Сымболіка глыбоцкіх базыліскаў

Адным з найстарэйшых твораў мастацтва Глыбоччыны зьяўляюцца дзьверы Глыбоцкага касьцёла Кармэлітаў босых (сёньня царква). Самі дзьверы зробленыя дзесьці ў XVII ст. Былі выкананыя з дрэва, гэтыя дзьверы адчыняюцца напалам унутар сьвятыні. Яны падзеленыя на 4 квадраты, кожны з якіх прадстаўляе пэўную расьлінна-жывёльную сцэну. У ніжняй частцы мы пабачым расьлінныя матывы ў кожных двух квадратах, якія так па праўдзе з’яўляюцца люстраным адбіцьцём адзін аднаго. Аднак у верхніх двух квадратах мы пабачым двух базыліскаў (васіліскаў).

Разважаючы пра сымболіку базыліскаў, я ня буду рабіць дасьледваньня ці існавалі гэтыя стварэньні ці не, бо для нас гэта не істотна. Выява гэтых стварэньняў знаходзіцца на дзьвярах колішняга касьцёла, таму для хрысьціянскай сымболікі гэтыя стварэньні існавалі. І для нас ужо дастаткова толькі гэтага, каб распавесьці пра іх сымболіку. (Варта дадаць, што пра базыліскаў пісала сьв. Гільдэгарда з Бінгэн, таксама на абразах сьв. Юрый быў прадстаўлены з базыліскам).

Як вядома ў сярэднявечнай хрысьціянскай сымболіцы, базыліск (па грэцку – малы кароль) быў сымбалем “малога караля” – д’ябла, які знаходзіўся ў апазіцыіі да “Вялікага Караля” – Караля ўсіх каралёў Езуса Хрыста, як аб тым гаворыцца ў Бібліі. Такім чынам, мы маем ўжо пэўную дынаміку спрадвечнай барацьбы: д’ябал – Бог, а выкарыстоўваючы сымбалі, базыліск – Езус. У гэтым выпадку паўстае пытаньне, чаму гэты базыліск, які зьяўляецца сымбалем д’ябла прадстаўлены на дзьвярах сьвятыні?

«Вобраз базыліскаў мог казаць вернікам, якія праходзілі праз гэтыя дзьверы, што яны пакідаюць валадарства д’ябла дый уваходзяць у валадарства Бога на зямлі, у сьвятыню, куды д’ябал не мае доступу». Фота Ул. Скрабатуна.

Каб адказаць на гэтае пытаньне варта зьвярнуцца не толькі да гісторыі мастацва, бо, як вядома, у сярэднявеччы існавала шмат прыкладаў, калі для аздабленьня храмаў былі браныя розныя міфічныя стварэньні тых народаў, нядаўна ахрышчаных, на тэрыторыі якіх будаваліся гэтыя сьвятыні. Аднак глыбоцкія дзьверы тут не вельмі падыходзяць, бо хрысьціянства ўжо існавала ад даўна, а акрамя таго трэба адразу зазначыць, што гэтыя дзьверы не былі зробленыя ў Глыбокім, хутчэй за ўсё ў Варшаве, адкуль менавіта і мог зьявіцца матыў базыліска – паводле тамтэйшага вядомага паданьня пра базыліска. Аднак усё гэта – другаплянавыя разважаньні.

Мне здаецца, што перадусім трэба зьвярнуцца да сымболікі дзьвярэй, месца, дзе знаходзяцца выявы базыліскаў. Дзьверы сьвятыні ў тых часах былі сымбалем вельмі патрэбным і канкрэтным, усталёўвалі выразную мяжу паміж сфэрамі прафанум і сакрум, якія былі фундамэнтам мэнтальнасьці сярэднявечнага чалавека. А ў дадатак, дзьверы былі мейсцам уваходу з адной сфэры ў другую. Варта прыгадаць старадаўні хрысьціянскі падзел на сфэры прафанум – мейсца панаваньня д’ябла і сакрум – мейсца прызначанага і прысьвечанага Богу. Такім чынам, да саркум належалі ўсе храмы, могілкі – тэрыторыя, якія мелі выразныя межы, але таксама і рэчы – усё гэта павінна было быць прысьвечанае Богу канкрэтным рытуалам, адпаведнымі малітвамі, сьвятой вадой, сьвятой сольлю, кадзідлам, сьв. алеям і г.д. Рэшта сьвету, усё непасьвечанае, “непахрышчанае” належала да “малога караля” – д’ябла (адсюль таксама і словы “нехрысьць”, “нечысьць” – усё злое, падуладнае д’яблу). Вобраз базыліскаў на дзьвярах сьвятыні такім чынам мог казаць вернікам, якія праходзілі праз гэтыя дзьверы, што яны пакідаюць валадарства д’ябла дый уваходзяць ў валадарства Бога на зямлі, у сьвятыню, куды д’ябал не мае доступу.

Аднак вышэй сказанае можа падацца і недастатковым. Варта больш уважліва паглядзець на глыбоцкія базыліскі, якія не зусім былі падобныя да “сапраўдных” базыліскаў. У чым жа розьніца? Розьніца была ў тым, што базыліскі паводле ўсіх легендаў былі сьмерцяноснымі стварэньнямі, бо забівалі кожнага праз свой позірк, а таксама праз сваё дыханьне, якое было полымям. Гледзячы на глыбоцкіх базыліскаў, мы бачым, што яны не відушчыя, што яны сьляпыя, а зь іх вочаў растуць расьліны, тое самае адбываецца і зь іх языком, які ўжо не поўны полымя, а поўны расьлін. Напэўна гэта барочная стылізацыя базыліска. Аднак у такой стылізацыі ўжо сымбаль базыліска трохі іншы.

Адзін з базыліскаў на дзьвярах глыбоцкага касьцёла Кармэлітаў (цяпер праваслаўнай царквы). Гл. фота ўверсе зьлева.

Вернік, уваходзячы праз гэтыя дзьверы, бачыў, што базыліск ужо ў гэтай сфэры сакрум не мае сваёй сьмерцяноснай сілы, а перамяніўся ў нешкадлівае стварэньне, што магло сьведчыць пра вялікую Божую моц, быць можа, робячы параўнаньне да Бібліі, да прароцтва Ісайі 65, 25, дзе гаворыцца пра тое, што воўк і баранак будуць пасьціцца разам, а леў будзе есьці салому як вол, а зьмяя будзе есьці прах зямлі і ня будуць рабіць нічога злога а ні на пагібель па ўсёй сьвятой гары Божай. Можа, менавіта гэта і хацеў перадаць майстар дзьвярэй, што на гэтай “сьвятой гары” (Божы храм) аніякія злыя духі (базыліскі) ня будуць рабіць нічога на пагібель чалавека, таму, уваходзячы ў гэтую сьвятыню, кожны вернік мог быць спакойны, што, будучы ў гэтым касьцёле, злыя духі ня маюць над ім аніякай улады.

Падсумоўваючы, здаецца, што менавіта такая сымболіка крыецца за нашымі нешкадлівымі глыбоцкімі базыліскамі.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №11(623) 15 сакавіка 2012 года