Успаміны Сяргея Шчаснага пра бацьку, вясковага паэта Люцыяна Шчаснага

Трэба выканаць свой святы абавязак і перадаць свае ўспаміны людзям, якія з цікаўнасцю сачылі за перыпетыямі бацькавай паэтычнай творчасці і расказаць пра неафіцыйнага паэта, які зросся ўсімі духоўнымі і душэўнымі каранямі са сваёй малой радзімай. Я з гонарам назіраю за сваёй спадчынай – спадчынай, невычэрпнай у сэнсе паэтычнага зместу.

Хачу са сваімі кволымі літаратурнымі сіламі зрабіць прыкладны жыццяпіс пра чалавека асаблівага і цікавага.

Мой бацька быў ахвярай складанага лёсу і жорсткай атмасферы ваеннага і пасляваеннага часу, які досыць пачаставаў яго голадам і холадам. Але ўсё гэта не скрышыла яго ўнутраны падмурак. Нягледзячы на нястачы, ён не зрабіўся рабаўніком і бандытам.

***

Змяніў ты гэта існаванне на вечнае другое,

Бо для душы цела, як турма.

Стамлёнае сціхла сэрца дарагое,

Не вытрымаўшы пакутнага ярма.

Стаю каля твайго пясчанага прытулку,

Успамінаю нежывы, быццам чужы твар.

А жалю на душы і сэрцы мулка,

Які кволы жыцця Боскі дар.

Месцяцца нячутна снежныя пялёсткі

На жалобныя стужкі-вянкі,

Бывай, пясняр і сумленне вёскі,

Якую ты праславіў на вякі.

***

Прабачце за адхіленне ў стылі паэтычнага радка.

Галоўная мая задача раскрыць дэталі бацькоўскіх рыс. Дзеля праўдзівага асэнсавання жыццёвага шляху паэта. Пачнём здаля. Відавочна ў яго было спачуванне да жывых істот, якія акружаюць нас на працягу жыцця, я маю на ўвазе вясковае асяроддзе ў выглядзе жывёл. Напрыклад, ён прыязна адносіўся да прадстаўнікоў кацінай пароды, якіх у добрыя часіны налічвалася да дзевяці асобін.

У апошняе татава лета ён перажываў за бадзяжнага кісу Пуха, вольнага вандроўніка і дэгустатара розных відаў птушак. Пух вярнуўся амаль што здзічэлы пад восень.

Гэта толькі адна частка любых яму жывёл. Асабліва яму грэлі душу маленькія сінічкі. Памятаю, у больш бадзёрам стане здароўя (калі не так моцна шкодзіў холад), ён мацаваў птушыны стол з сала на дроце. Сінічкі, учапіўшыся тоненькімі ножкамі, дзяўблі каларыйны дэлікатэс. А ўсялякія галкі і вароны, не маючы гэткіх альпінісцкіх здольнасцей, дзюбнуўшы колькі разоў, кубарам ляцелі ў снег.

У некалькі апошніх гадоў з-за хранічнага бранхіту мне прыйшлося стаць пасярэднікам і дастаўшчыкам харчовага рацыёну птахам.

***

 Відаць, пара закрыць птушыную тэму і перайсці да больш падрабязнага разгляду характару паэта. Чалавечы светапогляд тата распаўсюджваў на ўсю існасць. Ён ставіў сумленне на першае месца, разам з Богам. Раўнадушша не раз’ела яго ўнутраны сусвет, і несправядлівасць балюча і востра ўспрымалася песняром. Усё гэта і вылівалася ў вершы, поўныя праўды і мук. Знешне простыя, а па сутнасці філасофскія, якія трансфармаваліся ў агульны і сімвалічна-знакавы збор твораў, аб’яднаных адным крыжам заняпаду.

У вершах бацькі прысутнічае Праўда, там, дзе Праўда, там і Бог. Бог у яго ўяўленні – стваральнік нябачнага і матэрыяльнага свету. Ён даў правілы паводзін, якія вядуць да рэальнага бяссмерця. Не ўмешваючыся ў працэсы жыцця, Сусветны Розум сузірае на бесталковых грэшнікаў.

У касцёл тата не хадзіў па прычыне свайго асаблівага светапогляду. Ведаючы, што Уладальнік нашых лёсаў паўсюдна пранізвае кожны атам сусвету. І маліцца можна паўсюдна.

Ойча нябесны даў бацьку сілы мужна пераносіць цялесныя выпрабаванні. Я ніколі не чуў ні стогну, ні ныцця, нічога такога.

***

Наконт палітычнай пазіцыі магу сказаць наступнае: бацька прытрымліваўся лініі паступовых і эвалюцыйных перамен у беларускім грамадстве без рэзкіх і шокавых з’яў. Ён лаяльна адносіўся да рускай мовы, лічыў яе раўнацэннай беларускай. Свабодна пісаў на абедзвюх. Засталося досыць кніг рознамоўнага характару. Каб цвяроза разважаць, не ўступаў ні ў якую партыю. Таму і вершы яго шчырыя і незалежныя ад ідэалагічнага працэсу. У некаторых месцах яны дзёрзкія і пякучыя. Тата пісаў як грамадзянін і чалавек сумлення, які нераўнадушна выказвае свае адносіны да гаспадарчага і іншага бедламу ў краіне.

Я веру, што Радзіма з часам успомніць свайго чэснага сына Люцыяна Шчаснага. На жаль, на цяперашні час паэт не заслужыў шырокага прызнання, пясняр вядомы ў не надта шырокім коле патрыятычна настроеных грамадзян.

Толькі дзякуючы сябрам з апазіцыі і з дапамогай фундатараў выдадзена некалькі зборнікаў паэзіі. Гэта “Споведзь душы”, “Рэквіем па Хрыстове”, “Голас з рэзервацыі”, “Апошняе слова”, “Идиллия наизнанку”.

***

Я бязмерна ўдзячны спадарам Міхаілу Татарэнку і Змітру Лупачу за вялікі ўклад у раскрыцці таленту бацькі. А таксама ўсім нераўнадушным людзям, што прыклалі свае намаганні да друкавання кніг. Тут яскрава бачная Боская паслядоўная дзейнасць.

Мноства людзей з неблагімі літаратурнымі здольнасцямі не змаглі на поўную скарыстаць свае таленты і скаціліся ў апраметную безгалоса і прыкра. І рукапісы спарахнелі ў фатальнай пастцы нерэалізаванасці. А тут невядомы аматар паэзіі неяк крыху данёс словы праўды да некаторых чытачоў.

***

Досыць таго, што паэтычныя замалёўкі вясковага паэта зацікавілі людзей неабыякавых. У гэтых праўдзівых і несалонных радках яны ўбачылі і свае назіранні пра хваробу, лёс краіны і вясковую бесперспектыўнасць.

На хвалі часу бацька сказаў тое, што хочацца, але замінае сказаць. Цяпер па-іншаму чытаюцца татавы вершы. Час прыдаў вагу прадбачаным падзеям.

***

Мелася ў майго бацькі знакавая адметнасць у форме непатрабавальнасці , якая пераходзіла ў нейкую аскетычнасць.

У ежы яго густы не мелі ярка выражанага гурманства. Чай там з маслам, скварка ў смажаным выглядзе, аўсянка ды макароны, ці такая ж звычайная і простая ежа. Яго здзіўлялі людзі, якія крукам стаялі каля кухонных прылад, патэльняў і каструляў дзеля нейкай смачніны.

У адзенні таксама захоўваў сціпласць стылю. Мой татуля запомніўся невялікім ростам, сівымі валасамі і гумарным характарам. Меўшы непаседлівы тэмперамент, любіў адведаць аднавяскоўцаў. У некаторых адчувальных асоб, што з сімпатыяй адносіліся да яго паэтычных гукаў, затрымліваўся бывала ў гасцях.

Як казала добрая знаёмая і прыхільніца бацькавай творчасці цёця Фэля, на кожны запыт ён мог цытаваць вершамі знакамітых паэтаў накшталт Рубцова ці Ясеніна.

Калі ж уважліва прыгледзіцца, толькі з суседам Чэсям Машнічам узаемапаразуменне дасягнула найбольшых велечынь. Чэсь мог падзяліцца ўражаннямі ад сучаснай паэтычнай і музычнай творчасці. Праспяваць найноўшую і вельмі душэўную песню са свайго рэпертуару. Тата ў адказ не заставаўся ў даўгу. Ён цаніў Чэсевы творчыя здабыткі і падтрымліваў на нялёгкім шляху паэтычнага самавыразу.

***

Дарагія чытачы, мы збольшага разгледзілі карціну чалавечых адметнасцяў майго таты, цяпер я буду проста ўспамінаць.

Рабіў мой бацька пастухом, і я часта дапамагаў яму ў той час у непрэстыжнай працы.

У 80-х ён пашкодзіў вока, калі ладзіў прабоі да слупоў. Імі прымацоўвалася плёнка на дрот у якасці ізаляцыі. З-за гэтай траўмы ў таты пачаліся галаўныя болі.

Нізкі паклон наваполацкім урачам за па-майстэрску выкананую аперацыю, у выніку якой былі вынятыя жалезныя драбінкі ад малатка. Хворае вока амаль не адрознівалася ад здаровага і, не гледзячы на калецтва, і адным ён абыходзіўся няблага. Хаця і непрацяглы час мог разбіраць тэкст і пісаць.

***

Яго маладосць засталася пры савецкім рэжыме. Таму бацька адчувальна ўспрымаў каштоўнасці камуністычнай Атлантыды. Нярэдка і з захапленнем пераглядаў фільмы таго перыяду. Асабліва тату падабаліся стужкі кшталту “Весна на Заречной улице”, “Иван Бровкин на целине”, “Девушка без адреса”. Гэта, як кажуць, адна старана месяца.

Наогул, бацька крытычна адносіўся да савецкай сістэмы, не адкідваючы і яе карысныя праявы. Часта выказваў думку і аб Гарбачове. І казаў, што Гарбачоў выратаваў свет ад ядзернай катастрофы.

Напрыканцы магутнасці СССР пад кіраўніцтвам крамлёўскіх старцаў меўся застой, іржа казнакрадства і іншыя неспрыяльныя фактары негатыўна паўплывалі на дзяржаўны парадак. Спробы рэанімацыі савецкага строю Гарбачовым з трэскам праваліліся. Узнікла новая алігархічная Расея. Затое мы не назіраем атамнага папялішча і ўсеагульнага Чарнобыля.

***

Вось пры такіх абставінах рос на пачатку жыцця бацька. У якасці цацак дзеці пасляваеннай пары карысталіся патронамі і іншым армейскім рыштункам. Таму і не дзіва, што аднойчы ён з цікаўнасцю крышыў брусок толу, і яго маці, заўважыўшы такія дзеянні малога эксперыментатара, даўшы добрага кухталя, выкінула рэшту выбуховай прынады ў густы лес.

Я не ведаю, як тата выжыў сярод такіх знішчальных спакус… Да смяртэльнай спадчыны дапасоўвалася хранічнае недаяданне. У кіпень чыгуна бывала трапляла сімвалічная жменька іржаной мукі.

У цёплы перыяд ратавала вясенняя крапіва, потым шчаўе і гародніна. На зіму сушылі грыбы, квасілі капусту. Але да вясны запасы падбіраліся. Так і жылі.

Роднага бацькі не было. У 1944 годзе ён добраахвотнікам пайшоў на працоўны фронт і знік. Пазней з’явіліся брат і сястра ад іншага чалавека.

Прыйшлі калгасы, і навар з працадзён быў нятлусты.

***

Паводле ўспамінаў таты пры навучанні ў школе ён меў здольнасці да навук, але ляніўся. Так і бавіў час.

Не паспеў агледзецца, як прызвалі на службу. Маці змагла напакаваць цэлы сідр правіянту. Налічвалася харчу розных відаў: хлеб, масла і нават гусь. Але ежа не лезла ў рот і на чыгуначным прыпынку з наваспечаным сябрам у нейкім завулку перакінулі цераз плот пратухлае мяса птушкі і ўсё, што знаходзілася ў заплечніку.

Даехалі да Калугі, прайшоў курс маладога байца. Пасля запёрлі аж у Навасібірск. Вывучылі на сувязіста.

На чужыне бацька пакутваў ад настальгіі і са слязьмі на вачах глядзеў у той бок, дзе чакала Радзіма.

Служба праходзіла ў сцюдзёным краі. Выконваючы воінскі абавязак, пры рамонце лініі сувязі, быўшы ў кірзачах, адмарозіў ногі. Скура злезла, як панчохі. Акрыяўшы, дабываў свой тэрмін.

У выходныя, забраўшыся ў зацішак, пісаў лірычныя вершы, якія на “грамадзянцы” пайшлі па руках і іх след прастыў.

Перад дзембелем схапіў апендыцыт. Ачомаўшыся, звольніўся і рушыў да родных мясцін.

***

Да Беларусі бацька быў вымушаны ехаць даволі марудна, сучасных экспрэсаў тады не было. З прычыны вялікай радасці і пад уплывам дзембельскай традыцыі глынуў вясёлых напояў і не адзін раз.

Мабыць ужо ў Маскве зразумеў, што ўсе выдадзеныя на дарогу асігнацыі аселі ў купэйных рэстаранах-буфетах. На яго неспадзяванае шчасце намаляваўся матрос Ціхаакіянскага флоту. Слова за слова, і магутны чалавек у бесказырцы з братэрскай непасрэднасцю шырокай пяцярнёй зачэрпнуў з глыбокай кішэні гурбу каштоўных металічных кружочкаў, прыблізна каля чатырох рублёў.

Пытанне забеспячэння элементарных спажывецкіх патрэб паспяхова вырашылася. Ехалася з бадзёрым настроем, пакуль не дапяў да горача любімай Айчыны, зямлі продкаў.

***

Пачалося цывільнае жыццё з пошукам свайго месца пад сонцам. Тата перыядычна працаваў у Паставах на лесаскладзе, на трактары ў калгасе. Аж пакуль старшыня калектыўнай гаспадаркі не ўгаварыў стаць пастухом.

Аргумент на карысць жывёлаводчай прафесіі знайшоўся жалезны. Як і многія вяскоўцы, ён любіў глынуць “вінцука” ( так вяскоўцы з любоўю называлі таннае пладова-ягаднае віно), а тэхніка прыязна адносіцца толькі да цвярозых.

Сутаварышам і калегам нейкі час меўся чалавек з прозвішчам Хацяновіч. Потым бацька рабіў і з Каралёнкам, дзядзькам Элюсем, Пётрам. Цераз дзень пасвілі на працягу гадоў Навумец і Станіслаў Вярцінскі.

Хацяновіч адседзеў з-за п’янай дурасці, шчыра выхадзіўшы нейкага кіраўніка калгаса. Я памятаю высакаватага хударлявага мужчыну, хворага на туберкулёз, які зарабіў да сталых гадоў.

Пасвілі грымотныя спякотныя леты і дажджлівыя восені. А зімой цяжка душыліся на падвозцы кармоў. Сянаж і салома з буракамі дастаўляліся за некалькі кіламетраў на конях да кароўніка. Замерзлы сянаж секлі прыладай, спецыяльна зваранай на такі выпадак.

Было ўсялякае. Ратавалі дзіцячая і армейская закалка.

***

У 70-х гадах мінулага веку бацька спаткаў спадарожніцу жыцця, такую ж, як і сам, гаротніцу. Натуральна, з’явіўся і, на жаль, памёр мой старэйшы брат. Я завітаў у свет пазней.

Крыніца майго жыцця – матуля – мела досыць пекную знешнасць, была невысокага росту з выразнымі вачыма нябеснага колеру і анёльскім характарам. Яна наогул вельмі балюча прымала да сэрца чужыя непрыемнасці, перажываючы за розных людзей і жывёл.

Па чалавечай вартасці шматразова пераўзыходзіла так званых дабрадзеяў і фальшывых спачувальнікаў. Такой я запомніў сваю маму.

Калі я пішу гэтыя радкі, яна, на жаль, разам з татам знаходзіцца ў надзвычай дасканалым свеце духоўнай і вечнай чысціні па-за межамі недаразвітага разумення, на Боскіх далонях міласэрнасці.

***

Я ганаруся сваімі шчырымі бацькамі і адчуваю іх нябачную падтрымку. Ведаю, тата напісаў бы больш, але вычарпаў адмераны лёсам жыццёвы запас. Засталіся ўспаміны і светлая боль аб страце дарагіх мне людзей.

У цішыні пакоя кладуцца радкі апавядання і нечым залячыць бязлітасную прорву страты. Мяне на зямлі трымае толькі светлы абавязак памяці.

Ніколі не выйдзе бацька на вёску, і яго голас сціх навечна, на фізічным узроўні, а вершы жывуць. Без яго зацвітуць сады вясны і зніцеюць краскі лета. Не пачуе ён шоргату асенняга лісту, і завірухі зім абыякава пранясуцца над скалелай ад марозу магілай паэта. Так можна прадаўжаць бясконца…

Бывайце, тата і мама!