У Докшыцах. Гісторыі дзеда. Лішкі. Смерць дзядулі. Успаміны Каэтана Ражноўскага

У Докшыцах

Пасля прыбыцця ў Докшыцы ў 1894 годзе мы яшчэ мелі трох кароваў, аднаго каня і пагалоўе свіней. Мой бацька купіў дзве будаўнічыя пляцоўкі. На адной пабудаваў жылы дом, на другой – млын з ветраком. У тым млыне можна было не толькі малоць муку, але таксама розныя крупы і пытляваную муку. Млын квітнеў на працягу некалькіх гадоў. Пазней быў пабудаваны ў Докшыцах паравы млын і другі млын з ветраком. Паравы млын ствараў нам вялікую канкурэнцыю. У дадатак часта ламаліся крылы і зносіла іх на суседнія будынкі, што магло прывесці да калецтва ці нават смерці бліжэйшых жыхароў.

Па гэтай прычыне мой бацька быў вымушаны млын прадаць і пачаць зарабляць на прыбудовах, рамонце малатарняў і г.д. У 1898 годзе мой бацька, вешаючы званы на званіцы пры Докшыцкім касцёле, зваліўся з трэцяга паверха ўніз і зламаў рэбры, таксама атрымаў моцны шок ўсяго арганізму. Гэты выпадак прывёў да працяглага лячэння і непрацаздольнасці.

Для пакрыцця лячэння бацькі і кармлення нашай сям’і мама была вымушаная прадаць дзвюх кароў і каня і пазбавіцца сваёй дзявочай біжутэрыі. Хаця ў бацькі зрасліся рэбры і стан здароўя палепшыўся, аднак ён часта пакутаваў ад розных недамаганняў. Па гэтай прычыне нярэдка пачала ў наш дом заглядаць матэрыяльная нястача. Старэйшыя сёстры Зофія і Ядвіга былі вымушаныя пайсці на аплатную работу, каб дапамагчы бацькам утрымліваць малодшых братоў і сясцёр.

Гісторыі дзеда

У той час я часта знаходзіўся ў маёнтку Янкі ў дзядулі. Адтуль паходзяць мае найлепшыя ўспаміны аб маім падлеткавым узросце, асабліва пра дзядулю, якога я вельмі любіў і да якога я быў моцна прывязаны.

Дзед у сваіх апавяданнях удакладняў розныя фрагменты з папярэдніх гісторый. Расказваў аб першым падарожжы ў Сібір, калі ён быў закуты ў кайданы. Аб побыце jў Сібіры ў якасці ссыльнага, дзе больш за палову ссыльных памерла ад атрыманых ад кайданоў ран на нагах і ад розных захворванняў, а таксама з-за тугі па Радзіме. Там дзед страціў шмат сваіх добрых прыяцеляў, да якіх належалі: Валерыян Сухадольскі, Ян Забароўскі, Фелікс Дамброўскі. Усе паходзілі з Лепельскага павета і разам з дзедам былі сасланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні. Марозная і жорсткая зямля Сібіры была ўсланая магіламі паўстанцаў, якім не давалі магчымасці вярнуцца на Радзіму, якую яны любілі і сумавалі па ёй.

Я слухаў аповяды дзеда аб яго цяжкім жыцці пасля ўцёкаў з Сібіры, калі хаваўся пад прозвішчам Стадольнік. Як часта зімой ён быў вымушаны хавацца ў стагах сена на балоцістых лугах або даваць хабар ураднікам і іншым царскім служкам, якія падазравалі, што дзед не Стадольнік, але Ражноўскі. Каб пазбегнуць падазрэнняў, дзед запісаўся з сынам Янам, пазней маім бацькам і другім сынам Міхалам у кнігі пастаянных жыхароў сялян пад прозвішчам Стадольнік у гміне Вітуневічы Барысаўскага павета. З таго часу ён стаў селянінам.

Лішкі

Калі, жывучы ў дзеда, мае дзядзькі і цёткі пажаніліся і павыходзілі замуж, дзед быў вымушаны надзяліць іх пасагам: канямі, буйной рагатай жывёлай і сельскагаспадарчымі прыладамі. Дочак забяспечыць грашовымі сродкамі. Выпасажэнне прывяло да таго, што дзед з застаўшымся інвентаром і малой колькасцю грошай не мог ужо арандаваць такога вялікага маёнтка, якім былі Янкі. Таму дзядуля стаў арандаваць фальварак Надаткі, што за тры кіламетры ад Докшыц. У тыя Надаткі мяне таксама часта забіралі. Там было шмат балоцістых лугоў, прылягаючых да ракі Бярэзіны. У гэтых лугах было шмат дзікіх птушак. Улетку птушкі сваімі спевамі стваралі прыгожыя канцэрты, якія вельмі любіў слухаць да позняга вечара.

Пасля вяртання дадому выслухваў вымовы ад бабулі і дзядулі за позняе вяртанне, а часам у якасці пакарання не давалі мне вячэру. Дзядзька Юзаф часта браў мяне на паляванне на дзікіх качак, цецерукоў і іншых птушак. Мы бралі з сабой паляўнічую сабаку Галаса, які выцягваў забітых птушак з ракі Бярэзіны ці з іншай вады або з густых хмызнякоў, а я ж забіраў ад Галаса і клаў у паляўнічую торбу. Акрамя таго, мы часта сеткай лавілі рыбу ў рэчцы. Гэта работа была для мяне прыемнай і любімай. Таксама маёй страсцю была лоўля рыбы вудачкай. У Надатках час праходзіў весела і без клопатаў. Я ездзіў на кані шалёным бегам. З дубальтоўкі забіваў вераб’ёў, якія бабулі рабілі шкоду ў садзе. Так я праводзіў час у Надатках у свае маладыя гады.

Падчас знаходжання ў бабулі і дзядулі у святочныя дні ў ранішнія часы слухаў рэлігійныя спевы. Спявалі сольна ці ў некалькі галасоў. Мне вельмі спадабаліся мелодыі гэтых гадзінак. У вялікі пост, перад Вялікаднём, па вечарах цэлымі сем’ямі спявалі набожныя песні пра мукі Хрыстовыя. Мая бабуля мела вельмі добры голас і добрую памяць. Так, увесь дзень працуючы, спявала набожныя песні, і я слухаў іх і нават дапамагаў спяваць. За гэта быў узнагароджаны кавалачкамі цукру або мёдам на лустачцы хлеба. Гэта былі мае любімыя прысмакі.

Дзед часта пасля абеду драмаў, трымаючы ў зубах люльку. Пасля, прачнуўшыся, па звычцы шукаў люльку, трымаючы яе ў зубах. Калі ён не мог яе знайсці, то звяртаўся да мяне. Тады я падыходзіў да яго, даставаў люльку з рота і перадаваў у рукі, выклікаючы агульны смех прысутных.
Мой дзед быў чалавекам вельмі эканомным. Аднак, калі быў на падпітку, рабіўся вясёлым, шчодрым і нават марнатраўным. Абдораваў падарункамі ўсіх. Сяляне, ведаючы характар дзеда, у карчме налівалі яму кварту гарэлкі, тады дзед фінансаваў іх шчодра, што часта выклікала тое, што на кірмашах хадзілі за ім натоўпам, каб скарыстацца яго фінансаваннем.

Смерць дзядулі

Да майго вялікага жалю і смутку, восенню 1901 года нечакана памёр дзядуля. Ён быў пахаваны на парафіяльным могілках у Параф’янаве. Падчас пахаваньня я нёс крыж з Надатак да Параф’янава, якое знаходзілася на адлегласці 14 км. Труна з дзедам была змешчана на дэкарыраваным возе. Да возу быў запрэжаны любімы конь дзеда (Буланак). У пахаванні прыняло ўдзел вельмі шмат сялян з навакольных вёсак, асабліва тых, якія знаходзіліся каля маёнтка Янкі, якім дзядуля ў перыяд нястачы ахвотна дапамагаў матэрыяльна. Пасля пахавання некалькі дзён выў сабака Галас, пасля чаго здох. Любімы конь дзеда Буланак таксама здох.

Пасля смерці майго дзеда дзядзька Юзаф узяў у арэнду большы фальварак чым Надаткі, які знаходзіўся прыкладна за 50 км ад Докшыц. У новы фальварак забраў усю сваю сям’ю, якая засталася пасля дзеда, гэта значыць бабулю, цётку Марыю разам з трыма сёстрамі па памерлай цётцы Юліяне Коўшык. Пасля выезду дзядзькі ўжо ніколі не ўбачыў бабулю. Прычынай гэтага была вялікая адлегласць новага месца жыхарства, што рабіла немагчымым адведаць бабулю. У той час я быў вымушаны вучыцца і дапамагаць бацьку зарабляць.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля