Варанецкая сельскагаспадарчая школа

Вясной 1904 года да цара Мікалая II звярнуўся шталмейстер яго двара (галоўны канюшы) князь Уладзімір Друцкі-Любецкі, уладальнік радавога маёнтка Манькавічы (цяпер у Пастаўскім раёне РБ). Ён прасіў “найвышэйшага дазволу” ахвяраваць на карысць Віленскага Таварыства сельскай гаспадаркі для арганізацыі ніжэйшай сельскагаспадарчай школы фальварак Варанец, плошчай каля 124 дзесяцін зямлі, які ўваходзіў у склад маёнтка Манькавічы і належыў просьбіту.

13 мая таго ж года прашэнне князя было разгледжана царом і задаволена. Вясной 1905 года на беразе Варанецкага возера пачаліся будаўнічыя працы. Непасрэдным заказчыкам будаўніцтва школы выступала Віленскае Таварыства сельскай гаспадаркі, а нагляд ажыццяўляла Міністэрства Земляробства і Дзяржаўных Маёмасцяў.

На ўзвядзенне сельскагаспадарчай школы было закуплена 300 тыс. цаглін, 100 кубоў каменя, 50 бочак вапны, цэмент і іншыя матэрыялы. Да 1907 года былі ўзведзены 2 каменныя і 4 драўляныя пабудовы: двухпавярховы цагляны будынак школы – навучальны корпус, цагляная сталовая для вучняў і выкладчыкаў, а таксама драўляны дом для кіраўніка, лазня, склеп для захоўвання малочных прадуктаў (малочная) і хлеў для жывёлы. Малодшы ляснічы Віленскага Лесаахоўчага Камітэту Васілеўскі дакладваў 20.02.1907 г. ва Упраўленне Земляробства і Дзяржмаёмасці Віленскай губерні: “[…] Усе пабудовы (драўляныя) ўзведзены з дыхтоўнага часанага бруса на мураваным падмурку і пакрытыя гонтай, каменныя дымавыя трубы ўсюды выведзеныя і скончаны. Гэтыя пабудовы маюць прыгожы і прыемны выгляд. Унутранае іх аздабленне мае быць праведзена вясной і летам гэтага года. Дзверы, вароты, аконныя рамы, бар’еры, веранды і ганак, дошкі для посцілкі падлог і падшыўкі столяў вырабляюцца ў Вільні на заводзе Парнеса…”.

Для правядзення вольнага часу навучэнцаў была абсталявана спартыўная пляцоўка і закуплены інвентар для гульні ў кракет. У Расею кракет прыйшоў з Англіі прыкладна ў пачатку 60-х гадоў ХІХ стагоддзя і адразу ж стаў самай распаўсюджанай і папулярнай гульнёй як у вышэйшым грамадстве, так і ва ўсіх адукацыйных установах. “Няма ніводнай прыстойнай навучальнай установы, дзе б не быў уведзены кракет”, – пісала адна газета таго часу. Паколькі ў ліку ахвяраваных князем Друцкім-Любецкім 124 дзесяцін зямлі было толькі 9 дзесяцін лесу, што было недастатковым для паўнавартаснага функцыянавання школы, то Міністэрства Земляробства і Дзяржаўнай Маёмасці з бліжэйшых да Варанца дзяржаўных лясных угоддзяў дадаткова выдзеліла яшчэ 116 дзесяцін лесу (урочышча Белаўшчына). Будаўнічыя працы ў Варанцы былі завершаны ў пачатку 1909 года. Князь Друцкі-Любецкі для абсталявання школы мэбляй і навучальнымі прыладамі ахвяраваў 40 000 рублёў уласных сродкаў. Пачаліся падрыхтоўчыя работы да адкрыцця навучальнай установы. Быў зацверджаны статут Варанецкай ніжэйшай с/г школы 1-га разраду (на падставе палажэння ад 27.12.1883 г.). У статуце гаварылася, што “Варанецкая ніжэйшая с/г школа Віленскага Таварыства сельскай гаспадаркі мае на мэце даць навучэнцам ў ёй асноўныя веды па сельскай гаспадарцы, звяртаючы асаблівую ўвагу на практычныя заняткі…”.

Згодна са статутам меркавалася, што ў 1-ы клас школы будуць прымаць “Асоб мужчынскага полу ўсіх саслоўяў, не маладзейшых за 15 гадоў, пасля ўступных работ па курсе гарадскіх і павятовых вучылішчаў (3 класа. Аўт.)”. Аднак, улічваючы тую акалічнасць, што школа была разлічана перш за ўсё на дзяцей сялян, якія ў большасці сваёй былі наогул непісьменнымі, у статут былі ўнесены змены, згодна з якімі ўступны адукацыйны цэнз быў паніжаны да выпускнікоў сельскіх вучылішчаў (2 класа). Акрамя таго, каб павялічыць колькасць патэнцыйных вучняў с/г школы, бліжэйшая да яе Манькавіцкая царкоўна-прыходская школа была ператворана ў сельскае двухкласнае вучылішча. 20 мая 1909 года адбыліся ўступныя экзамены. Па іх выніках першымі вучнямі Варанецкай сельскагаспадарчай школы сталі: Прохар і Андрэй Малько, Макарый Скурко, Міхаіл Шапотнік, Віктар Борыс, Пётр Радкевіч, Аляксандр Валынец, Ян Аўдзіцкі і Марэк Дземяшкевіч.

У тым жа годзе слова “школа” ў назве навучальнай установы было зменена на “вучылішча”. З гэтага часу навучальная ўстанова стала называцца Варанецкім ніжэйшым сельскагаспадарчым вучылішчам.
Першым кіраўніком с/г вучылішча Дэпартамент Земляробства зацвердзіў 21 лютага 1909 г. Мікалая Міхайлоўскага, выпускніка земляробчага факультэта Рыжскага Політэхнічнага інстытута. Але ўжо 17 красавіка 1909 года, праз няпоўныя два месяцы, Міхайлоўскі быў звольнены з займаемай пасады і на яго месца прызначаны выпускнік земляробчага факультэта Кіеўскага Політэхнічнага інстытута Сяргей Такмачоў.

Ганаровым апекуном вучылішча, аж да сваёй смерці, з’яўляўся князь Друцкі-Любецкі, а апекуном – граф Станіслаў Молі, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта. У абавязкі папячыцеля ўваходзіў агульны нагляд за ажыццяўленнем кіраўніцтва навучальнай установай. Намеснікам папячыцеля быў Эдмунд Пілсудскі, які скончыў у свой час Мікалаеўскае вышэйшае кавалерыйскае вучылішча. Ён прыходзіўся стрыечным братам Юзафу Пілсудскаму, будучаму маршалу Польшчы.

Выкладчыкамі ў Варанецкім сельскагаспадарчым вучылішчы працавалі:

Ісаін Уладзімір Мікалаевіч – ён выкладаў батаніку, земляробства і лугазнаўства.

Запольскі Аляксандр Аляксандравіч – выкладаў хімію, глебазнаўства і жывёлагадоўлю.

Валдманіс Арвід Янавіч – выпускнік земляробчага аддзялення Рыжскага політэхнічнага інстытута, выкладаў фізіку, чарчэнне, землеўпарадкаванне, заалогію, малочную гаспадарку і правазнаўства (асновы заканадаўства).

Лазарэвіч Уладзімір Мікалаевіч – выкладаў арыфметыку, геаграфію, геаметрыю і рускую гісторыю. Да гэтага Уладзімір Лазарэвіч працаваў выкладчыкам у Пастаўскім сельскім вучылішчы.

Дырэктар школы Такмачоў, акрамя выканання адміністрацыйна-гаспадарчых функцый, выкладаў сельскагаспадарчае машыназнаўства і сельскагаспадарчую эканомію і рахункаводства.

Настаўнікамі Закона Божага ў вучылішча служылі: настаяцель Манькавіцкай праваслаўнай царквы Міхаіл Міркавіч, а пасля яго смерці ў 1910 годзе, іерэй той жа царквы Павел Фёдаравіч Макарэвіч.

Навучэнцам каталіцкага веравызнання Закон Божы выкладаў ксёндз пробашч Пастаўскага касцёла Дзевульскі, а пасля яго пераводу ў іншую парафію ксёндз з Паставаў Казімеж Кавалеўскі. У пачатку 1915 года кс. К. Кавалеўскага змяніў кс. Аляксандр Нянеўскі.

У 1914 годзе на працу былі прынятыя яшчэ два маладыя настаўнікі – Лукін і Палтарыхін, абодва выпускнікі Багародзіцкага сярэдняга сельскагаспадарчага вучылішча.

Акрамя пералічаных вышэй прадметаў, у вучылішчы чыталі лекцыі па асновах сельскагаспадарчага “будаўнічага мастацтва”, правядзенню меліярацыйных работ і лесоводству, межавай справе, ветэрынарыі і гігіене, рыбагадоўлі і пчалярстве. Згодна са статутам, агульная колькасць рабочых і навучальных гадзін у дзень, разам з падрыхтоўкай урокаў, не павінна было перавышаць для вучняў 1-га класа 10-ці гадзін, для 2-га і 3-га класаў не больш за 12 гадзін у дзень.

У штаце вучылішча таксама лічыліся: лекар, канторшчык (Мікалай Паўлавіч Чмут), дзве кухаркі, тры прыслугі на кухні, адзін начны вартаўнік і фурман.

Навучанне было платным і складала 50 рублёў у год з вучня. У 1915 годзе, у сувязі з інфляцыяй, сума была паднятая да 55 рублёў. Курс навучання працягваўся тры гады і размяркоўваўся на тры класы, два з якіх былі агульнымі, а трэці спецыяльны, з падраздзяленнем на два паралельных: а) Земляробчы, б) Жывёлагадоўлі і малочнай гаспадаркі. Для заахвочвання лепшых вучняў Варанецкага Сельскагаспадарчага вучылішча былі заснаваныя дзве стыпендыі. Першая – імя нябожчыка князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага, якую заснавала 27 кастрычніка 1908 года яго ўдава – княгіня Марыя. Гэтая стыпендыя складалася з трох роўных частак. Першыя дзве, згодна апошняй волі, павінны былі ўручацца лепшым вучням вучылішча, жыхарам Манькавіцкай воласці праваслаўнага веравызнання. Трэцяя – лепшаму вучню католіку. Другая стыпендыя была заснаваная Дваранскім Сходам Віленскай губерні і штогод выдавалася вучню, які паказаў лепшыя вынікі ў вучобе, не залежна ад яго веравызнання і месца жыхарства.

Выхаванцы, якія скончылі поўны курс вучылішча, павінны былі прайсці абавязковую гадавую практыку ў прыватнай гаспадарцы, і толькі пасля гэтага, на падставе станоўчай справаздачы аб практыцы, атрымлівалі атэстат. Выпускніку таксама належыў бясплатны камплект новага форменнага адзення, ніжняй бялізны і абутку. Навучэнцы, якія паказалі падчас вучобы выдатныя вынікі, маглі быць (згодна з рэгламентам) заахвочаны каштоўнымі падарункамі, якія ужываюцца ў сельскай гаспадарцы (напрыклад, земляробчым інвентаром). Зарплата выкладчыцкага складу была наступнай:

– Кіраўнік атрымліваў 1500 рублёў у год.

– Выкладчыкі спецыяльных прадметаў – 850 рублёў.

– Выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў – па 600 рублёў.

– Законавучыцелі (Закон Божы) – па 400 рублёў.

Каб зразумець, шмат гэта або мала, давайце звернемся да статыстычных дадзеных пачатку ХХ стагоддзя. Сярэдні заробак у Расіі ў 1909 годзе складаў 35,71 рублёў у месяц. За год, адпаведна, 428,52 рубля. Такім чынам, заробак ніжэй сярэдняга ў Варанецкім с/г вучылішчы атрымлівалі толькі законавучыцелі (Закон Божы) і ,відаць, абслуговы персанал (кучар, вартаўнік, кухар…). Па стане на кастрычнік 1914 года ў вучылішчы налічвалася 64 вучні. З іх у першым класе – 22, у другім – 24, у трэцім – 18. У тым жа годзе, у сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, выпуск трэцяга класа быў праведзены датэрмінова. Некалькі вучняў старэйшага ўзросту былі прызваны ў дзеючую армію.

У 1915 годзе расійская армія пацярпела шэраг паражэнняў, і лінія фронту стала хутка набліжацца да Паставаў. У жніўні месяцы Варанецкае сельскагаспадарчае вучылішча ў спешным парадку было эвакуіравана ў Чарнігаўскую губернію на арт. Баровіцы, у сцены Майноўскага сельскагаспадарчага вучылішча, дзе працягнула сваю працу. Аднак неўзабаве, пасля бальшавіцкага перавароту, гэта навучальная ўстанова спыніла сваё існаванне.

Генадзь Квяткоўскі