Сярод палякаў у Вільнi. Прыезд у Вільню працэсіі з Чанстахова. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Сярод палякаў у Вільнi

Маючы вольны час у кандытарскай і ад нагляду за крамай, прысвячаў яго навуцы бухгалтарскага ўліку. Пасля заканчэння бухгалтарскага курсу па просьбе гаспадароў стварыў бухгалтарскія кнігі ў кандытарскай, якімі і займаўся. Я атрымліваў за гэтую працу яшчэ дадаткова 40 рублёў у месяц.

Будучы добра ўладкаваным, меў магчымасць набыць новае добрае адзенне. Наладзіў таварыскія адносіны з моладдзю, бо ўжо наведваў танцавальныя вечарыны, такія як у “Лютні польскай”, Таварыстве “Сокал”, Рамесным Таварыстве, Літоўскім Таварыстве “Бірутэ”. Гэтыя арганізацыі былі на высокім культурна-грамадскім узроўні і давалі магчымасць удасканальвацца і развівацца. Добра танцаваў мазурку. Гэта дазволіла мне быць жаданым сярод польскай моладзі на балях як Таварыства “Сокал”, так і ў “Лютні”.

Улетку з той моладдзю прымаў удзел у пікніках у лесе Закрэнт і Бельмонт. Там весяліліся пад гукі струннага аркестра і гукі польскіх песняў. Нашы пікнікі часта разганяліся паліцыяй з-за спеваў польскіх песень. Чыталі польскія кнігі Сянкевіча, Ажэшкі, Радзевіч, Жэромскага, Рэймонта, творы Міцкевіча, Славацкага і іншых, каб пашырыць свой патрыятызм і любоў да Радзімы. Разважалі над заняпадам Польшчы, яе падзеламі.

Аповяды дзядулі заўсёды былі ў маёй памяці. Царызм пасля падаўлення рэвалюцыі ў 1905 – 1907 гадах ізноў аднавіў рэпрэсіі ў адносінах да палякаў і каталіцкай рэлігіі. У Вільні камісар першага Камісарыяту на чале коннай паліцыі напаў на пілігрымаў, якія ішлі ў Кальварыю з крыжам і харугвамі, ламаў гэтыя крыжы і харугвы, удзельнікаў білі бязлітасна нагайкамі. Хто абараняўся, таго арыштоўвалі.

За спевы “Бог – гэта Польшча…” саджалі да 3 месяцаў у турму. У большасці гэтаму пакаранню, як правіла, падвяргалася студэнцкая моладзь.

Для таго, каб зрабіць магчымым працэсію да Кальварыі, да Божага Цела, трэба было прасіць дазволу губернатара, які неахвотна выдавалі ці выдавалі з пазнейшымі датамі.

У 1909 годзе ксёндз Ясінскі, пробашч парафіі святога Якуба, арганізаваў у лесе для дзяцей маёўку, за якую губернатар пакараў яго адміністрацыйным пакараннем у трыста рублёў за правядзенне маёўкі без дазволу. Калі ксёндз Ясінскі добраахвотна не выплаціў штраф, то апісалі яго мэблю і спрабавалі прадаць на аўкцыёне для пакрыцця гэтых трохсот рублёў у якасці штрафаў. Аўкцыён пачаўся з кухоннага століка, ацэненага ў 2 рублі. Жанчыны, якія ўдзельнічалі ў гэтым аўкцыёне, пастаянна павышалі кошты ад 20 да 50 рублёў, аж да дасягнення трохсот рублёў. Пасля дасягнення гэтай сумы аўкцыён быў спынены пад акампанемент вясёлага смеху сабранай шматлікай публікі. Яўрэі, якія прыйшлі, каб за бясцэнак купіць апісаныя рэчы, глуміліся над палякамі, якія плацяць за некаштоўны столік трыста рублёў. Набыўшыя столік тры жанчыны прынеслі і паклалі на прададзены стол мяшок медных манет, які змяшчаў трыста рублёў, каб заплаціць за набыты на аўкцыёне столік. Праводзіўшы аўкцыён паліцэйскі камісар першапачаткова адмовіўся прыняць грошы. Торбу зложаных медзякоў ён лічыў за абразу ўлады, але на заўвагу сабранай грамадскасці, што не прыняцце дзяржаўных манет з выявай цароў будзе яшчэ большай абразай цароў і царскіх урадаў, камісар прыняў мяшок з грашыма.

Медзякі лічылі да позняй ночы. Людзей, якія сабраліся, паліцыя разагнала, але яны ізноў сабраліся. Ксяндза Ясінскага пазней прыцягнулі да судовай адказнасці за абразу адміністрацыйнай улады падчас аўкцыёна. Суд апраўдаў яго, бо на судзе было даказана, што ксёндз Ясінскі не прысутнічаў на аўкцыёне і не меў уплыву на яго вынікі. Варта адзначыць, што перад пачаткам аўцыёну на працягу некалькіх дзён у розных гандлёвых прадпрыемствах мянялі большыя банкноты на медзякі, каб сабраць неабходныя 300 рублёў.

У хуткім часе пасля продажу столікаў выходзячым у Вільні гумарыстычным штотыднёвіку “Бурбалка” пад рэдакцыяй Kаспшыцкага змясцілі на першай старонцы вялікі малюнак, прадстаўляючы камісара, які абдымаў мяшок з надпісам 300 рублёў, у ніжняй частцы з другім надпісам: “ Ксёндз Ясинский имел маёвку в лесу, а я буду иметь ресторан”. Гэты малюнак выклікаў сярод жыхароў-палякаў вялізны гумар і смех да ўпаду.

Прыезд у Вільню працэсіі з Чанстахова

Жыхары Вільні, палякі, нягледзячы на пераследы польскасці з боку царскіх галаварэзаў, гэту польскасць дэманстравалі пры кожным зручным выпадку да вялікага гневу і раз’юшанасці паслугачоў.

У 1908 годзе прыбыла з Чанстахова ў Вільню і Кальварыю працэсія. Харугвы ў той працэсіі неслі дзяўчаты, апранутыя ў польскія кунтушы і канфедэраткі, і мужчыны, апранутыя ў сокалаў. Уражваючая працэсія і польскія нацыянальныя строі выклікалі выбух вялікай радасці ў жыхароў Вільні. На спатканне і суправаджэнне той працэсіі выйшла каля 40 тысяч насельніцтва горада Вільні. Пешаходны і колавы рух на вуліцах горада, дзе праходзіла працэсія, быў цалкам прыпынены. Дамы былі ўпрыгожаны гірляндамі, кветкамі і дыванамі. Кветкі масава кідалі пад ногі. Насельніцтва ад радасці смяялася і плакала.

Прыбыўшая працэсія несла з сабой сімвал адраджаючайся Польшчы. Воклічам і віватам “Няхай жыве Чанстахова!” і “Няхай жыве Польшча!” не было канца. Даволі шматлікая сабраная пешая і конная паліцыя была бездапаможная супраць такой велізарнай колькасці насельніцтва.

Віленскія ксяндзы, вітаючы працэсію, прамовілі ў Вострай Браме і ў Катэдры выдатныя патрыятычныя прамовы, асабліва ксёндз пробашч Ясінскі з парафіі Святога Якуба. Віталі дарагіх суайчыннікаў з Чанстаховы, месца Маці Боскай, якое славіцца сваімі цудамі, і таксама прыбыўшых да месца, якое славіцца сваімі цудамі Маці Боскай Вастрабрамскай. Абодва месцы былі апорай польскай ідэнтычнасці і абяцаннем уваскрашэння з рабства нашай краіны.

На другі дзень працэсія з Чанстахова выйшла з Вільні да Кальварыі пры велізарным энтузіязме вітання на дарозе насельніцтвам Вільні і суправаджаючых яе на Кальварыю. На спатканне працэсіі, якая вярталася з Кальварыі, выйшла некалькі працэсій з віленскіх касцёлаў. Пасля злучэння працэсіі вярталіся пад гукі чанстахоўскага і віленскага аркестраў і велізарнай маніфестацыі жыхароў Вільні.

Пасля трох дзён знаходжання ў Вільні працэсіі, калі ад’язджалі са станцыі цягніком, усе вуліцы, якімі прайшла працэсія, былі запоўненыя людзьмі, якія ўзвышана і незмаўкальна крычалі: “Няхай жыве Чанстахова!”, “Няхай жыве Польшча!”.

Насельніцтва, якое стаяла на схілах пры вуліцы Гандлёвай, што межавала з чыгуначным вакзалам, крычала “Далоў Цара і Расію!”, “Няхай жыве Польшча!”. Царскія паслугачы са злосці і бездапаможнасці кідаліся ў розныя бакі і нарэшце супакоіліся і адступілі.

Пасля таго, як рушыў цягнік з працэсіяй, арыштавалі некалькіх ксяндзоў з Чанстаховы па падазрэнні, што яны спрычыніліся і справакавалі зламысную маніфестацыю супраць цара і рускіх жыхароў Вільні. З-за адсутнасці доказаў віны тых ксяндзоў яны былі вызваленыя.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля