Ураджай у Пастаўскім павеце

Ураджай у Пастаўскім павеце, як на гэты час, больш чым сярэдні. Жыта ва усім павеце ўжо звезена, ураджаі можна акрэсліць на больш, чым добра. Зараз даспяваюць яравыя, якія не задавальняючыя. Таму што пануючая спякота ў траўні і на пачатку чэрвеня ім значна зашкодзілі, найбольш пацярпела азімая пшаніца.

Пагроза паражэння мошкі, якая з пачатку ліпеня пачала апаноўваць у некаторых гмінах стручковыя культуры, і пераважна – гарох.

З-за шматразовых ападкаў і лёгкага паніжэння тэмпературы, мінула здаецца беспаваротна, ствараючы аднак значныя страты на тэрыторыі Ваўкалацкай і Жосненскай гмін.

Зборы канюшыны і сена ў гэтым годзе значна лепшыя, чым у мінулым.

Досыць таямніча прадказваецца тутэйшы рынак збыту. Трэба меркаваць, што аголены ад грошай пастаўскі земляроб пасля цяжкага неўраджайнага 1936 года (паражэнне засухай) будзе старацца свае плады як найхутчэй ператварыць у грошы. Збыт праўдападобна настане восенню. Трэба меркаваць, што цэны будуць павышаныя.

Зараз ужо купцы робяць прыгатаванні перад новай кампаніяй. У мінулы панядзелак на тутэйшым рынку адбыліся першыя здзелкі, на першы агонь пайшло льносемя.

Падобна, што ў гэтым годзе запатрабаванне на семя і лён будзе на шмат мацнейшым, чым у мінулым годзе. Як сфарміруюцца цэны, цяжка зараз штосьці канкрэтна сказаць.

Тутэйшыя земляробы з года ў год засяваюць штораз больш ільну, набіраюцца яны да яго пашаны, як да культуры найбольш рэнтабельнай, таму што само семя ўдаецца раней прадаць і тым самым найхутчэй атрымаць тыя самыя наяўныя на аплату працы і падаткаў.

Калі размова ідзе аб ураджаі ільну, то ён вельмі добры: у некаторых гмінах само зярно нават вельмі добрае, валакно ж вельмі кароткае.

На адрозненне заслугоўвае ўраджай бульбы. Калі не перашкодзяць дрэнныя атмасферныя ўмовы, то ўраджай будзе вельмі добры.

Вельмі цікава на нашай тэрыторыі вясной бягучага года выглядалі цэны скурак жарабят. Яны былі такія высокія, што зусім не аплочвалася гадаваць каня. Вясковец нягледзячы на адміністрацыйныя забароны забіваў парадзённага жарабца і збываў яго, а за здабытыя грошы мог адразу купіць сабе дарослага каня.
Вяскоўцы казалі, што “мусіць там гарадскія пані нашых кабылякаў надта ж спадабалі на паліто”…

Не толькі Трокі могуць славіцца добрымі агуркамі і іх колькасцю. У апошнія гады іншыя гарады Віленшчыны аб’явілі вайну троцкім агуркам і хочаць вырваць гэту манаполію ў трачан.

У Паставах ураджай на агуркі вялізны, цэны ж вельмі нізкія. За копу адборных агуркоў плацяць толькі 30 грош (у віленскіх рэстаранах адзін агурок каштуе 30 грош! – аўтар).

Падобна як агуркі, вельмі апраўдалі спадзяванне ў гэтым годзе фруктовыя сады, якія ў большасці выпадкаў былі ўжо ўзятыя ў арэнду віленскімі купцамі.

Н. (КВ № 207, ад 30 жніўня 1937 года).

Пераклад Міхал Гіль