Старадаўнія пісьменьнікі, якія пахаваныя ў мястэчку Глыбокім

Надышоў час прыгадаць таксама і старадаўніх пісьменьнікаў, якія жылі, працавалі, пісалі свае творы і былі пахаваныя ў мястэчку Глыбокім. Гэтыя пісьменьнікі жылі ў ХVІІ і ў ХVІІІ ст.ст. Кім жа былі гэтыя старадаўнія пісьменьнікі, пра якіх сёньня ніхто не памятае і амаль ніхто нічога ня ведае. Гэтымі таямнічымі пісьменьнікамі былі манахі Кармэліты босыя. Менавіта яны былі першымі асьветнікамі Глыбоччыны, менавіта яны прывезьлі з сабой навуку і адукацыю ў мястэчка Глыбокае.

Што сабой уяўлялі літаратурныя творы таго часу? Як кожная эпоха літаратуры ста ралася адлюстраваць найважнейшае ў жыцьці чалавека дадзенага перыяду, так і ў ХVІІ-ХVІІІ ст.ст. найважнейшай часткай жыцьця чалавека, шляхціца была вера, а дакладней – сьмерць, якая таварышыла паўсюдна: войны, эпідэміі, халера, разбоі і піятыкі і гд. Літаратура бароку была напоўненая глыбокай пабожнасьцю і моцнай верай, містыцызмам, экзістэнцыяльнай трывогай і гд. Вяртаючыся да матыву сьмерці, трэба заўважыць, што да яе прыйсьця кожны жадаў падрыхтавацца, каб патрапіць у неба. Такому стылю жыцьця спрыяла і адпаведная літаратура, якая ў большасьці была рэлігійнай літаратурай, а перад усім, пахавальнымі казаньнямі, якія былі вельмі папулярнымі і доўгімі, а часамі нават уяўлялі сабой тэалагічнафілазафічныя трактаты ці разважаньні на тэмы жыцьця і сьмерці. Акрамя таго былі вельмі папулярнымі розныя рэлігіныя практыкаваньні для душы, якія перакладаліся з іншых моў, а ў першую чаргу з лацінскай і італьянскай.

У вышэй апісаныя рамкі вельмі добра ўпісваліся пісьменьнікі, пахаваныя ў Глыбокім – манахі Кармэліты, якія мелі літаратурны талент і выдалі свае творы ў форме кніг, адны з першых кніг, кладучы такім чынам салідны фундамэнт пад будаваньне мясцовай літаратуры.

Першым пісьменьнікам у гісторыі мястэчка быў айцец Язафат Тышкевіч, які надрукаваў першую кнігу, што тычылася Глыбокага. Гэта было “Пахавальнае казаньне…” з 1645 г., якое прамовіў айцец Язафат у мястэчку падчас пахаваньня полацкага земскага судзьдзі Аляксандра Тышкевіча. Аднак, айцец Язафат Тышкевіч, будучы першым глыбоцкім пісьменьнікам, на жаль, быў пераведзены ў Варшаву, дзе быў спаведніком і духаўніком караля Уладыслава ІV Вазы, а пасьля і караля Яна ІІ Казіміра Вазы.

Акрамя айца Язафата Тышкевіча варта ўзгадаць таксама і іншых выдатных пісьменьнікаў-манахаў, пахаваных у мястэчку Глыбокім.

Цырыль Гарцэвіч (?-1710)

Адным з першых пісьменьнікаў, пахаваных у Глыбокім, быў айцец Цырыль ад Маці Божай з Гары Кармэль. Сьвецкае імя яго – Ян Гарцэвіч, родам з ваколіц Брацлава на Падоллі. Уступіў у Кракаўскі кляштар 5 жніўня 1664 г.. У 1682 г. быў абраны першым прыёрам у Гародні. Пасьля быў прыёрам у Чэрнай, Кракаве і Вільні. Памёр айцец Цырыль у 1710 г. у Глыбокім, дзе і быў пахаваны ў падзямельлях кляштара.

У 1695 г. айцец Цырыль Гарцэвіч напісаў:

„Exhortację na regułę naszą” – па беларуску „Адхартацыя на наш статут”. Гэтая адхартацыя ўяўляла сабой маральныя павучэньні для манахінь Кармэлітанак босых на тэму іх манаскага статута.

 

Валяр’ян Яцына (1675 -1757)

Айцец Валяр’ян ад сьв. Бракарда быў яшчэ адным пісьменьнікам, які памёр у Глыбокім. Сьвецкае імя – Аляксандар Яцына, сын Канстантына і Катажыны Шымкевіч, нарадзіўся ў 1675 г. у Плоцкім ваяводзтве. Вечныя шлюбы склаў у Вільні 9 кастрычніка 1704 г. У 1727- 30 гг. працаваў у Глыбоцкім кляштары. Пасьля быў прыёрам у Гародні, Бердычове і гд. Памёр у 1757 г. у Глыбокім і быў пахаваны ў падзямельлях кляштара Кармэлітаў. У 1752 г. айцец Валер’ян Яцына выдаў друкам аж 4 свае кнігі:

„Ćwiczenia duchowe”. — «Духоўныя практыкаваньні»;

„Postępek duchowy”. – «Духоўны прагрэс»;

„Tarcza z imion Jezusa, Marii, Józefa złożona”. «Шчыт складзены з імёнаў Езуса, Марыі, Язэпа»;

„Przewodnik ucznia katolickiego do Przenajśw. Komunii pierwszy raz przystępującego”.«Праваднік каталіцкага вучня, які першы раз прыступае да Найсьвяцейшай Камуніі».

Кнігі айца Валяр’яна былі духоўнымі трактатамі аб унутранай працы над сваёй душой. Аднак апошняя кніга была перакладам з італьянскай мовы. Гэта сьведчыць, што айцец Валяр’ян быў вельмі адукаванай асобай і добра валодаў італьянскай мовай. Такая выбітная постаць была пахаваная ў Глыбокім.

Уладыслаў Евасевіч (1709 -1788)

Варта прыгадаць асобу айца Уладыслава ад сьв. Дзіяніза (сьвецкае імя Ігнацы Евасевіч). Нарадзіўся ён у 1709 г. у Жамойціі ў мясцовасьці Палюбіны. У Глыбокім склаў вечныя шлюбы 14 лютага 1737 г. У 1758 г. быў абраны прыёрам у Глыбокім. Пачаў разбудову і аднаўленьне Глыбоцкага кляштара. У 1760 г. у Рыме быў абраны правінцыялам Літоўскай правінцыі Кармэлітаў. Адбудаваў Вострую Браму ў Вільні пасьля пажару 28 траўня 1760 г.. Пабудаваў капліцу Езуса Укрыжаванага пры касьцёле сьв. Тэрэзы ў Вільні, а таксама новую галерэю са сходамі да капліцы Вастрабрамскай. На ўсе гэтыя рамонты і будоўлі грошы ахвяравалі Глыбачане – 15 тысяч злотых даў глыбоцкі кляштар. Глыбоцкі кляштар фінансаваў таксама і фрэскі ў касьцёле сьв. Тэрэзы. У 1769 г. айцец Уладыслаў Евасевіч быў ізноў абраны прыёрам Глыбокага, а ў 1788 г. айцец Уладыслаў памёр у Глыбокім, дзе і быў пахаваны ў падзямельлях кляштара Кармэлітаў.

Акрамя сваіх вялікіх заслуг айцец Уладыслаў Евасевіч надрукаваў у 1762 г. кнігу пад назвай:

“Korona całego Roku, tyle drogiemi kleynotami ile Świętych Pańskich, przykładami ozdobiona. Jaśnie oświeconej Księżnie Imci Barbarze Wojewodzinie Nowogrodzkiey. Na znak wieczney wdzięczności za pańskie dobrodzieystwa jako hoyney Fundatorce i Dobrodziejce Zakonu swego, od xiędza Władysława od św. Dionizego Karmelitów Bosych Prowincyi Litewskiey Prowincjała,” – па-беларуску „Карона ўсяго года, прыкладамі аздоблена столькімі дарагімі кляйнотамі, колькі ёсьць Сьвятых. Ясна Асьвечанай Яемосьці Барбары, жонцы Ваяводы Навагрудзкага. На знак вечнай удзячнасьці шчодрай Фундатарцы за яе дабрадзействы свайму Ордэну, ад ксяндза Ўладыслава ад сьв. Дзіянізія, правінцыяла Літоўскай правінцыі Кармэлітаў босых.”

Гэтая кніга пабудаваная на аснове каляндара і распавядае пра ўсіх сьвятых, якіх сьвяты сьвяткуюцца на працягу года. Свайго роду рэлігійны каляндар. Варта памятаць, што аўтар гэтай кнігі пахаваны ў Глыбокім.

Рамуальд Мельчарковіч (1691-1772)

Айцец Рамуальд ад сьв. Шчэпана таксама быў адным са старадаўніх пісьменьнікаў, які памёр у Глыбокім. Яго сьвецкае імя Язэп Мельчарковіч, быў сынам Якуба і Гэлены. Нарадзіўся у Познані. Уступіў у кляштар у Кракаве 24 сьнежня 1712 г. У 1730 г. быў абраны прыёрам у Познані, пасьля быў прыёрам у Чэрнай, Варшаве, Вільні, Гародні. Разбудаваў кляштар Кармэлітаў у Познані. У 1772 айцец Рамуальд памёр у Глыбокім, дзе і быў пахаваны.

Айцец Рамуальд напісаў у 1742 г. кнігу:

“Waga y uwaga śmiertelnego życia na pogrzebowym kazaniu W. M. P. Katarzyny z Niepokoyczyckich D o m a s ł a w s k i e y Półkownikowej Artyl. W. X. Litt. Starościny Berestecznickiej w herbowym Pocieiu, albo wadze zwa żona a W. Panu Janowi Domasławskiemu w herbowym Nałęcza klejnocie, przez X. Romualda od św. Szczepana prze ora Karm. Bo sego, konwentu gro dzieńskiego”,– па-беларуску “Вага і ўвага сьмяротнага жыцьця на пахавальным казаньні Вяльможнай Пані Катажыны з Непакайчыцкіх Дамаслаўскай, жонкі палкоўніка артылерыі ВКЛ, жонкі старасты Берасьцечка з гэрбам Пацеям, альбо вагай зважана а Вяльможнаму Пану Яну Дамаслаўскаму з гэрбам кляйнотам Налэнча, праз ксяндза Рамуальда ад сьв. Шчэпана прыёра Кармэлітаў Босых гарадзенскага кляштара.”

Аўрэлій Бронец (1735-1773)

Яшчэ адным пісьменьнікам, пахаваным у Глыбокім, быў айцец Аўрэлій ад сьв. Казіміра. Сьвецкае імя – Людвік Аўгуст Бронец, быў сынам Ежага і Анны, нарадзіўся 28 жніўня 1735 г. у Ламнянах. Вечныя шлюбы склаў у Глыбокім 28 жніўня 1751 г.. Вучыўся у Познані, быў прафэсарам тэалогіі ў Гародні, таксама быў у Рыме. У 1772 г. быў абраны прыёрам Глыбокага. Памёр у 1773 г. у Глыбокім.

У 1769 г. айцец Аўрэлій Бронец надрукаваў сваю кнігу:

„Kazanie podczas uroczystej kanonizacji św. Józefa od Matki Bożej Kalasankcjusza. Szkół pobożnych Fundatora. Przez x. Aurelego Augustyna od św. Kazimierza, Karmelity Bosego na ten czas aktualnego św. Teologii profesora, miane w kościele Wiłkomirskim XX Scholarum Piarum roku 1769 dnia 4 lipca,” – па беларуску „Казаньне падчас урачыстай кананізацыі сьв. Язэпа ад Маткі Божай Каласанца, Фундатара пабожных школаў, выглашанае 4 ліпеня 1769 г. ў Вількамірскім касьцёле Айцоў Піяраў. Праз ксяндза Аўрэлія Аўгустына ад сьв. Казіміра, Кармэліта Босага, на той час прафэсара сьвятой тэалогіі.”

Гэтая кніга ўяўляе сабой тыповае ХVІІІ-вечнае казаньне, якое распавядае пра жыцьцё і дзейнасьць фундатара заснавальніка піяраў. Казаньне мае шмат лацінскіх цытатаў з Евангельля.

Падсумаваньне

Глыбоцкія пісьменьнікі ХVІІ-ХVІІІ ст. былі прадстаўнікамі рэлігійнага нурту літаратуры эпохі бароку ў Рэчы Паспалітай. Былі асобамі вельмі адукаванымі, валодалі апроч лацінскай мовы яшчэ некалькімі заходнімі – італьянскай, нямецкай, французкай. Акрамя таго шмат чыталі, ведалі амаль ўсе ім сучасныя літаратурныя творы. Мелі вялікае паважаньне сярод шляхты, магнатэрыі і духавенства. У іх творах бачныя агульна-заходняэўрапэйскія літаратурныя тэндэнцыі, а акрамя таго некаторыя спецыфічныя рысы сарматызму, што робіць іх творы ўнікальнымі на фоне эўрапэйскай літаратуры бароку.

Бяз сумневу, нам, Глыбачанам, ёсьць кім ганарыцца! Творы гэтых пісьменьнікаў павінныя быць абавязковымі падчас заняткаў літаратуры на Глыбоччыне, а ў гонар саміх пісьменьнікаў варта было б пабудаваць калі ня помнік, то прынамсі памятную шыльду аб тым, што косьці гэтых выбітных асобаў па сёньняшні дзень знаходзяцца ў Глыбокім у падзямеллях былога кляштара Кармэлітаў босых.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №16(628) 19 kрасавіkа 2012 года.