Укрыжаваны шлях Міхала Грачаніка

Зараз ужо сталася вялікай рэдкасцю сустрэць на раздарожжах Беларусі хоць якія крыжы, аздобленыя якойсьці рэззю ды ачоленыя выявай Збаўцы. Наяўнасць такіх знакаў ніяк пераацаніць немагчыма. Гэта і вызначэнне маральнасці і культуры навакольнага люду. Прысутнасць ў краявідзе гэтых святых сымбаляў для далейшага існавання грамадства мае неацэннае значэнне. Таму не стану паглыбляцца ва ўсе пытанні, звязаныя са стратай гэтага складніка нашай спадчыны і чаму так сталася, а спынімся на іншым.

Некалі мне, як мастаку, даводзілася шмат дзе бываць у розных кутках Бацькаўшчыны, але сустрэцца з укрыжаваннем, аздобленым належным чынам, было надзвычайнай рэдкасцю і шанцаваннем. Калі ж жыццёвыя акалічнасці вызначылі мне магчымасць прыпыніцца на больш сталае быццё ў наваколлі Нараччыны, я не мог не звярнуць увагу на наяўнасць тут своеасаблівых крыжоў з выявай Хрыста. Далейшыя росшукі і даследаванні высветлілі, што яны неяк цудам захаваліся да нашага часу ў гэтых мясцінах. Усе яны былі створаны адным самабытным майстрам. Пазней на вёсках навакольных яшчэ адшукаліся і настольныя крыжы з распяццем і выявы Божае маці, якія належылі таму самаму аўтару.

 

Мікодзім Апанасевіч, жыхар
в. Швакшты

Першым, хто дапамог мне адшукаць асобу стваральніка ўсіх гэтых ацалелых рэліквій, быў спадар Мікодзім Апанасевіч, жыхар в. Швакшты. Напачатку больш вычэрпныя звесткі аб Міхале Грачаніку, які таксама пражываў па-суседску ў гэтай самай вёсцы, удалося выведаць ад яго, а пазней па крупіцах і ад іншых добрых людзей і шчырых каталікоў, якія штосьці памяталі аб гэтым самабытным разьбяры ці былі з ім знаёмыя.

Сам факт наяўнасці такіх аб’ектаў, створаных без прынукі, ахвярна, суладна з духоўнымі патрэбамі самімі прадстаўнікамі народа, сведчыць аб многім і найперш аб агульнай культуры гэтага люду. Сыходзячы з такіх меркаванняў я спадзяваўся штосьці даведацца аб ім з кнігі ”Памяць” па Мядзельскім раёне, якая тады толькі выйшла, але марна. Там нават згадкі аб людзях такога роду творчасці народнай не было ні слова. Зразумела, аўтараў і ”архітэктараў” той кнігі падобная дзейнасць не толькі не цікавіць, яна ім супраціўна. Вядома, калі б хтосьці раней распачаў гэты росшук, дык сабраў бы значна больш. Ды гэтага, спадзяюся, даволі, каб склалася належнае ўяўленне аб гэтым шчырым патрыёце, верным і адданым хрысціяніне, без перабольшання можна сказаць – узорным чалавеку свайго часу і люду. Такія асобы, па праву, сваім жыццём і творчасцю стваралі і ствараюць гонар нацыі, таму і наяўнасць іх заўсёды ў рознага роду беларусафобаў выклікала зуд супярэчнасці, хцівасці і зайздрасці з неадольным жаданнем іх не заўважыць, выкрасліць ці ўрэшце вынішчыць ушчэнт. Ды на ўсё воля Божая. Але наш народ з яго культурай і этнасам, і фальклёрам, і мовай, як і усе іншыя народы, быў створаны Ягонай воляй, таму й робячы свае старанні ў памнажэнні і захаванні нашай культурніцкай спадчыны варта быць упэўненым, што мы спрычыняемся да няўміручай волі Творцы. З такім перакананнем і вераю жыў, працаваў, займаўся творчасцю і дзядзька Міхал, як звычна яго называла моладзь.

Напрыканцы лістапада 1886 года сялянская сям’я Грачанікаў папоўнілася яшчэ адным

Настольны крыж з в. Кабыльнікі

немаўляці. Паколькі бацькі былі каталіцкага веравызнання і на гэты час акурат прыпадалі святочныя дні сьвятога Міхала, таму адпаведным сталася ягонае імя. У вёсцы Швакшты, размешчанай пры бальшаку Стэфана Батуры (Вільня – Полацак) стаяла восем хат, якія належалі Грачанікам, і гэтае сямейства было на добрым рахунку. Яно ва ўсім вызначалася шчырасцю: і ў працы, і ў веры, і ў талентах, і ва ўзаемадачыненнях з аднавяскоўцамі. Як і ўсе сялянскія дзеці Міхась, Ігнась, Вінцэсь і Марыя Юганка змалку спасцігалі тонкасці гэтага жыцця. Усялякі занятак выклікаў у мальца пэўную цікаўнасць і стараннасць.

Асаблівую ўвагу і пытлівасць ён ужо з малога ўзросту стаў выяўляць да ўсяго, што бачыў і чуў у касцёле сьвятога Андрэя,які знаходзіўся ў в.Кабыльнікі (Нарач) за 3 км хады. Выгляд яго драўлянага дойлідства, надзвычай зграбна змайстраваных канструкцый, аздобленых рознымі ўзорамі і формамі, разам з мураванай брамай і вынесенай асобна званіцай, кожны раз пры набліжэнні да якіх, проста зачароўвалі яго да галавакружэння і вабілі да сябе. Таму можна толькі ўявіць, якім сталася для яго юначага сэрца стрэсам страшэннае відовішча палаючага храма, дзе ён яшчэ дзіцём вымаўляў свае першыя поклічы душы! Магчыма тады, там, ён і даў зарок сабе і перад Богам зарок – ні ў чым і нідзе не саступаць са шляху служэння Хрысту.

Настольны крыж з в. Швакшты

Атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў мясцовай школе і выявіўшы выключныя здольнасці пры садзеянні касцёла, у хуткім часе, ён навучаецца ў духоўнай семінарыі Пецярбурга. Жаданая мара яшчэ больш поўна і аддана наблізіцца да Хрыста праз служэнне Яму ў любові, была ўжо амаль здзейснай, але … Наступіў сямнаццаты год, бальшавіцкі пераварот землятрусам скалынуў усё і ўсіх. Прыход ізувераў-антыхрыстаў і дэманаў без бачных хваста, рагоў і капытаў перапыніў ўсялякае здзяйсненне светлых мараў. Заставалася адно – вяртанне да родных людзей і мясцінаў, толькі набытая веда і цешыла яго сваімі мажлівасцямі.

Той прысуд, што тут учынялі розныя часовыя ўлады-гвалтаўнікі, паступова сціх і абыякава людзі звыкліся, што гэты край сталі называць неяк ”крэсамі”, – ”абы ўсё было ціха ” – казалі яны, ды махаючы рукой і дабаўляючы з уздыхам і бездапаможнасцю – ”а што мы тут зробім?” Так сталася, што ў хуткім часе скрозь чынавенства сябе стала называць палякамі, а людзей – малымі палякамі, ды рабіць штораз большыя выгоды тым, хто прымаў каталіцтва, а разам і польскасць, ды наадварот уціскаць і абмяжоўваць астатніх. Уся гэтая крутаверць была мала зразумела чалавеку са святарскім светаўспрыманнем і ён мала гэтым цікавіўся. Усё ж такі, хоць і шчыра, амаль да аскезы ён паслугаваў касцёлу і ягонай адміністрацыі, імкнучыся самому прыняць сьвятарства і быць узведзеным у сан, ды так ягоная мара і засталася сама сабою. Быццам у спектаклі, учынілі яму іспыты і вызначыўшы, што слых ягоны з аднаго боку слабаваты – забракавалі. Пэўны час было надта крыўдна, ды жыццё ўзяло сваё. Узрост ягоны быў ужо даволі сталы і як толькі ён зразумеў, што ксяндзом яму не стаць, выбраў сабе каханую дзяўчыну Тэклю і ўзяў з ёю шлюб у 1921 годзе.

Скульптурная выява Божае Маці
(фрагмент)

Скульптурная выява Божае Маці пры капліцы, в.Вярэнькі

З году ў год усё большала люду ў Кабыльніках, і называлі яго ўжо мястэчкам. Каго тут толькі не было: бальшыня палякаў – гэта ўсе тыя, хто наведваў новы мураваны касцёл сьвятога Андрэя; значная частка звалася рускімі, бо туліліся да праваслаўнай царквы, а вера іх звалася рускай; старавераў з асобым могільнікам і малітоўняй, якіх скрозь называлі хто кацапамі, хто маскалямі; ладны кагал тут утваралі й габрэі, што мелі найменне ”жыды”, якія таксама мелі свае магільнік і сінагогу, і татары з усімі належнымі атрыбутамі іхняга гуртавання, не было тут хіба што беларусаў, нават цыганам і тым месца знайшлося (гэта пацвярджае першы пасляваенны перапіс). Толькі кузняў тут грукацела пяць штук, а колькі было крамаў, дык уга!—і гарбарні, і вэндлярні, і ажываў бераг мора-возера Нарачы, да якога вялася чыгунка – скрозь штосьці дзеілася, толькі круці галавой. Знайшоў сваё месца ў гэтай каламуці і спадар Міхал. Па-ранейшаму шчыруючы ў касцёле ён распачаў працу з гандлем, знайшлося месца і для ягонай крамкі. Асабліва ягоныя даходы пайшлі нечакана ўгору пасля жудаснага здарэння, якое мясцовы люд назваў ”жыдоўскім пагромам”. Казалі быццам дзесьці на хутары жыдамі быў выкрадзены і замардаваны для іх рытуальных патрэбаў каталіцкі хлопчык… але што там сталася на самай справе, то аднаму Ўсявышняму вядома.

Укрыжаванне з в. Гуменнікі

Укрыжаванне, в.Унукі

Укрыжаванне, в.Мельнікі

Укрыжаванне в.Швакшты

Ягоная энэргічная натура разам з пабожнасцю і разважлівасцю патрабавалі рэалізацыі. Урэшце, знайшлі сваё выкарыстанне й тыя даходы ад крамы і, са згоды касцёла, побач з ім быў усталяваны ладны будынак. Падзелены ён быў, падобна мясцовым хатам, на дзьве палавіны з агульным ганкам. Калі ў адной месціліся тутэйшыя нямоглыя і адзінокія, убогія бабулькі, то ў другой кіпела жыццё. Рэй ў ім вёў касцельны камітэт, тут спадар Міхал браў рупны удзел і занятак. Сярод іншага ім быў запачаткаваны тэатральны гурт, які ў кароткі тэрмін распрацаваў даволі шырокі рэпертуар. Пераважнай была хрысціянская тэматыка – драмкі, інтэрмедыі, вершы і песні са скокамі і жартамі. Усё гэта творча спрыяла значнаму абуджэнню тутэйшага грамадства, моладзь знаходзіла сабе занятак па здольнасці і прызванню. Ладзіліся розныя выправы ўжо з гастролямі і ў Мядзелі, і ў Паставах, і шмат дзе яшчэ. Урэшце няўемнае жаданне асветніцкай дзейнасці спрыяла таму, што ў родных Швакштах, якія ўжо добра пашырыліся, дамогся адкрыць пачатковую школу, дзе сам стаўся яе першым настаўнікам. Раптам усё гэтае вірлівае жыццё мусіла перапыніцца. З гідлівым шыкам, быццам шатаны, зьявіліся ”вызваліцелі” з бальшавіцкага боку. За кароткі час яны так сябе тут паказалі, што ўжо зьяўленню германцаў тут ніхто, акрамя габрэяў, не спалохаўся, бо і Сібір больш нікому ўжо не пагражала.

Сапраўды, напачатку новыя акупанты выглядалі даволі прыстойнымі і руплівымі гаспадарамі, чым і выклікалі да сябе пэўны давер, пакуль не ўчынілі жудасны гвалт над мясцовымі габрэямі. З таго часу ўсім стала зразумела з якой пошасцю ім зноў трапіла сутыкнуцца. Распачаўся ўсеагульны народны супраціў, хоць у большасці й падсвядомы. Сталі ўтварацца партызанскія групы ды атрады (савецкія, польскія і т.п.). Паволі ў гэтую дзейнасць уключыўся і Міхал Грачанік. Напачатку стыхійна, быццам у знак пратэсту супраць таго супольнага зла і з просьбай-мальбой аб заступніцтве да Пана Бога, ён стаў спакваля вырабляць розныя настольныя крыжы ды выявы Божае Маці, затым і ўсталёўваць прыдарожныя крыжы з распяццямі, дзе з дахам дзе без яго. Праўда першы з іх быў асвечаны яшчэ ў 39-м годзе ў роднай вёсцы, падчас бальшавіцкай навалы і на ім быў урэзаны надпіс з Эвангелля: ”Ойча, прабач ім, бо не ведаюць што робяць.”

Не доўга ён абярэгам стаяў перад вёскай, таму як прыхадні надта хутка зразумелі да каго адрасаваны гэтыя словы Збаўцы. Зараз, уключыўшыся ў антыфашыстоўскі супраціў, кіруючыся высокапатрыятычнымі пачуццямі, нават рызыкуючы ўласным жыццём, калі б ён быў выкрыты, Грачанік актыўна распачаў выраб і ўстаноўку гэтых знакаў-абярэгаў. Сэнс іх зьяўлення быў дваякі і на столькі скрытны, што нават самыя блізкія людзі другога значэння тут ніяк не маглі дапетрыць. Аказваецца ён, Міхал, быў даверанай асобай партызанскага атрада ”Кміціц” і, пакуль тыя не былі па-здрадніцку знішчаны савецкім партызанскім атрадам Маркава, выконваў іх заданні. Уся таямніца іх усталявання па вёсках была яшчэ ў тым, што паказвалі на дом пры якім стаялі, як дом даверанай атраду асобы, куды партызанам можна было звяртацца ў любую часіну дня і ночы.

Адзін з такіх крыжоў з распяццем захаваўся да нашых дзён, яго і зараз можна бачыць у в. Унукі Мядзельскага раёна. Падобныя яму стаяць і ў в. Гуменнікі, і ў в. Мельнікі ды іншых тутэйшых мясцінах.
Калісьці ў кожнай вёсцы гэтай парафіі стаялі падобныя крыжы, аб чым сведчаць тутэйшыя доўгажыхары. Адзін з самых лепшых быў усталёваны на месцы старога перад самымі Кабыльнікамі па дарозе да касцёла, перад ручаём з боку Швакштаў. Шмат хто з людзей сталага веку і зараз узгадваюць яго. Там быў чатырохскатны дах з гонту і дзе-нідзе праглядалася розная скульптурная ці дэкаратыўная аздоба, якая мела непасрэдна рэлігійны падтэкст і значэнне. На жаль, у 60-х гадох падчас звар’яцелай камунізацыі агалцелымі камсамольцамі ён быў раструшчаны і выкінуты ў ручай Малінаўку.

Як распавядаюць мясцовыя людзі, тое злачынства не мінулася бясследна, многія з яго выканаўцаў мелі потым шмат нядолі.

Пазней, з вяртаннем ”чырвоных” з Саветамі зноў распачаліся знаёмыя ўжо прымусы з калектывізацыяй, атэізмам, вязніцамі, лагерамі ды іншай няволяй з той розніцай, што паланізацыя змянялася русіфікацыяй, а замест фашыстаў скрозь усселі яшчэ больш непрадказальныя неакамуністы. Што заставалася чакаць пры такім становішчы чалавеку з чыстым сэрцам, богалюбнай душой ды незапэцканымі рукамі і чым заняцца? Касцёл быў зняважаны і ўсе, хто яшчэ працягваў прыхільна да яго ставіцца, чакалі расправы. Здараліся выпадкі, калі людзі даведзеныя да адчаю вынішчалі агітатараў-гвалтаўнікоў ці наадварот здзяйснялі самагубства. Спадар Міхал быў пазбаўлены амаль усіх крыніц існавання, усё было адабрана і ўсё было забаронена. Інквізітары ад улады ўсведамлялі, калі не прыбраць прэч Грачаніка – калгас не ўтворыш, для людзей ён быў як маяк.

Памятны крыж, в.Жары

Пасля чарговага сходу сялянскай грамады калгаснымі агітатарамі была сфабрыкавана супраць яго адпаведная папера і 19 чэрвеня 1949 года ён быў арыштаваны і асуджаны да 7 год вязьніцы, а пасля яе пяці гадам паразы ў правах, быццам яны яшчэ тут заставаліся. Вярнуўся ў родныя мясьціны ён толькі ў 1955 годзе, чаму хутчэй паспрыяў сыход галоўнага палача ўсіх народаў, чым адпакутаваны тэрмін. Здароўе было канчаткова папсаваным, надзеі на хоць якую палёгку не праглядалася, суцэльная нуда і нэнза. У хуткім часе не стала ягонай адзінай і вернай апоры – жонкі Тэклі. Узнікла праблема з яе пахаваннем, немагчыма было адшукаць ксяндза, які б правёў па ёй паніхіду (усё святарства было вынішчана). Заставалася адно, спадзявацца на сына Станіслава, які ўсё ж здзейсьніў мару свайго таты і служыў святаром дзесь у Польшчы. Даведаўшыся там аб каньчыне маці ён такі здолеў прыбыць на пахавальнае развітанне. Як новыя ”паны” не пагражалі расправай, калі штосьці распачне тут сьвятарскае, ён усё адно высакародна здзейсьніў належнае, не зганьбіўшы ні свайго сану, ні памяці прашчураў. Вядома, за здзейсненае яго душа мела сьвятую спатоленасць, але сам быў тэрмінова, з енкам і лямантам, дэпартаваны.

Праз невялікі час, напачатку 60-х гадоў, спадар Міхал стаў зусім кепска сябе пачуваць, патрэбны быў сталы дагляд, які тут ужо зрабіўся немагчымым. Урэшце, дзякуючы сыну, са слязьмі на сэрцы ён аказваецца за межамі сваёй любай, зняважанай ды здратаванай Бацькаўшчыны назаўжды. Дзе зараз знаходзіцца месца яго пахавання ніхто нават не ведае, ніхто і не ўзгадвае аб гэтай асобе, а каб пажадаць яшчэ як нейкім чынам ўшанаваць яго, дык і гаворкі такой на Радзіме няма з кім заводзіць. Гэта фактычна і ёсць дзікунства, духоўныя пранцы, бацыланосьбітамі якіх былі розныя прыхадні-ізуверы. Калі мы гэта разумеем, то павінны штосьці рабіць і годна ўшаноўваць вартасныя асобы. Верылася мне, што як толькі аб усім гэтым стане вядома цяперашняму пробашчу тамтэйшага касцёла, то неадкладна будуць прыняты належныя меры па годным ушанаванні гэтага самаахвярнага пакутніка і нястомнага рупліўцы на ніве беззаганнага служэння Хрысту.

Думалася, што самым рэальным і вартасным тут ушанаваннем будзе усталяванне на ранейшым месцы прыстойна апрацаванага Крыжа з выявай Хрыста, аналагічна таму, які стаіць у в. Чэхі, гэтайсама парафіі ды яшчэ змясціць над ім чатырохскатны дах, адпаведны ранейшаму. Для гэтага ўжо было выяўлена і тое месца, і сабраны неабходны спіс людзей, якія сведчылі аб наяўнасці даўнейшага Крыжа, і зроблены эскіз яго рэканструкцыі з улікам сучасных матэрыялаў і тэхналогій, заставалася звярнуцца ў мясцовы Савет за адпаведным дазволам. Вядома, такое дзейства належала па праву ўжо не столькі мне, як уласна Касцёлу. Ён мусіў у такіх спрыяльных варунках вярнуць сьвятыню ды выправіць тую хітрамудрую крывізну і калдобіны нашага шляху, выштукаваныя антыхрыстамі, які вядзе да Храма. На жаль, паколькі належнага звароту мясцовым касцёлам не было здзейснена, таму ніякага станоўчага рашэння я не атрымаў і мусіў з набліжэннем юбілея майстра дзейнічаць самастойна. Мой зварот да супрацоўніцы газеты ”Народная воля” Любові Лунёвай даў свой плён і 29 лістапада 2011 года там быў змешчаны яе артыкул адпаведнага зместа ”Крыжы Міхала Грачаніка”. Яшчэ крыху раней, у 2010 года ў в. Жары, гэтай парафіі, айцом Аркадзіем быў асвечаны адноўлены прыдарожны крыж з адмысловым эвангельскім надпісам і прысвечаны прызабытаму і непараўнальна багалюбнаму, вялікай душы чалавеку-патрыёту, які годна прайшоў свой укрыжаваны шлях.

Рэканструкцыя ўкрыжавання пры в. Кабыльнікі (Нарач) адноўленага
ў гонар Міхала Грачаніка, эскіз

PS: Усё, што тычыцца бясспрэчных мастацкіх вартасцяў народнага разьбярства Міхала Грачаніка і не ўвайшло ў гэты артыкул, заслугоўвае асаблівага разгляду і чакае сваіх даследчыкаў.

Алесь Цыркуноў