Вясковы быт. Успаміны Язэпа Квача

Жылі ў мае гады на вёсцы па-простаму, як дазваляў прыбытак сям’і. А ён складаўся з палучкі, пенсій, нейкіх заробкаў за здадзенае малако або жывёлу.

Палучкі, асабліва ў калгасе на той час, скажам так, былі мізэрныя. Летам паляводы атрымоўвалі рублёў недзе 60, а зімой каля 30. Я памятаю гэта добра, бо перад палучкай на рукі даваў брыгадзір табель уліку. Звычайна даваў маёй маме, як самай “вушлай” (граматнай), да яе прыходзілі бабы і выпісвалі свае працадні. Часам гэту работу па просьбе выконвала мама, а то і я. Часта выхады былі “скручаны” (губляліся). Тады бабы ўказвалі на гэта брыгадзіру, і ён перадаваў на наступны месяц. Найбольшыя заробкі ў паляводстве былі на ільне. Яшчэ памятаю, калі памагаў маме ірваць лён уручную. Сотка тады каштавала адзін рубель. За дзень з мамай мы сотак пяць вырывалі і больш. Калі лён у калгасе даваў добры прыбытак, то давалі яшчэ за яго даплату на кожны зароблены ільняны рубель (льняныя).

Даяркі і цялятніцы ў калгасе атрымлівалі больш на адсоткаў 50. Аналагічна і механізатары. У час пільніцы (пасяўной ці ўборкі) і таго больш. Пенсіі былі зусім нікчэмныя. Памятаю, мая бабка атрымлівала спачатку 20 рублёў, а затым 28. Трэба адзначыць, што тады за такія грошы можна было купіць. Буханка хлеба каштавала 16 капеек, булка-вітушка – 25 капеек, пачак пячэння – 12, вафляў – 21-24, сто грамаў халвы – 12, кілаграм цукру – 70, солі – 6, мукі – 28, дзясятак яек – 80, кілаграм варанай каўбасы – 1р.65 к., кансервы рыбныя ў тамаце 33 кап., у алеі – 70 кап., кілаграм масла каля 3,5 руб., 0,5 літра алею 80 капеек, цукеркі-смактылі каля 1,5 руб., ша каладныя каля 3 рублёў, камса – 20 капеек, сялёдка 1,5–3 руб. за кг., рыба марская марожаная 50-70 капеек., касцюм мужчынскі 70-120 руб., білет на аўтобус у Глыбокае (13км) 20 капеек, мінскі матацыкл 400 рублёў, веласіпед 50 руб, бутылка віна (0.5 літра) каля 1,2 руб., бутылка гарэлкі 3,62 руб., літар бензіну 15-20 капеек, салярка 7 капеек і г. д.

Малако здавалі па 20 капеек, цялят і кароў у залежнасці ад укормленасці ад 1,6 да 2,5 руб., свініна была даражэй. Карабок запалак каштаваў 1 капейку, папяросы ад 10 да 28 капеек, махорка 6. Вось і мяркуйце, як можна было ў наш час шыкаваць на такія грошы, калі ў сям’і працавалі двое калгаснікаў, была якая-небудзь бабка-пенсіянерка і трое дзяцей. Неяк абходзіліся. Куплялі ў наш час толькі самае неабходнае з таго, што я пералічыў. Абыходзіліся сваім. Тут перш за ўсё гародніна: бульба, капуста, морква, агуркі, буракі, цыбуля, фасоль, боб. Кожная сям’я трымала курэй, свіней і, канечне ж, карміцельку-кароўку. Не было кароў, бадай, што толькі ў адзінокіх старых. На аснове ўсяго гэтага і складаўся наш рацыён харчавання. Раскажу, як было ў нас, дзе гаспадыняй ля печы, пакуль мы былі малыя, і мела сілу, была наша бабка Міхаліна. Памятаю, як яна яшчэ ўручную нажом шаткавала капусту і накладала яе поўную бочку, была бочка агуркоў, квашанага бацвіння. Яблыкі звычайна зімой захоўвалі на гарышчы ў мялінні, накрыўшы кажухамі.

Трэба засяродзіць увагу на мясных нарыхтоўках. Памятаю, нам вельмі хацелася дачакацца свежыны. Гэты час наступаў з надыходам халадоў. Калолі кабана або ў суботу, у выхадны, або вечарам, ці додня (вельмі рана), бо трэба было кожны дзень ісці на работу. Звычайна бацька калоў або з Клёфусам, або з Федзем. Я вельм баяўся свінячага піску і хаваў галаву ў падушку. Мужыкі, спарадкаваўшы кабана, частаваліся свежыной і абавязкова з выпіўкай. Бабка ў першы дзень перабірала кішкі, аддзяляла з іх кішкавое (тлушч, што быў ля кішок) і вымывала ўсе кішкі. Сала, як цяпер, у слоікі не складалі, а салілі вялікімі кускамі ў скрынцы з соллю. Косці салілі ў цабэраку і елі ўсю зіму. Кішкавы тлушч ператоплівалі. А заставаліся ажэміры, на іх смажылі бульбу. Нутраное сала (здор) салілі, скручвалі і потым на працягу года кідалі ў капусту, рабілі з яго падмазку. Кумбякі засольвалі або ў солі, або ў расоле, дзе яны знаходзіліся да вясны. А затым на сонцы севярылі (падсушвалі) і вешалі на гарышчы. Асабліва цікава было рабіць кілбасы. Бабка нажом рэзала для іх мяса і сала, дапраўлялі і напіхалі спачатку пальцам праз рыла (адсюль і пальцам пханая кілбаса), потым ўжо былі і машынкі, на якія начынялі кішкі. Усё мяса ішло ў кілбасы, а па-гэтаму выкарыстоўвалі і тонкія кішкі, частку тоўстых, куток і нават мачавы пухір. Рабілі вантрабянку з лёгкіх, нырак, касы, печані, сала і дабаўлялі шмат цыбулі. Яе потым варылі ў капусце. Кілбасы потым крыпалі (вешалі на шост) і сушылі ля печы .

Цяпер пра вясковыя стравы і чым мы харчаваліся. Разнастайнасцю яны не вызначаліся. Калі, каму і з чаго іх было рабіць? Памятаю, што, калі я прыходзіў са школы, бабка даставала амаль заўсёды з печы вараную капусту, часам з косткай. Падабалася яна мне не вельмі, а, па праўдзе, надаела. Яшчэ адзін год усю зіму елі булён з гароху. У печы ён добра ўправаў, і страва была больш уежная і музычная, чым капуста. На ранак часцей за ўсё елі падсмажанае сала з яйкамі, мучныя бліны ці бліны драныя (з бульбы). Калі бліны ад ранку заставаліся, то іх ставілі ў каструлю у печ, заправіўшы салам і смятанай. Як упрэюць – вось было аб’ядзэнне, як казала бабка, цымус (смаката). Часам начынялі салам бульбяную дранку, і яна даходзіла ў патэльні ў печы. Летам, памятаю, елі часцей за ўсё халаднік, крышаную і запраўленую смятанай цыбулю або агуркі. Часта пякліся сухары. У час паста заўсёды былі раўгеня, кісель з аўсянага хлоп’я, кіслы, запараны боб, камса, рыба або селядцы. На гарышчы на шасце віселі кілбасы і кумпякі, часам вэнджаныя, у скрынцы ляжала салёнае сала. І за гэтым мы самі лазілі і рабілі перакуску. Часам варылі квашаніну (халадзец), галубцы або пельмені. Ну і круглы год у розных відах елі бульбу, якая ніколі не прыядалася.

Небагата выглядаў і інтэр’ер хаты, якая часцей дзялілася на дзве паловы: кухню і залу, дзе была і агульная спальня. Сцены ў пакоях былі або паклеены шпалерамі, або атынкаваныя, або абабітыя сухой шчыкатуркай (гіпсакардон). Ложкі былі жалезныя, са спружыннымі матрацамі. А я яшчэ спаў на драўляным з сенніком, набітым саломай. Помню, калі яна саб’ецца, то мы з бабкай насыпалі матрац новай саломай, і на ім было спачату спаць вельмі высока, пакуль салома не саб’ецца. Звычайна ў зале стаяла яшчэ даўнейшая самаробная, памаляваная ўзорамі шафа, вісела люстэрка, на куце пад абразамі стол і некалькі крэслаў ды табурэтак. На кухні таксама стол, лава, услон для вёдзер з вадой, суднікі (палічкі для посуду). Амаль на паўхаты вялікая руская печ. У качарэжніку рознае начынне да печы. Яшчэ ўвосень у хату прыносілі калаўрот для прання, а раней і кросны, на якіх працавалі аж да вясны. Усё атапленне на кухні ад печы, а ў зале ад цаглянага, або кафельнага шчытка, або бляшанай трохпавярховай печкі.

Каля хаты ў кожнага былі гароды, дзе расло ўсё неабходнае. З гародніны звычайна нічога не куплялі, стараліся вырасціць усё сваё. Займалі гароды пару сотак, яшчэ столькі ж адводзілі пад сад. Усяго ў людзей было па 20-30 сотак зямлі. Ільвіную долю, амаль усё, адводзілі пад бульбу. Елі яе і самі шмат, і яна была асноўным кормам для свіней.

Хлявы ва ўсіх былі невялікія, з праварынай (зыгарадкай) для кароў, хляўцом, часам з дзенніком (надворная зыгарадка) для свіней, куратнікам і асобнай адхожай (уборнай).
Лазні былі агульныя і тапіліся па-чорнаму. У нашай, напрыклад, мыліся тры сям’і: наша 6 чалавек, Вінцуські 4 чалавекі і дзедавы 8 чалавек. Спачатку нам, малым, даводзілася мыцца ў “бабскім батальёне”, да мужчын мы пераходзілі ўжо недзе ў гадоў сем.

Што тычыцца транспартных сродкаў, то тады ў асноўным даступным быў веласіпед. Напомню, што каштаваў ён каля 50 рублёў. Часам у сям’і было іх некалькі, а часам і ніводнага. Асвойваць ровар мы пачыналі ўжо з пачатковай школы. Спачатку каталіся на педальцы, затым пад раму, а потым і на раму. Найбольш небяспечнай была язда пад рамку, бо тут даставалася нашым штанам. Яны звісалі якраз на ланцуг і ўкрыпаваліся ў вядучую звёздачку. Часам без дапамогі малому цяжка было і выкрыпацца. Помніцца, нашага Антуся выкручаваў з ровара дзед Паўла. Пасля гэтага на штанах заставаўся салідол і дзюркі ад звёздачкі. Пазней у некаторых старэйшых школьнікаў сталі з’яўляцца газавыя мапеды. У нашай сям’і з’ездзілі такіх ажно два. Матацыклы было можна пералічыць на пальцах. У асноўным былі “Іжы” ды “Мінскія”, часам “Васход”, “Ява” ці “Панонія”. На іх мужчыны ездзілі на працу, часам вазілі ў Глыбокае па нейкіх патрэбах сваіх родных ці суседзяў. Помню, у майго таты быў “Іж-Юпіцер”. Зімой ён стаяў у хаце пад акном, і я садзіўся на яго. Быў такі выпадак. Неяк на Вяліканне папрасіла баба Анэта прывезці яе з касцёла на матацыкле. Але строга наказала: “Глядзі ж, каб не ляцеў крэпка!” Бацька не стаў пярэчыць, але рашыў з бабы троху паздзеквацца, як ён потым расказваў. З Глыбокага выехалі павольна, а ўжо на асфальце бацька ўлупіў добра пад хвост свайму каню. З Мядзвёдкаўскай гары сотню і нават за сотню, баба ўчапілася і сядзіць ззаду не дыхаючы. Хаця і асфальт быў, але гэта ж не на сучаснай машыне, а на сядле савецкага матацыкла. Дома баба злезла з матацыкла, а бацька пытаецца ў яе:

– Ну як?

– Ну, яшчэ ж гэтак яно сабе (нядрэнна)?

Бацька быў у недаўменні, ён чакаў зусім не такой рэакцыі ад старой. А яна хоць бы сабе што, забрала свае манаткі (рэчы) і пасунулася дамоў. А я цяпер у тым нічога дзіўнага і не бачу. Проста трэба было добра ведаць нашу бабу Анэту. Нездарма яна была са шляхецкага роду Піскуновічаў. Для яе ўсё было не так, яна была пакрыўджана лёсам, як, дарэчы, і большасць жанок, напэўна, у нечым лічыла сябе вышэйшай за простых чаляднікаў. І рэакцыя яе на ўсе няшчасці, якія зваліліся на яе шыю, былі, як нешта прадвызначанае лёсам, фатальнае. І яна пабожна цягнула сваю лямку жыцця. І цяпер мне яе паводзіны зразумелыя, але пасмяяцца не грэх. Часам яна прыходзіла і да нас на сяло. І вядома ж, бабы “наракаюць” (крыўдзяцца) на сваю “долю чубатую”, на зяцёў, мужоў, дзяцей, нявестак, суседак. Бабка Міхаліна:

– Матачка Найсвенша, дай нам цярпення!

Баба Вінцуська:

– Матачка Найсвенша, дай ім навруцэння (навяртанне да лепшага)!

А баба Анэта ўсё сядзіць і маўчыць. Не ўмешваецца, слухае і ў канцы дадае з крыўдай:

– А як жа я!

І мне цяпер яе шкада, бо ёй “найбольш балюча і цяжэй за ўсіх сабраных на сяле разам”.

Што тычыцца легкавых аўтамабіляў, то першыя “Жыгулі” ў Квачах з’явіліся ў Яся Абламавага. Але я б не лічыў іх Квачоўскімі, бо Ясь недзе праз год выехаў у Глыбокае. Па-сапраўднаму першым легкавіком у нашай вёсцы я лічыў бы, Пачкоўскага Ванькі “Масквіч” з нумарам 51-00 ВТЩ. Нумар я памятаю дакладна, бо і самому даводзілася на ім ездзіць. І калі былі ў некага вельмі пільныя патрэбы, то звярталіся да Ванічкі, і ён, маладзец, не адказваў. Бензіну тады было мора, і быў ён даступны па цане, а тым больш, што Ванька працаваў на “Калхідзе”.

Прыгадваю, што старыя часта бавілі свой час за гульнёй ў карты, асабліва летам. Часцей за ўсё гулялі ў падкіднога дурня. Збіраліся ў майго дзеда Ігналі (бо ён быў карцёжнік заядлы), часам у Аблама. Прыходзілі Янэчык, часам яго Юзюк, Паўла, Бронічка крывы, Ігнась, далучаліся свае. Збіраліся ўжо пасля абеду, калі ў касцеле адбудзецца імша. Жарсці разгараліся не на жарт, асабліва, калі Янэчык у канцы вешаў некаму “пагоны”. Заседжваліся, аж пакуль не трэба было ісці па кароў.

Язэп Квач