Выезд у пушчу (магілы польскіх паўстанцаў 1863 года)

На станцыю Падсвілле прыбыў за намі пан Зыгмунт параконным экіпажам. Ехалі карацейшай дарогай праз маёнтак Мядзведзева. Калі ўехалі на панадворак маёнтка, праз які трэба было праехаць, апанавалі нас гуртам сабакі, заядла брахалі, на водгук якіх выйшла з дому некалькі чалавек, між іншымі і панна Феліцыя з распушчанымі, як у німфы валасамі. Убачыўшы мяне, зарумянілася, як вішня, хвіліну пастаяла, падобная да вадзяной русалкі, пасля чаго адышла ў ганак дома. Гэта было нечаканае спатканне, яе густыя распушчаныя валасы, а таксама яе гібкая і зграбная фігура з румянцам на твары надалі ёй чароўны выгляд, які выклікаў у мяне жар кахання да яе.

Пан Мясаед папрасіў нас, каб мы зайшлі ў хату, аднак мы падзякавалі і паехалі ў Слабодку, якая знаходзілася за 2 км ад Мядзведзева. У Слабодцы мой час мінаў вельмі міла і весела. Гасціннасць была сардэчная.

Мы наведалі два засценкі сярод Галубіцкай пушчы, якія належалі роду Буйніцкіх пад назвай Налівайкі і Філіпова. Гэтыя засценкі былі ўзятыя ў арэнду праз так званую загонавую (наездную) шляхту. Гэта арэнда пераходзіла ад бацькі да сына праз цэлыя пакаленні без змены. У гэтай пушчы мы адведалі магілы польскіх паўстанцаў 1863 года, на якіх палякі таемна ставілі крыжы, а царскія сатрапы гэтыя крыжы ламалі.

Аддаючы пашану палеглым героям, якія спачываюць у гэтай пушчы, з’яўлялася мне як жывая постаць св. памяці дзеда, які мне распавядаў, як змагаўся ў той пушчы за свабоду Айчыны, а потым зносіў нягоды і мучэнне ў Сібіры. Згодна аповеду пана Мясаеда з Мядзведзева, то яго бацька таксама браў удзел у паўстанні і добра ведаў майго дзеда Ражноўскага. Яго бацька памёр пасля атрыманых ран ад казакаў. Належаў да атрада паўстанчай польскай кавалерыі. На маю просьбу пан Зыгмунт Буйніцкі згадзіўся на побыт у пушчы да тыдня. Ездзячы па пушчы, мы праехалі да 90 – 100 км дарогі. Не шкадаваў страчанага часу, паколькі гэта пушча ўварвалася ў маю душу так глыбока, як глыбока меў памяць пра дзеда.

Пасля тыднёвага побыту ў пушчы вярнуліся дадому, нагружаныя поўнымі кошыкамі розных ягад, маладых грыбкоў, баравічкоў, якіх было ў пушчы як смецця.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля