“Узгадка” пра Глыбокае ў 1414 годзе аказалася памылкай гісторыка

У 2014 годзе ўлады Глыбокага ўрачыста адзначылі 600-годдзе горада. На ўездах у горад з’явіліся лічбы “1414”, а ў продаж паступілі сувеніры з такой жа лічбай. Аднак уважлівае вывучэнне крыніц паказала, што дакумента 1414 года са згадкай пра Глыбокае не існавала, а меркаванне пра існаванне такога дакумента ёсць памылкай даследчыка.

Сенсацыйная навіна – што Глыбокае ўзгадваецца ў 1414 годзе — разляцелася ў 1990-х, калі ў рукі краязнаўцам трапіла ксеракопія з выдання “Vitoldiana: Codex privilegiorum Vitoldi Magni ducis Lithuaniae 1386-1430”, які выйшаў у 1989 годзе ў Познані пад рэдакцыяй вядомага польскага медыевіста Ежы Ахманьскага.

У “Vitoldianie” словы пра Глыбокае можна прачытаць у анатацыі да страчанага прывілею вялікага князя Вітаўта, які ў 1414 годзе пацвердзіў Зяновічу правы на вялікія ўладанні, у тым ліку “маёмасць, нададзеную яму Уладзіславам Ягайлам паміж Глыбокім і Паповічамі”. Вось за гэтую анатацыю ўхапіліся глыбоцкія краязнаўцы і ўвялі ў вушы мясцовым чыноўнікам, што ў 2014 годзе трэба адсвяткаваць 600-годдзе Глыбокага. Пры гэтым ніхто не ўзяўся прааналізаваць крыніцы, на якія спасылаўся Ахманьскі.

Аўтар гэтых радкоў у 2013 годзе паспрабаваў капнуць тэму глыбей – і высветліў, што ніякай згадкі пра Глыбокае ў 1414 годзе не было.

Сам Вітаўтаў прывілей Зяновічу даўно страчаны. Пра пергамент з 1414 года, да якога прымацаваная вялікакняская пячатка, піша ў тэстамэнце 1611 года ўладальнік Смаргоні і Глыбокага Кшыштаф Зяновіч. Ён наказвае дзецям берагчы гэты дакумент, які знаходзіўся “ў дубовай скрыні ў мураваным склепе” у Смаргоні, галоўным маёнтку Зяновічаў. Ніводнай цытаты з прывілею ў тэстамэнце няма 1.

Адкуль гісторыкам вядома пра змест прывілею? У 1817 годзе Зяновічы прадставілі дваранскаму згуртаванню Мінскай губерні вытрымку з Ашмянскіх земскіх кніг, дзе ў 1626 годзе быў запісаны тэкст прывілею або яго частка. Ашмянскія кнігі загінулі ў агні ў 1837 годзе, а дакумент 1817 года адшукаў у адным з варшаўскіх збораў гісторык Румбальт Полацкі. У сваім артыкуле “Z dziejów starostwa Dziśnieńskiego”, надрукаваным у 1913 годзе ў зборніку “Літва і Русь”, ён прыводзіць дзве цытаты з прывілею – адну на лаціне, другую па-польску.

Першая цытата: “Quas omnes haereditates videlicet lacus praefatus Zenowicz, filius Bratosin, ex donacione ser[reni] ssi[mi] principis et domini Vladislai Dei Gr[atiae] Regis Pol[oniae] nec non Supr[emi] Ducis Lith[uaniae], fratris mei clarissimi, nec non ex succesione haereditaria est assecutus cim hominibus et singulis proventibus, agris et pratis”.

Далей гісторык пераказвае змест дакумента – “Вітаўт пацвярджае Зяновічу права на ўладанне Myssę, Czordlonę, Hisznew над возерам Spiahlo, Czeczelicze з людзьмі рознымі (пастырамі конскімі, парабкамі) над возерам Narocz у паветах Miadiolskim і Markowskim, а таксама іншымі вёскамі і азёрамі, як Postawy, Mopow, Borowicze”, і прыводзіць яшчэ адну цытату: “з абмежаваннем іх межаў да рэк Osiercewicze, Chodogewicze, Gaprzyłuh, Łuczeczyce, Płocki, Ryczecy, Miedzielica, Kurowica, Łusica, Olbiecia, Dzisna, Berezwica i t.d… aż do granic Polockich”2.

Нядаўна, дзякуючы дапамозе гісторыка і архівіста Германа Брэгера, удалося азнаёміцца са зместам рэестра дакументаў на ўладанні Паставы, які быў складзены ў 1827 годзе і захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Першым нумарам там ідзе пераказ зместу прывілея Вітаўта Зяновічам, які, паводле складальнікаў, датаваны 1409 годам, а таксама прыводзяцца цытаты, якія датычаць межаў уладанняў Зяновічаў. Сярод пералічаных тапонімаў і мікратапонімаў Глыбокае таксама не згадваецца 3.

Можна заўважыць таксама і рознагалоссі з датаваннем прывілея Вітаўта Зяновічам Дакументы з 1817 і 1827 гадоў кажуць пра 1409 год як пра дату выдання Вітаўтава прывілея. Абапіраючыся на яе, Паставы ў 2009 годзе адзначылі сваё 600-годдзе. Тэстамэнт Кшыштафа Зяновіча, як мы ўжо згадвалі, гаворыць пра 1414 год.

Дык адкуль жа словы пра ўладанні “паміж Глыбокім і Паповічамі” ўзялася ў “Vitoldianie”?

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, дастаткова, чытаючы “З гісторыі Дзісненскага староства”, апусціць вочы на некалькі радкоў ніжэй. “З іншых крыніц, — піша Р. Полацкі, — ведаем, што каля 1380 года Уладыслаў Ягела зрабіў заснавальніку роду Корсакаў праз наданне ста міляў квадратных зямлі ў межах даўнага Полацкага ваяводства”. Гэта цытата з радаводу Корсакаў, складзенага ў 1718 годзе, дзе гаворыцца, што “rex dedit ei in haereditatem bona a Głębokie usque Popowicze” (“кароль надаў у валоданне маёмасць паміж Глыбокім і Паповічамі”).

Гэтая цытата і патрапіла ў анатацыю Ахманьскага. Прычым цалкам выпадкова. Відавочна, што яна не мае аніякага дачынення да прывілею Вітаўта, нададзенага Зяновічу. У радаводзе, складзеным напачатку XVIII стагоддзя, узгадка пра Глыбокае была патрэбная, каб даць чытачу ўяўленне пра лакалізацыю Корсакавых маёнткаў – аднак яна ніякім чынам не сведчыць пра існаванне Глыбокага ў час, калі гэтыя ўладанні былі імі атрыманыя.

Можна здагадацца, што падчас працы над выданнем Ежы Ахманьскі вельмі паспешна праглядаў працу Р. Полацкага і дапусціў такую памылку.

Што ж тады лічыць першай згадкай пра Глыбокае? Такм дакументам ёсць занатаваная ў Літоўскай Метрыцы судовая справа з 1514 года. Тады старац (прадстаўнік адміністрацыі) двара Глыбокае Юрыя Зяновіча Олай забіў селяніна Яневіча з Верхняга ды адабраў у яго пуд мёду, купленага на торгу ў Глыбокім. Скаргу падаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, якому належала сяло Верхняе. “Старац” быў прызнаны вінаватым, і мусіў выплаціць дзесяць коп (600) грошаў 4.

З той судовай справы можна даведацца, што ў Глыбокім быў двор, які належаў роду Зяновічаў, і што пры тым двары праходзілі “таргі”. Так у Вялікім Княстве Літоўскім адбывалася ўрбанізацыя – мястэчкі часта вырасталі з таргоў і пасяленняў рамесніцкага насельніцтва каля сядзібаў землеўласнікаў 5. У самых ранніх крыніцах – 1514 і 1555 гадах Глыбокае яшчэ не згадваецца як мястэчка, але крыніцы 1582 года ўжо выразна кажуць пра “глыбоцкіх мяшчан”6. Плошча паселішча Глыбокае ў XVI стагоддзі перавысіла 10 га7. Гэта значыць, што да канца XVI стагоддзя глыбачане набылі іншы, чым насельніцтва суседніх вёсак, статус, а Глыбокае стала буйным і значным паселішчам, эканамічным цэнтрам мікрарэгіёна.

PS.

1. Русская Старина, том ХХІ, с. 125-133.

2. R. Polocki. Z dziejów starostwa Dziśnieńskiego. Litwa i Ruś. R. 2, z. 10-11-12, s. 114-133.

3. AGAD, Archiwum Tyzenhauzów (AT), sygn. B 1/13.

4. Русская историческая библиотека, т. ХХ, ст. 189-193.

5. Бохан Юрый. Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV-XVIII стст, с. 270-271.

6. Hedemann Otton. Głębokie (szkic dziejów), s. 9-11.

7. Клімаў Марат. Археалагічныя назіранні ў г. Глыбокае – сайт westki.info, 26.12.2007.

Кастусь Шыталь