Танцы. Успаміны Язэпа Квача

На танцы моладзь у наш час звычайна хадзіла па выхадных і святах у клуб у Дзеркаўшчыну. Туды было недзе каля шасці кіламетраў. Дабіраліся туды, хто як мог: часам пры добрай дарозе маглі пад’ехаць на калгаснай лятучцы, на веласіпедах, але найбольш апулярнымі былі матацыклы або пехатой. “Гаісты” тады наязджалі рэдка, і здаралася, што матацыклісты насіліся п’яныя і нават забіваліся насмерць. Дарога праз Альховікі тады была нікчэмная, і часцей за ўсё даводзілася хадзіць туды пешшу. Але калі ідзеш гуртом, то весела і дарога здаецца карацейшая. Іншая справа, калі вяртаешся дамоў адзін пасля “поводзэння” (провадаў дзяўчыны) з якіх-небудзь Лапішак ці Латыгала! Прыйдзеш дамоў – аж пяты гараць!

Танцавалі звычайна медленны, шэйк, часам, але рэдка факстрот або вальс. Усё гэта пад пласцінкі, а потым пад магнітафон. Моладзі звычайна збіралася шмат, часам яшчэ прыязджалі на працу студэнты. Гэта было добрай падставай завесці знаёмствы з новымі дзяўчатамі ці пабіцца з іх калегамі. Дарэчы, пра бойкі. Біліся звычайна з чужымі. Са сваімі рэдка. Сваімі для нас былі Альховікі і Стураўшчына. Дзеркаўшчына – гэта чужыя, і асабліва варагавалі з “партызанамі” (Латыгала, Завараты і ўся тая старана). Мне ў бойках асабліва ўдзельнічаць не даводзілася, а вось за Квачамі цягнулася дрэнная слава. Я не бачыў у справе, але казалі, што добрымі біткамі ў нас былі Янка Мартуль і Алік Рудак, Аблам Стась, а ў Стураўшчыне вызначаліся браты Сарокі (Казік і Рысік). З партызан называлі нейкага даўгога, метры са два ростам. Цяпер мы жывём з ім у суседніх вёсках і маем добрыя стасункі. Гэта Гігола Сцяпан з Ласкаўшчыны. Бойкі праходзілі без панажоўшчыны і да калецтва не даходзіла, хаця ўзяць нешта ў руку ахвочых было не мала. А такога, як даўней, каб з каламі ды нажамі не было чуваць.

Язэп Квач