. Тады ў школу можна было заехаць на 10.15, але патрапіш ужо на трэці ўрок, а можна было вярнуцца і пагуляць дома. У летні час ездзілі ў школу часам на веласіпедах, матацыклах. Горш было тады, калі не было аўтобуса дамоў. Трэба было або чакаць да шасці вечара, або ісці пехатой. Часам пад’язджалі на папутках.
Я хоць і быў прыкладным вучнем у школе, але мала чым адрозніваўся ад іншых на волі, адзінае – гэта тое, што я не курыў. А так нават адзін раз “забаставаў”. Хадзіў я тады, можа, у клас дзявяты. Не пайшоў аўтобус, і я рашыў: трэба “забаставаць”, хоць будзе што ўспомніць. Бабцы сказаў, што еду ў школу на лыжах, і накіраваўся паўз асфальт на Ваўкі. Потым звярнуў на Слясаршчыну, недзе на Стафанішыным хутары закапаў у снег сумку і паехаў катацца. Часу было і на Шыбільніцу з’ездзіць, пакатацца з гэтай гары і па кустах паганяць зайцоў. Дамоў прыехаў, як бы пасля заняткаў, ніхто нічога не западозрыў, і мне гэта вылазка сышла з рук.

Часам у школе бывалі і нязначныя бойкі, якія ўстанаўлівалі пэўную іерархію. Запомнілася адна з іх на аўтобусным прыпынку. На нас тады, падышоўшы, “наехалі” ваўкоўскія мясцовыя хлопцы. Сярод іх дакладна памятаю двух Мацяёнкаў, Алега і Янука, Філіповіча (Рыжага), Эдзіка Сварцэвіча, далучыўся да іх яшчэ задзірысты Турчыновіч з Хрыстова, або Турчок, як яго ўсе празывалі. У нас былі дакладна я (напэўна, у пятым класе), Сашка Кабылінскі, Антусь, Эдзік Ермаковіч (Белы), Паўлік Кабылінскі, нехта яшчэ. Мы адчувалі, што так не абыдзецца, але вельмі не пасавалі перад мясцовымі, бо на прыпынку быў Жэнька Машніч (Цімох) з Беляўцаў, які хадзіў ўжо ў дзясяты клас і адзін мог вырашыць усё. Першыя палезлі Ваўкі, мы таксама як адзін кінуліся ў бойку. Ну і давай тузацца ды лупіцца. І вось, калі мы ўжо сталі здаваць, то Паўлік крыкнуў: “Цімох, умешвайся!” А той ані з месца. Толькі пасля мы здагадаліся, што ён баяўся старэйшых ваўкоўскіх хлопцаў, што яны яму гэтага ўмяшання не даруюць. Усё скончылася неяк хутка, як і пачалося, падышоў аўтобус, і мы такія гарачыя паехалі дамоў непераможаныя. Усё прайшло ўдала, не было ні ў каго нават крыві. Толькі пасля выхваляліся, хто пад чыю руку патрапіў і як удала адбіваліся.

Пасля пятага класа мяне хацелі адправіць летам у “Артэк”. Прыязджаў дамоў гаварыць з бацькамі дырэктар Бортнік. Але я, нідзе не быўшы да гэтага часу, не прамяняў сваю летнюю вольніцу ні на які “Артэк”.

Выпускныя з “сустрэчай усходу сонца” ў наш час ніхто не забараняў. А можа і дарэмна, бо кожны раз было чуваць, што нейдзе адбываліся трагедыі з выпускнікамі. То патонуць недзе, купаючыся п’яныя, то разаб’юца на матацыклах, то яшчэ што. Як звычайна, і ў нас выпускны быў ужо пасля ўручэння атэстатаў. Адзначалі яго ў Норыцы ў доме Сініцы Галі. Паднялі з Хрыстова і прывезлі нашага класнага Сцяпана. І вядома ж, з гарэлкай, з танцамі ў начным парку. Дзякаваць Богу, у нас прайшло без трагедый.
А вось выпускны пасля васьмі класаў, дзе вучыўся мой брат Коля Шавура, адзначылі больш запамінальна. На Колаўскім возеры яны так панапіваліся, што пасля Рослаў (Малец Расціслаў Вільгельмавіч) на сваёй машыне развозіў іх па дамах.

Язэп Квач


 

One Comment

  1. Іван

    Квачоўскія хлопцы заўсёды ліхія былі. Мо таму і гінула іх шмат. У суседніх Белявічах, бадай не меншых па насельніцтву, за 17 гадоў майго там жыцця дзве заўчасныя смерці памятаю. А ў Квачах хіба ці не штогод трагедыі здараліся