Суконная фабрыка і цагельня

Каля самых могілак быў пабудаваны вялізарны драўляны сасновы будынак на два канцы з двума ганкамі, з саліднай падмуроўкай і склепам пад будынкам. Сам будынак быў падзелены напалам – у адным канцы была кляштарная суконная фабрыка, а ў другім жыў хірург, які працаваў у кляштары.

Хірург меў 6 пакояў з кухняй і склепам, ганкам і 2 сенямі. Суконная фабрыка мела 3 вялікія пакоі, 2 сяней і ганак. Усяго ў будынку было 6 шведскіх печаў і дзьве цагляныя, з 4 комінамі над дахам, 21 вакно і 14 дзьвярэй. У сенях і адным пакоі фабрыкі падлога цагляная, у астатніх – драўляная.

У фабрыцы былі 3 ткацкія станкі, 10 калаўротаў, адмысловы калаўрот для фарбаваньня сукна, рамы для нацягваньня сукна даўжынёй 23,5 м, а шырынёй 2,5 м, 101 англійская тактура, 102 рускія тактуры, 2 бібульныя тактуры, бязьмен на два пуды і шмат ішых інструмэнтаў, якія выкарыстоўваліся пры вырабе сукна.

Каля фабрыкі быў яшчэ адзін драўляны дом, які належаў кляштару, у якім ад 1795 г. жылі расейскія салдаты. Дом быў на два канцы, адзін быў для афіцэраў са шведскай печчу, а другі для салдат з такой самай печчу. Столь была драўляная, а падлога гліняная.

Непадалёк зходзілася цагельня з печчу на 12000 цаглін, а каля цагельні быў будынак, дзе цагліны рабілі і складавалі, дзе трымалі тачкі, рыдлёўкі, формы – усё, што служыла для цагельні, узведзена з дрэва і пакрыта саломай. Каля цагельні быў жылы дом для цагельшчыка з сенямі і цаглянай печчу, падлога была гліняная.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №5(617) 2 лютага 2012 года