Што Бог паслаў. Успаміны Язэпа Квача

Няхітрыя свае харчовыя запасы вяскоўцы папаўнялі прыроднымі дарамі, тымі, што паслаў Бог, якія самі аднаўляліся ў прыродзе, і чалавеку пра іх не трэба было клапаціцца. Я ўжо згадаваў пра паходы за шчаўем. Але куды больш прыемным было збіранне ягад, бо, збіраючы іх, можна было добра паласавацца. Найперш паспявалі паземкі. Я са сваім старэйшым братам Пецькам хадзіў па іх у бярэзнік, што рос каля Мікалаіхі, а таксама па канавах каля дарогі, што ішла да Яніны Ігнашкавай. Збіралі мы не больш за стограмовік кожны. Але якое гэта было задавальненне, як смачна яны пахлі! Мы прыносілі іх дадому, таўклі з цукрам, дабаўлялі ў іх малака і макалі туды мучныя бліны. Эх, смаката! Нават зараз у мяне “пацяклі слінькі”. Потым выспявалі чарніцы. Паблізу іх не было. Старэйшыя ездзілі за імі аж у Каліты. А я зноў жа са сваім Пецькам у Пятровічы, дзе жыла наша цётка Гунэфа. Яна завядзе нас, пакажа дзе, мы і збіраем: то ў Ксенінай амшары, то на замку, а то аж пад Даравое. Тут мы ўжо ягад паціналі (паелі) ўдосталь, але ж і камары нас паціналі не менш! Звычайна мы набіралі па трохлітроваму бітончыку і вярталіся назад. Цётка нас хваліла, варыла нам “філюмені” (пельмені), таўкла з цукрам чарніцы. Наеўшыся такога “цымусу” (смакаты), астатак дня мы забаўляліся, лавілі на лужыне галавачоў. За чарніцамі паспявалі маліны. Іх было многа і ў нашай Слісаршчыне, асабліва, калі там раскарчавалі кусты, згарнулі іх у валы. І вось па гэтых валах вельмі добра раслі маліны. Туды ўжо вадзіў нас мой старэйшы брат Толік.

Ішлі мы на Мікалаіху каля Мугарэты, па кладцы праз роў каля Ермака, а тут ўжо хутка і ягады. Запомніліся маліны таму, што часам мы пападалі пад дождж і добра прамакалі. Часам заходзіліся на хутар да Ермака (Зэнька і Анэта Ермаковічы). У іх быў добры касматы сабака, і тут я першы раз у жыцці пабачыў індыка. Для мяне, малога, ён здаваўся агромністым. Ён сіпеў, надзімаўся, кідаўся на чырвонае. Тут быў калодзеж з жураўлём і драўляным зрубам. Мы пілі ваду, адпачывалі, Ермачыха частавала нас яблыкамі, і мы, радасныя, з ягадамі вярталіся дамоў.

У Слісаршчыну мы таксама хадзілі і ў арэхі. Як вядома, ураджай на іх здараўся не кожны год, але калі была ўрода, то арэхаў мы набіралі ўдосталь. На іх, я памятаю, і сапсаваў свае першыя зубы.
Першыя грыбы я стаў збіраць таксама ў сваім бярэзніку, што пад Альховікі, а таксама па равах ля Яніны Ігнашкавай. Тут я смела хадзіў, не баючыся заблудзіцца, і, магу сказаць, што ўсе грыбы былі мае. Праўда, раслі тут толькі сыраежкі, сушонікі (падбярозавікі) ды падасінавікі. Баравікі ды лісічкі тут не раслі. За імі мы ездзілі ў Горкі. Памятаю, першы час мы з братам на аўтобусе ездзілі туды за маслякамі ў пасаджаны сасоннік. Мы яго звалі Хрыстоўскі. Лісічкі мы збіралі ў Горках па пагурках. На баравікі быў найбольш багаты Войтаў лес. Памятаю, быў адзін вельмі мокры год. Ельнік там быў не стары, і баравікі ў той год цягалі адтуль кашамі, хоць і народу ж тады было шмат. Яшчэ па баравікі хадзілі аж у Леснічоўку, або ў Хмялінец. За першымі апенькамі, памятаю, вазіў мяне Толік на мапедзе ў лес пад Рашкова. Нарэзалі мы тады на месцы цэлы мех. Потым апенак вельмі многа расло па тых жа раскарчаваных валах, дзе і малін. Адзін раз мы знайшлі шмат апенак, іх было, як казала мая цётка Гунэфа, “роць Божа” – гэта значыць так многа, што раслі яны “мостам”(адзін ля аднаго). Набралі колькі хацелі. Але ж шкада, каб прападала дабро. Паказалі Юзіні Адасёвай і Ядзечцы Юзюковай. Тыя прыехалі на гнядым Марынчыным кані ў панарадзе і набралі цэлы воз, за што былі нам вельмі ўдзячны.

Мушу расказаць пра “ўлёты” (абтрасанне чужых садоў), бо і сам гэтым грашыў. Наша з Мішкам вотчына – сад Ігнашкавай Яніны. Жыла яна на хутары. Мы ведалі, калі яна была на рабоце, што ў яе ёсць дзве бялянкі, і яшчэ я запомніў даўнейшы гатунак, які у нас называлі мундэры. Працавалі мы без “памарак”, і ніколі яна нас не паганяла. Праўда, адзін раз нас адчысціла яе пляменніца Светка Сарокава, якая пасля стала маёй братавай. Спакуслівыя былі ранэткі ў Аблама, але раслі яны пад самым ганкам, да таго ж мы ў іх двары пастаянна гулялі, і рука ў нас на іх не падымалася. А часам маглі вечарам паласавацца траскаўкамі ў Паўліны Адамовіч ці зусім ў другой вёсцы, едучы на веласіпедах з Лапішак з Купала. Улятаў я, уляталі і да нас. Каля самага асфальта ў нас расла добрая груша, і мы сталі заўважаць, што пладоў менее. А тады вечарамі моладзь збіралася на вячоркі ў нас на астаноўцы, і гэта была справа іх рук. Бацька ўзяўся пілнаваць (сцерагчы). І вось ішла купка моладзі, а самы круты з хлопцаў быў з прыёмнікам “Акіян”. Усе падаліся ў грушы, і ён таксама, пакінуўшы свой транзістар. Бацька іх як папёр, то разбегліся хто куды. Транзістар жа ў той вечар весяліў нас да паўначы, а назаўтра прыйшла бабка яго ўладальніка, каб забраць дарагую на той час рэч. Канечне ж, унук яе быў не вінаваты.

Асабліва хочацца расказаць пра рыбу. Безумоўна, калі мы былі яшчэ малыя, то яе было больш ды і здавалася яна нам тады большаю. Помніцца, калі я сам быў яшчэ малы для лоўлі рыбы, то чакаў, што прынясуць бацька з Федзем ці яшчэ з кім, ловячы недзе броднем. Звычайна прыязджалі з рыбалкі да нас і дзялілі рыбу. І тут у нас была перава га, бо бацька меў свой бродзень. Рыбу высыпалі з торбы на траву, дзялілі на кучы па колькасці рыбакоў. Нехта адварочваўся і прызначаў, каму тая ці іншая куча рыбы. Часам мужчыны добрую рыбалку адзначалі бутэлечкай вінца. Бо, як казаў адзін стары: “Гэта ж очынь палезна выпіць вінца на свежым воздуху!” Броднем рыбу лавілі на нашай Маргве, ездзілі на Турчынскую раку на балоце, на Ермаковым раве, на Стафанішынай сажалцы. Мой такі першы вопыт быў, калі бацька з Пецькам лавілі броднем і ўзялі з сабой мяне насіць рыбу. О, які я тады быў гарачы! Помню, у Альховіцкай купальні ў бродзень папалі дзве добрыя плоткі і я з гарачкі, каб тыя не выскачылі, у чым быў, ускочыў па шыю ў ваду. Помню, рыбу насіў я ў разносцы. Так называлася сумка з керзавага матэрыялу. Ловячы броднем, мы застаўлялі наперадзе трыгубіцу (сетку з рэддзю). У яе часцей за ўсё траплялі плоткі, бо яны ўцякалі наперад. А ў бродзень траплялі шчупакі, акуні, часам “вягілы” (ментузы). У той раз мы добра налавілі, а маё хрышчэнне вадой я памятаю і цяпер, а тады аж дух захапіла. Калі я яшчэ быў слабаваты для бродня, то мы хадзілі на рыбу сумесна з Абламчыкамі (Янакам, які быў на год старэйшы за нашага Пецьку, і Стасікам, на годам маладзейшым). Звычайна хадзілі ў нядзелю і заўсёды пасля абеду, калі ў касцеле закончыцца імша, бо раней бабка нас не пускала. Трэба было абавязкова ў абед змовіць з ёй Ружанец, а мама тым часам ездзіла ў Глыбокае ў касцёл. На той час, па нашых мерках, мы налоўлівалі даволі прыстойна рыбы. Але, калі паглядзець на нашы ўловы цяпер, то большая за паўкілаграма рыба траплялася рэдка. Адзін толькі раз тыя ж Абламчыкі з хлопцамі Калюся Маскалёнка (Славакам і Зютакам) злавілі язя на тры кілаграмы. Тады было размоў! А я і цяпер добра памятаю, пад якім кустом хаваўся той язь. Своеасаблівай была рыбалка на Стафанішынай сажалцы. Тут было шмат бузы (гразі), і лавіліся там выключна карасі. Сажалка была даволі вялікая, напэўна, сотак з пяць, густа заросшая аерам. Толькі пасярэдзіне было невялічкае як бы рэчышча. Калі сажалка падсыхала, у тое рэчышча і збіраліся карасі. Адзін раз мы былі ткнуліся ў вялікую ваду. Вядома ж, нічога не злавілі.

Лавілі рукамі вягілаў у норах. Ідзеш ля берага і шукаеш у глеі норы. Абмацваеш іх і, калі там нешта ёсць, памаленьку заціскаеш, выкідваеш на бераг слізкую рыбіну. Дзе глыбока, то так не дастанеш, і прыходзілася даставаць здабычу, ныраючы пад ваду, і часам не адзін раз. Вадзіліся вягілы і ў пераплёце на грэблі (так мы называлі роў, што ішоў ад Ралаўскага возера і ўпадаў з правага боку ў нашу рэчку за метраў 150 пасля моста). Цяпер яе ўжо зусім няма. Ды і рэчка наша любімая здзічэла. А ў свой час яна была даволі паўнаводная, абкошаная і без карчоў.

Першае маё знаёмства з вудачкай было незвычайным, можна сказаць, як у казцы. Рашылі мы з братам самі змайстраваць вудачку з падручных матэрыялаў. Ён быў старэйшы на чатыры гады і нешта цяміў. Замест жылкі раздабылі капронавых нітак, на паплавок знайшлі добрае пяро. Цяжэй аказалася з кручком. Пакуль мы спрабавалі змайстраваць яго з нейкага дроту, прыехаў з работы наш тата і прывёз нам куплёную вудачку. Як ён адгадаў наша жаданне – не ведаем, але шчаслівыя мы былі непамерна. Назаўтра ж пайшлі з Пецькам лавіць пад мост. Мы лавілі на шыціка. Закідвалі па чарзе то я, то ён. І клявала, але мы, мусіць, не ведалі, як трэба было падсякаць, таму нічога не маглі злавіць. Толькі мне адзін раз пашанцавала. Калі паплавок даў у дно, я так смыкануў, што здабыча, выскачыўшы з вады і сарваўшыся ў паветры, затрапята лася далёка на беразе. Гэта была мацёрая ўклейка і ўвесь наш першы ўлоў. Але я быў задаволены, як ніколі потым, бо гэта было маё першае рыбацкае шчасце. Потым, калі для нас гэта ўжо было забавай, то на вудачку на рацэ мы часцей за ўсё лавілі фарэль (курмялёў), часам плотак ды шаракоў. А карасёў лавілі на Іванавым катлаване, у сажалках пад Беляўцы ды на Ралаўскім возеры. Яно было вельмі зарослым , і падысці да яго было даволі небяспечна, бо кругом была дрыгва, якая, як студзень, калацілася пад нашымі нагамі.

Бывалі мы на рыбалцы і на Карабоўскім возеры. І часцей за ўсё лавілі тут на вуду на жыўца. Пачыналі рана, як толькі раставаў лёд. Замест жыўца чаплялі часцей за ўсё верхаводку. На іх браліся часцей за ўсё акуні, а часам і шчупакі. Спінінгаў тады ў нас амаль не было, толькі ў Бародзіча. І ён часта на сваім мапедзе вазіў з азёраў добрых шчупакоў.

А яшчэ нашай дзіцячай забавай была рыбалка з відэльцамі. Так, са звычайнымі відэльцамі, якімі елі. Часцей за ўсё мы гэтым займаліся пад мостом, бо там было многа камянёў. Бродаеш (ходзіш) па вадзе з закасанымі штанамі і падымаеш камяні, каб не нарабляць муці. Убачыўшы шарака, а часам і вягіла, ціхенька падводзіш відэлец і рэзка колеш. Ва ўсім патрэбна практыка!

Вельмі чакалі вясны, каб хутчэй прайшло разводдзе і пайшла на нераст рыба. Тут мы ўжывалі на яе восці, часам і добрыя, бацькоўскія, а часам і простыя, самапальныя з цвікоў. Помню, мяне так цягнула на рыбалку, што я кожны дзень пасля школы стараўся абляцець рэчку, канаву з Карабоўскага возера і на балоце месца, дзе быў шлюз. Удалай лічылася ўжо тая рыбалка, калі давялося хаця б пабачыць шчупака, не тое што злавіць. Праўда, некаторым і шанцавала. Помню, адзін раз Паўлік Гжэсеў і Стасік Абламаў неслі вялікага, на пяць кілаграмаў, шчупака. Злавіў яго Стасік, а нёс і выхваляўся перад намі і Янэчкам Паўлік. А Янэчык не паддаваўся і казаў, што каб быў маладзейшы, то прынёс бы не меншага, бо ведае, дзе яны яго злавілі. І, я думаю, ён ведаў тое месца. Вось такая была рыбалка. А колькі яна прыносіла нам радасці! Больш чым наедку, бясспрэчна.

Яшчэ са сваім стрыечным братам Мішкам Чэсікавым спрабавалі лавіць зайца. І аднагао разу нам пашанцавала. Мы наставілі петляў з дроту ад электрапастуха ў садзе Янінкі Ігнашкавай і на зімовых канікулах кожную раніцу хадзілі правяраць. А было нам тады гадоў па 12-13 . І вось аднаго разу папаў у пятлю заяц. Мы аж задрыжэлі, хаця б не ўпусціць. Укруцілі яго ў паліто і прынеслі да Мішкі дамоў. Тут рашылі яго гадаваць, а мне ўсё ж хацелася яго асвежаваць ды пакаштаваць. І так я ўсё казаў пра яго Мішку аж да вясны, а потым зайца не стала. Мішка казаў, што той збег, а я яму не верыў, і мы з ім добра пабіліся.

А яшчэ мы дралі лазу. Хадзілі ў бліжэйшыя кусты на нашу старыцу або недзе бліжэй. Для нас гэта было таксама цікава. Мы бралі з сабой туды ножыкі і на прыродзе не толькі займаліся справай, але і забаўляліся. У канцы складалі кару ў пукі і неслі дамоў. Там яе сушылі, а потым здавалі. Не памятаю, колькі яна тады каштавала, але адзін раз мама, завёзшы яе на кані ў Глыбокае, прывезла назад драўляную бочку ды яшчэ нешта.

Язэп Квач