Вяселлі. Успаміны Язэпа Квача

Вяселле – адметная падзея не толькі для сям’і і родных, але і для ўсіх, амаль без выключэння, аднавяскоўцаў. Не сказаць, што я шмат на якіх пагуляў, але добра памятаю вяселле Лёні Кавалёвай, Янака Фэлінага, свайго брата Толіка і Клёфусавых Анькі з Ірай ды Гэлькі Вандзінай, на якіх і сам гуляў. Першыя два запомніліся таму, што яны былі амаль што па-суседству. Лёніна адбывалася летам, і мы, малыя, праціскаліся ў хату. Яно мне запомнілася шумным, з песнямі і Ясевай ігрой на акардэоне. Ён іграў марш, а яго сястра Монька дапамагала і торкала яму ў кішэнь падораныя грошы. Дарэчы, тады на марш усіх сватоў віншаваў гарманіст і іграў усім аднолькавую мелодыю. З тых часоў я яе запомніў і цяпер сам магу яе сыграць на гармоніку, канечне ж, са сваімі варыяцыямі. Вяселле Янака запомнілася тым, што ўжо было холадна, мароз, але без снегу, і ў Квачах у адзін дзень было яшчэ вяселле Юзафкавага Янушкі. Янак быў старым кавалерам, на багата старэйшым за Лільку. Яна была вельмі пекная, як дарэчы і цяпер. Я таксама прайшоў у хату. І тут мне запомнілася Геня Петрусёва. Яна была за афіцыянта, падносіла стравы і выконвала гэту адказную работу з гонарам і форсам, высока трымаючы галаву (бо і сама яшчэ была на выданні і, напэўна, не траціла нейкую надзею). На кожнае вяселле збіраліся мужчыны і строілі браму. Для гэтага перад уваходам у дом укапвалі ў зямлю дзве бярозкі, вярхі ў іх злучалі, як маладых, да пары. Ставіўся столік, а на ім пачастунак для маладых (звычайна па чарцы віна). Калі маладыя прыязджалі з ЗАГСа, то яны мусілі былі прайсці праз браму. Тут іх віншавалі. Помню, у нас звычайна гэта рабіў Федзя, прыгожы падцягнуты з Карабоў муж Зоські Ан тончыкавай, былы дэсантнік. Мог прыгожа па-руску сказаць словы віншавання. Маладым крычалі “Горка!”, пры гэтым, бывала, Казік Янэчкаў страляў з ружжа. Астатнім брамнікам, такім, напрыклад, як мой бацька або Пётра Юстынаў, даставалася не такая адказная, але не менш прыемная місія – напіцца за здароўе маладых. Дарылі шчодра і самагонкі па звычаю выносілі вядро. А перад гэтым яшчэ маладым мы, малыя, закладвалі “рагатку”. Перацягвалі дарогу вяровачкай і затрымлівалі вяселле. Звычайна нам даставалася пара жмень цукеркаў, для нас тады і гэта была вялікая радасць.

А ўвогуле вяселлю папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Спачатку раіліся са сватамі, колькі будзе гасцей. Затым дамаўляліся са сваякамі, хто дапаможа гнаць самагонку, каго запрасіць за кухарак. Вянчаліся ў той час не ўрачыста, а хаваючыся, бо за гэта праследвалі, таму выконвалі гэты абрад заранне. А некаторыя нават і не вянчаліся. Памятаю, як жаніўся наш Толік, то якраз тады падаражэла гарэлка. Раней яна каштавала 3р.62к., а стала можа 4р.20к. Тады гэта было дорага, і купілі, знайшоўшы недзе па 3р.62к. “Зуброўкі”. Але потым шкадавалі, бо пілі яе не ахвотна. Самагонку Толік заказваў недзе аж у Докшыцкім раёне, для чаго вазіў туды жыта. Частку мы гналі дома. Бабка заварвала, а мы з татам гналі на нашай старыцы. Там было спецыяльнае места, дзе гналі спрадвеку. Для халадзільніка была выкапана спецыяльная копанка, адкуль бралі ваду. Дровы ў амшары былі на месцы. Мы таксама дапамагалі бацьку. Трэба было падліваць халодную ваду, сачыць, каб быў адпаведны агонь, каб не папёрла ў трубку брагу, зліваць у адно месца гатовы прадукт. Ніхто нас там не трывожыў, толькі адзін раз забрыў, не ведаю адкуль, Валодзя Вілін. Хаця яму тады было ўсяго 13 год, але бацька не пабаяўся наліць яму сто грам, каб мацней трымаў язык за зубамі. Напярэдадні вяселля зарэзалі з калгаса бычка, закалолі кабана, што трэба дакупілі (дэфіцыт быў на зялёны гарошак). Строілі (гатавалі) на вяселле, акрамя сваіх, Рэнька і Гунэфа.

Вяселлі раней былі часцей на два канцы, а ў нас было на адзін, бо нявестка (Светка Сарокава са Стураўшчыны) на той час жыла з маткай ў Рызе. Госці збіраліся недзе на часоў 12. Сталы былі ўжо накрытыя. Маладыя сядзелі за сталом. Госці падыходзілі і дарылі маладых (звычайна па 5-10 рублёў у залежнасці ад заможнасці сватоў). Бацькі і хросныя клалі на талерку больш. Садзіліся за першы стол і, даволі добра падсілкаваўшыся, ехалі ў сельсавет запісвацца. Пасля прыезду гулянка працягвалася. Гадзін да 8-10-ці.

Нас, хто быў на вяселлі, хлопцы прасілі вынесці чагонебудзь выпіць, і мы стараліся выканаць іх просьбу, ціхенька заткнуўшы сабе за пояс пачатую паўлітроўку. Вяселле суправаджалася бясконцымі вясельнымі песнямі (былі і народныя, такія, як “Касіў Ясь канюшыну” і сучасныя), жартамі. У парозе тоўпіліся бабы, што прыйшлі паглядзець на вяселле. Іх таксама частавалі. Помню, на Толікавым вяселлі была Клаўдзя Кавалёва, сядзела ля печкі і спявала даўнейшыя вясельныя песні. Ёй нехта дапамагаў. Спявала яна прыгожа, але песня была невясёлая, пра нялёгкую долю маладой, якой трэба жыць у чужой сям’і. Шкадую, што тады мне яна была не цікавая, як і ўся старына. А больш нідзе потым я падобных песень не слухаў. Затым ішлі на танцы. Танцы заўсёды бывалі ў канторцы (прасторная хата, дзе збіраліся на нарад). Перад гэтым прасілі Зымонаву Вацюню, каб яна там прыбрала і дала ключ. На танцы сыходзіліся не толькі сваты з вяселля, але і мноства аднавяскоўцаў. У паўзмроку з адзінай лямпачкай Ясь ці іншы гарманіст іграў полькі ды вальсы, а сваты танцавалі. Гэта была добрая нагода патанцаваць усім жадаючым, што яны і рабілі. Старыя бабы займалі ўсе лаўкі ў памяшканні і павінны былі ўсё выгледзець і ўсіх абмеркаваць. Моладзь соўгалася то ў памяшканне, то вон (пакурыць, глынуць, пасвіданчыць, пабіцца), дарэчы, для апошняга было шмат нагод, бо на вяселле прыходзіла моладзь з другіх вёсак. Маладыя хутка сыходзілі цешыцца сваёй першай шлюбнай ноччу, а мо для каго і не першай. А танцы працягваліся далёка за поўнач, недзе гадзін да трох. Пасля сватоў развадзілі па хатах спаць, каму не хапіла выпіўкі, заходзілі ў вясельную хату дабавіць (там былі гатовы да парыёму такіх гасцей). На другі дзень за стол сядалі недзе пад абед. Сваты пілі, спявалі, нешта расказвалі адзін аднаму.

На другі дзень вяселля маладая адорвала блізкіх свайго нарачонага. Бацьку, хроснаму, а таксама братам маладога дарыліся кашулі, а матцы, хроснай і іншым жанчынам, як тады было ў модзе, адрэз тканіны на сукенку. Пры гэтым свацці, што круціліся вакол дарэння выхоплівалі падарунак, раскручвалі яго і танчылі разам з адораным. Такі звычай. Малады адорваў родных маладой грашыма.

Добра паддаўшы, пачыналі чмурыць (вырабляцца). У нас Федзя пераапрануўся ў цыгана, яго падмалявалі, узяў заслонку ад печы і падыграваў на ёй, як на барабане. Затым ігралі традыцыйны марш, і к вечару госці разыходзіліся. Калі вяселле было на два канцы, то ў адрозненні ад вышэй апісанага, былі некаторыя змены. Сваты маладога прыязджалі перад запіссю да маладой і выкуплівалі яе. Гэта гульня часам зацягвалася надоўга, і калі дружкі (сяброўкі) маладой былі вельмі патрабавальныя (прасілі замнога грошай за маладую, а час да ЗАГСа паджымаў), то сваты маладога маглі ўзяць непрыступны бастыён і штурмам. І яшчэ ў такім вяселлі на другі дзень, дзесьці пад абед, вяселле пераязджала гуляць да маладога. І там гулянка працягвалася ўсю нядзелю, а часам і ў панядзелак. Канечне, не ўсе вытрымлівалі такую “нагрузку” на вантробы (унутраныя органы). На панядзелак заставаліся толькі самыя стойкія гулякі ды лайдакі.

Язэп Квач