Ты багіня Паазер’я – беларуская дуда

На падставе звестак пра бытаванне дуды розных перыядаў, без сумніву можна сцвярджаць, што дуда – гэта інструмент ў першую чаргу паазерскі (або падзвінскі), а ўжо пазней беларускі. Арэал звестак пра яе амаль ідэнтычны межам гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі – Паазер’я (Падзвіння), які шырэйшы за панятак Віцебскай вобласці (у склад Паазер’я, на прыклад, не ўваходзіць Ворша, але ўваходзіць Барысаўшчына 1, якую Вацлаў Ластоўскі згадвае ў апавяданні “Дудар”). Тэрмін Паазер’е больш дакладны ў адлюстраванні культурна-ландшафтных рыс гэтага абшару. Дастаткова згадаць сімвалічную прывязку дуд да азёраў і іх атачэння ў апавяданнях Яна Баршчэўскага або ўспаміны Яна Райніса, латышскага паэта, які ў дзяцінстве (1870-я) хадзіў на рум слухаць дудароў-плытагонаў з Беларусі, што сплаўлялі лес па Дзвіне.

Шаркоўскі паэт, Віктар Лагун, натхніўшыся гукамі дуды ў выкананні Галляша Сялявы з Браслава, а таксама, як сцвярджае сам аўтар, першым выданнем кнігі “Дударская Глыбоччына”, напісаў “Паэму пра дуду і Галляша”, у якой называе дуду “багіняй Паазер’я”.

Ӏ.

Землякі, каб вам не стыгнуць
У маркоце і нудзе,
Трэба сэрцамі спасцігнуць
Тайну грання на дудзе.

Той дуды народнай гукі,
Перадольваючы час
Тлумны, і глухі, і гулкі
Праз вякі плывуць да нас.

Так бруяць руччы і рэкі,
І шумяць бары, лясы
На маёй зямлі адвеку,
І шамоцяць каласы.

Так на поўню воўкі выюць,
І краплісты дождж ідзе,
І віхуры снегавыя, —
І ўсё гэта у дудзе.

І працяжнасць песень жнеяў,
І мянценне звонкіх кос,
І пшанічнасць косаў, веек,
І салёнасць росаў-слёз,

Жніўня колкае іржышча,
І налітыя сады…
І плывуць да нас з ігрышчаў
Гукі колішняй дуды…

ӀӀ.

Як былі наканаваны
Ціск ярма, хамут, дуга,
То ў гучанні прыхаваны
Стогн і скрушная туга…

Там, дзе наша не прапала,
Дзе скразняк разгульны дзьме —
У карчме — дуда гучала,
І не толькі у карчме.

На бядачым лёсе зыбкім
Хоць на часе — каралі!
І з дудой цымбалы, скрыпка…
Ногі ў скокі самі йшлі.

Моладзь пад дуду гуляла,
І бабулі, і дзяды.
Набліжалася Купалле —
Што за свята без дуды?!

І з нагоды, без нагоды,
З весялосці ці з нуды —
У душы майго народа
Грае музыка дуды.

Па жыцці — і грунт, і зерне,
І ржавінная руда
Ты — багіня Паазер’я,—
Беларуская дуда.

ӀӀӀ.

Дзе у люстраных азёрах
Краю выкупаны наш
І душа ляціць да зорак,
Грае на дудзе Галляш.

Сёння ў свеце злым заснулым
Ён — музыка — ясны дар.
Ён іграе аб мінулым
І пра сёння — ён дудар!

То вякоў сівых прадстаўка,
Раствары, разгладзь бяду,
Як калісьці Грышка з Саўкам,
Ладзь, Галляш, сваю дуду!

Жнівень як набытак года,
І задумная вада,
І цудоўная нагода —
Грай, Галляшава дуда!

Час назад вякі адрыне,
Ты нястрымнасць кроз тушуй, —
Нашым сябрам на сябрыне
Пранімай наскрозь душу!

Хай у зрэнак знікне соннасць,
І вачэй — не патушыць, —
Аб мінулым і пра сёння
Грай, музыка, для душы!

ӀV.

Заглянуўшы у вытокі,
Уяўляеш: гай гудзе

І цякуць па дрэвах сокі…
Грай, Галляш, нам на дудзе,

Покуль вечар не атуліць
Да Дзісёнкі стромы схіл
І у зорную кашулю
Не адзене небасхіл…

Кожны: ўспомні сваё званне
І паслухай Галляша:
Адраджаецца пад гранне
Першародная душа…

Па-чужому воўкі выюць,
І да прорвы чорт вядзе,
І парадкі чумавыя…
Грай, Галляш, нам на дудзе!

І адметны, і свавольны,
І яскравы неба дар,
Будзь у гуках-тонах вольны
І у словах — як пясняр.

Праганяй маркоту-скруху,
Надзімай, дудар, шчаку,
Гамані, пакуль ёсць духу,
Адпачыць дай пішчыку.

V.

Зачаруй магічным словам,
Што памоцна у бядзе,
Словам продкаў адмысловым,
Што у заўтра павядзе.

Атрымаўшы звыш указку,
Ні на кога не глядзі,
Па-галляшаўску, па-наску
На дудзе, дудар, дудзі!..

Абудзі ты нашы вёскі,
Разам з імі — гарады, —
Ёсць дуда інструмант боскі
І лякарства ад бяды.

Адкрывае нам павекі
На “жыццё не ягада”
І ратуе нас адвеку
Тое, што жыве дуда,—

Па жыцці і грунт, і зерне,
І ржавінная руда…
Ёсць багіня Паазер’я
Беларуская дуда.

…Мы мінуўшчынай спавіты,
Біты розгам, батагом…
Ён — Галляш.
Я, мабыць — Вітаўт,
Ды не ведаю таго.

2017

Дуда ў нашым рэгіёне згадваецца не толькі ў літаратурных і этнаграфічных запісах, але і ў судовых кнігах. Напрыклад, у актавай кнізе полацкага гродскага суда (1668–1669) пісалася: “…пан Бутько, выскочивши с пекарни свое зъ секирою, учинивши окрик, преречоного Алексанъдра Лешонъка обухом в руку левою понижей локтя подвакроть шкодливее ударыл… а другого Ивана Совостеенка, Дудара, тою жъ секирою в хрибет оберучъ ударилъ, и кгды тотъ преречоный Иванъ от него уходил, а пан Бутько оного догонить не мог, тою жъ секирою за ним кинул, и кгды бы долетела, снать бы его и на смерть забил…”. Пра дуды гзадваў нават Сімяон Полацкі (1629-1680) у сваёй камедыі “Пра Навухаданосара цара…” у якой героі “пачнуць трубіці і піскаці”.

Дарэчы, апрача іншых важных аспектаў, якія дуда дапамагае зразумець пра саміх сябе і пра нашую культуру і гісторыю, ці не найважнейшая з іх – геаграфічна-этнаграфічная цэласнасць, адсутнасць культурна-побытавага падзелу на ўсходнюю і заходнюю Беларусь. У кантэксце дуды заціраецца таксама і мяжа паміж Полаччынай і Віленшчынай, хоць гістарычным цэнтрам фармавання маналітнай дударскай традыцыі, пра якую мы знаходзім звесткі ў беларускай літаратуры і не толькі, можна лічыць Полацкае Ваяводства. Полацкае ваяводства (1504—1795) — адміністрацыйная адзінка ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Гэтая геаграфічная прывязка добра бачная ў вельмі цікавай, адкрытай толькі на пачатку 21 ст., кнізе “Полацкая шляхта” (выдадзенай у “Залатой калекцыі беларускай літаратуры”). Яе аўтар пісменніка XIX ст., Вайніслаў Казімір Канстанцінавіч Лада-Заблоцкі, беларускі пісьменнік з Мёршчыны. У сваім рамане дзеянне якога адбываецца ў трох маёнтках на Полаччыне, пісменнік дае вельмі важнае для дударскай традыцыі вызначэнне: “За Дзвіною – агульная назва Літвы, якая для беларуса, асабліва з Полацкага ваяводства, сапраўды знаходзіцца “за Дзвіною”.

Гэтая геаграфічная заўвага поўнасцю супярэчыць памылковай і шкоднай назве “беларуска-літоўская дуда”, якую бароняць некаторыя даследчыкі такія як Тодар Кашкурэвіч, або Яўген Барышнікаў. Нават у той час беларусы, а нават частка шляхты Полацкага Ваяводства не вызначала сябе “літвінамі” і не адносіла сябе да “літвы”. Літва ўмоўна кажучы была ў паўднёва-заходнім напрамку, больш менш за ракой Дзвіна, разам з яе басейнам 2. У іншым фрагменце “Полацкай шляхты” чытаем: “За садам буркатала на кагосці Дзвіна. Далёка спяваў нейкі певень і нехта гудзеў на дудзе.” Над-дзвінскія дударскія матывы сустракаюцца таксама ў іншых пісменнікаў і паэтаў. Твор Лада-Заблоцкага не адзінкавае апісанне такога тыпу і не рэдкае выкарыстанне словазлучэння “беларуская дуда”. “Беларускай дудой” (пры тым на розных мовах) інструмент называюць абсалютна ўсе беларускія пісменнікі 19 стагоддзя, не кажучы ўжо пра 20 ст. Гэта азначае што дуда ўспрымалася як традыцыйны інструмент Паазер’я і Полацкага Ваяводства, як тыповы інструмент беларускага этнасу. Асабліва важнымі для нас у гэтым плане з’яўляюцца сведчанні і фармулёўкі 19 стагоддзя, паколькі ў той час, час нацыянальнага вызначэння, яны зусім не былі простымі і адназначнымі. Пісменнікі таго перыяду часта мелі клопаты з самавызначэннем і з выбарам мовы сваёй творчасці (Міцкевіч, Баршчэўскі, Дунін-Марцінкевіч і інш.). Тым не менш, паўсюднае выкарыстанне словазлучэння “беларуская дуда” сведчыць пра тое, што ў гэтым пытанні ўсё было адназначным нават тады. Відавочным была як яе нацыянальная (геаграфічна-этнаграфічная) прыналежнасць, так і, хутчэй за ўсё, разуменне з боку аўтараў наяўнасці іншых тыпаў дуд.

Гаворачы пра арлапольскі замак Вайніслаў Казімір Канстанцінавіч Лада-Заблоцкі ў сваім рамане піша: “І толькі то тут, то там запілікае якая-небудзь скрыпка або загучыць беларуская дуда.” Ва ўспрыманні аўтара, скрыпка нацыянальнай прывязкі не мае, а дуда ўжо так. Ніжэй дзеля этнаграфічнай вартасці фрагменту працытуем больш абшырны фрагменты апісання танцаў і забаваў пад дуду і скрыпку не толькі сярод простага люду, але таксама сярод мясцовай шляхты:

“Адны з тых музыкаў граюць для танцаў – і тады кола мужчын і дзевак з панскіх вёсак задавольваюць на падворку сваю ахвоту да скокаў, падпяваючы ў гэтым танцы то самцам (сола), то хорам. Іншыя спяваюць быліны, то ўслаўляючы Арлалёта ці якога-небудзь іншага пана, то распавядаючы пра падзеі старажытнай Рэчы Паспалітай, пра князёў той славутай Літвы або Русі – Врагалада, Брачыслава, Усяслава, княгіні Рагнеды – а то займаючы сваіх слухачоў якой-небудзь байкай: “Хадзіў Бай па сцяне; чы баяці мне, чы не?”…. ….А калі брацця-Шляхта, падахвоціўшы сябе мядком, гатова была пусціцца ў скокі, то або рэзала Січовага казака, або, прывёўшы з вёскі самых ахайных дзевак, папрыбіраных у прывабныя строікі, дужа спрытна выдрынгоўвала з імі ў народных танцах, быццам бы з панямі сваіх сэрцаў, – то “Падушачку”, то “Лявоніху”, то “Верабейку”, то “Яшчура”, то, нарэшце, “Крутуху” або якую “Барыню”, ладна скачучы з імі ў суправаджэнні спеваў або без спеваў. І тады ж заходзілі да панскіх пакояў старыя дзядкі і бабкі тых танцоўшчыц, а таксама іх бацькі. У тыя часы не чынілі з мужычкамі аніякага, хаця б найменшага свавольства, якое абражала шляхецкую і панскую гонасць. Наадварот, у даўнейшай Польшчы інсавалі толькі чыстыя звычаі! Багата абдораныя з боку ўладара і яго гасцей грашыма, дзяўчаты, са шчаслівымі сваімі старымі, вярталіся потым да хат, і доўга яшчэ ў вёсках разважалі пра панскую дабрыню і ласку ў адносінах да падданага люду, шмат у чым гэтых паноў зразумеўшы і шмат чаго ім пра сябе падчас гэтага братання расказаўшы.”

У “Полацкай шляхце” можна таксама знайсці надта цікавыя згадкі пра дуду ў паэтычным апісанні святкавання Купалля: “Cюды ж ідуць і дудары – і на іх сыдзе натхненне! Бай! – быццам павук, праскочыць ён па белай кашулі беларуса, і на кім спыніцца, той будзе Вешчуном-Баяром. Вешчуном-Баяром быў старажытны Баян , Баян – Вяшчун Полацкі! Нечуваныя словы зайграюць на ягоных вуснах… Што ён захоча – тое і будзе, але толькі – у прыродзе! Пад гукі яго сказа дрэвы возьмуцца за рукі і, як хлопцы з дзеўкамі, будуць скакаць і танчыць разам з імі. Пад гукі яго сказа таксама й зоркі шал ахопіць – і яны завіруюць на нябёсах! Калі ёсць пясняр на зямлі – то й між зорак будзе. Адна зорка зайграе. Зайграе песню кахання, бо гэта – свята Сонца, Сонца нараджае каханне!..”.

Аднак самай цікавай згадкай дуды ў творы Вайніслава Казіміра Канстанцінавіча Лада-Заблоцкага з’яўляецца верш выгнанага з Неўля дудара “Дума пра арлалётаў”.

Слава тут гуляла, слаўнаю бывала,
Ў Арлапольскім замку сокалы ляталі.
Ой былі ляталі, сокалы бывалі!
Куды едзеш, дзеду, і дуду нясеш ты?
Я нясу здалёка, нясу спа-за Неўля,
Спа-за Неўля, з-за малога, з-за возера шыракога.
Дык зайграй жа, дзеду, зайграй на вяселле…
Я хачу жаніцца і паслаць у сваты…
Ёсць абраны, Богам даны ды ў дзявулькі-прыгажулькі!
Пане мой цудоўны, Арлапольскі пане!
Я б зайграў, зайграў бых, з радасцю б зайграў я, –
А дуда ж вось папсавана, я ўцякаю доўга, доўга…
Гэй, што, што?.. Дзеду, як?.. ці забіў кагосьці
І цяпер бяжыш ты лесам ад пагоні?..
Не, мой пане, не забіў я… Там маіх усіх пабілі…
Бо маскаль быў напаў, Невель спапяліўшы,
Маю жонку забіў, змардаваў мне дзетак…
Я адзін з маёй дудою бедаваць сюды ўцякаю.
Слава тут гуляла, слаўнаю бывала,
Ў Арлапольскім замку сокалы ляталі.
Оё былі ляталі, сокалы бывалі!
Жвава, хутка, спрытна мне каня сядлайце,
Ва ж, мая дружына, за канём скачыце,
За канём ды за буланым… Мы за Невель, гэй, паедзем.
Слухайце, зважайце: вось маскаль маскоўскі
Сам напаў, горад змёў, жыхароў пабіўшы…
А я тут, у Арлаполю, ні пра што0нішто не ведаў!
Дзед стары падказаў: жаніцца не еду –
Сам не свой Арлалёт, пакуль хтосьці плача.
Вось калі ўсе засмяюцца, тады толькі ажанюся.
Як казаў, бег з людзьмі на маскоўцаў войска.
Многіх змёў, іншых звёў каралю ў няволю.
Мой каролю, дай жа літасць: то ўчыніў рукою ўласнай!
Ты ж, сівы дзядуню, болей не журыся:
Грошай дам, тут жыві – паеду жаніцца…
І ты, дзеду, што быў гнаны, мне зайграеш, дый да шлюбу!
Дуду-дуду! Дуду-дуду! Дуда гучна грае:
Ой, для пана ж, для такога, кожны заспявае!

Глыбоччына, Пастаўшчына, Браслаўшчына, Мёршчына, Вушаччына, Барысаўшчына, Гарадоччына, Полаччына як і прылеглыя раёны Расіі, Літвы і Латвіі на якіх пражывала аўтахтоннае беларускае насельніцтва, ўтвараюць агульны і цэласны дударскі арэал, з якога беларуская дуда ўжо трапіла ў іншыя рэгіёны Беларусі. Апрача ўжо вядомых дударскаму асяроддзю і даследчыкам беларускай дуды матар’ялаў пра дудароў і іхныя інструменты шмат новых сведчанняў пра гэтую культуру можна знайсці яшчэ ў літаратурных і этнаграфічных крыніцах геаграфічна прывязаных да рэгіёну Паазер’я.

Віталь Воранаў

PS.

  1. “Сярод дудароў найбольшую папулярнасць набываюць барысаўскія дудары із сваімі дудамі, выдатныя віртуозы свайго інструманту й характэрныя, калярытныя выканаўцы” (38 ст.) – піша ў кнізе “Беларуская музыка” Мікола Куліковіч.
  2. Хоць Глыбокае ў такім раскладзе выпадала б з Полацкага Ваяводства, але мяжа па Дзвіне з’яўляецца канешне толькі ўмоўнай. Глыбокае было горадам на памежжы Полацкага і Віленскага ваяводстваў. Адзін бераг уздоўж ракі Бярэзвіца (выцякае з возера Вялікага і ўпадае ў Дзісну, а пасля ў Дзвіну), уключна з асобным тады яшчэ мястэчкам Беразвечча, належай да Полацкага Ваяводства, а землі з другога берагу – да Віленскага.