Старажытны сухапутны шлях Вільня – Полацк

Дарога – адна са старажытнейшых і важнейшых формаў камунікацыі – служыла для перамяшчэння людзей, транспартных сродкаў, тавараў, садзейнічала росту і станаўленню дзяржаў, развіццю гандлю, эканомікі, сацыяльнай будове грамадства. Уздоўж дарогі адбывалася рассяленне людзей, абжывалася прастора. Дарога не толькі эканамічны фенамен, але і фенамен культурны. Існавала і існуе асаблівае зачаравнне дарогай, радасць любавання пейзажамі, радасць адкрыцця новых аб’ектаў і гарызонтаў. Працэс руху, падарожжа, змена ўражанняў заўсёды стымулявалі творчыя здольнасці чалавека, дапамагалі ствараць творы мастацтва. Дарога працуе не толькі ў фізічнай, але і ў духоўнай прасторы. Шматвекавую гісторыю мае традыцыя ўстаноўкі прыдарожных капліц і крыжоў. Гэта ідзе ад паганскіх вераванняў аб неабходнасці абароны на дарозе. Каплічкі і крыжы былі месцамі, дзе падарожнік маліўся аб поспеху ў дарозе або дзякаваў Богу за падарожжа. Адначасова яны абазначалі раздарожжы і скрыжаванні і былі як бы меткамі. Ля дарог збіралася шмат жабракоў, калек, якія спявалі жалобныя песні, прасілі міласціну, хадзілі вандроўнікі, пілігрымы. З даўніх часоў садзілі ля дарогі дрэвы, якія выконвалі сігнальную ролю, указвалі накірунак дарогі, асабліва зімой.

Калі старажытны водны шлях Вільня – Полацк страціў сваё ранейшае значанне, галоўную ролю стала адыгрываць грунтовая дарога, якая з’явілася ў ХІ стагоддзі. Пралажыў яе ўладар зямлі нашых продкаў Вялікі князь Альгерд (каля 1296 – 24.05.1377), і яна ў народнай памяці называлася Альгердаў шлях. Яна была найкарацейшай паміж Вільняй і Полацкам. Называлі яе яшчэ Вітаўтавай дарогай, шляхам Баторыя, Віленскім шляхам, зараз – Полацкім трактам.

Дарога Вільня – Полацк з’яўлялася адной з галоўных у ВКЛ. З Вільні праз Полацк можна трапіць да Масквы і Кіева. На карце ХVІ стагоддзя яна пазначана ў намінацыі “Важнейшыя дарогі”. Стары ваенны і падарожны шлях праходзіў наступным чынам: Вільня – Міцкуны – Лаварышкі – Слабодка – Сыманэлі – Міхалішкі – Свір – Канстанцінава – Кабыльнік – Дунілавічы – Глыбокае – Дзісна – Полацк. У памяць аб выправе гэтым шляхам караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ў 1579 – 1582 гадах супраць Івана IV яго называлі Шлях Баторыя. Ім праходзілі польска-літоўскія (беларускія) войскі на Полацк і Вялікія Лукі, Пскоў і Вялікі Ноўгарад. Гэты тракт ужо ў XV стаоддзі быў галоўнай камунікацыйнай артэрыяй паміж Польшчай, Літвой і Масквой. Характар гэты захаваўся да XIX стагоддзя. Па гэтым гістарычным шляху праязджалі Міндоўг, Гедымін, Вітаўт, князі Свірскія і Гаштольды, У 1495 годзе па гасцінцы на свой шлюб з вялікім князем літоўскім Аляксандрам Ягелончыкам праязджала Алена, дачка вялікага Маскоўскага князя Івана III, ў 1519 годзе праходзілі атрады вялікага князя Маскоўскай дзяржавы Васіля ІІІ, у 1655 годзе – цара Аляксея Міхайлавіча Раманава. Па ёй дабіраўся з Полацка ў Вільню першадрукар Францішак Скарына, везлі ў Вільню арыштаванага ў Свіры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, праязджаў корпус афіцэра-дзекабрыста Пестэля. Калясілі па ёй войскі Карла ХІІ і Напалеона, Вільгельма і Гітлера. 4-6 ліпеня 1919 года гэтай дарогай рухаліся часткі 3-га коннага корпуса“Сімбірскай жалезнай дывізіі” пад камандаваннем Гая.

Для царскай Расіі дарога мела вялікае эканамічнае і ваеннае значэнне, таму правялі яе рэканструкцыю, пашырылі, з бакоў абсадзілі бярозамі, якія называліся “кацярынінскімі” і з’яўляліся адметнай рысай беларускага краявіду. У 30-я гады ХХ стагоддзя польскія ўлады разгарнулі мадэрнізацыю тракта, палатно вымасцілі брукам

За вайну абозы, гарматы, аўтамашыны, танкі валкавалі палатно гасцінца. Усё вытрымаў. Зараз ён заасфальтаваны, набыў міжнародны статус: з’яўляецца адной з міжнародных артэрый. Працягласць сучаснай шашы Р45 Вільнюс – Полацк 250 кіламетраў.

Ян Драўніцкі