Як адна знаходка разбурыла мясцовы гістарычны міф

Гэты артыкул увайшоў у першы нумар часопіса “Паазер’е”.

Жывучы ў розных населеных пунктах, мы часта задумваемся, чаму яны носяць тую ці іншую назву. Вельмі часта назва паселішча асацыюецца з нейкай легендай ці паданнем.

Падобна на тое, што пасля антыцарскіх паўстанняў ХІХ стагоддзя, асабліва пасля апошняга, вядомага як паўстанне Каліноўскага, царскія ўлады праз сваіх папоў, чыноўнікаў і настаўнікаў сталі свядома распаўсюджваць розныя легенды пра назвы населеных пунктаў, якія тлумачылі іх з расійскага пункту погляду.

Згодна гэтых легендаў, назвы мястэчак і вёсак звязаныя з расейскім царом Пятром І, царыцай Кацярынай ІІ або з іх генераламі. Асабліва шмат гэтых паданняў было звязана з Кацярынай ІІ, якая, калі ім верыць, пабывала літаральна ў кожным нашым мястэчку. Хаця дакладна вядома, што тэрыторыі заходней Дняпра расейская імператрыца ніколі не наведвала. Складваецца ўражанне, што матушка-імператрыца разам са сваімі генараламі ездзіла па былых абшарах Вялікага княства Літоўскага і давала назвы нашым безымянным паселішчам.

Мне не раз даводзілася чуць, што назва маёй вёскі Завараты ўзнікла ад таго, што менавіта тут расейскія войскі, вядома ж з самім Пятром на чале, завярнулі шведаў. Трэба яшчэ сказаць, што назва недалёкай ад нас вёскі Прыпернае тлумачылася падобна: маўляў, тут расейцы шведаў прыпёрлі. Незразумела толькі, прыпёрлі да чаго. Гэта ўсё падаецца абсурдным, улічваючы той факт, што нашы землі напачатку XVIII стагоддзя ў склад Расеі, а на той час яшчэ Маскоўскага царства, не ўваходзілі, а былі часткай Рэчы Паспалітай. Апошняя ў Паўночнай вайне, якую вялі Расея і Швецыя, выступала як саюзнік Расеі. Але нават ва ўгоду саюзніку тагачасная ўлада не стала б пераназываць свае вёскі. Тым больш, што паводзілі нашы саюзнікі тут далёка не па-сяброўску.

Яшчэ адну легенду пра нашу вёску ў свой час я пачуў ад свайго бацькі, Антона Лупача. Згодна яе, вёска стаяла з паўкіламетра на поўнач ад яе пазнейшага месцазнаходжання. Але ў Паўночную вайну яна была спаленая. Кім канкрэтна, ці расейцамі, ці шведамі, невядома. Улічваючы тагачасныя абставіны, гэта злачынства прыпісвалася шведам, якіх пасля разбілі царскія войскі. Тым больш, што непадалёк ад Заваратаў ёсць урочышча Шведы, дзе па словах старажылаў і пахаваныя тыя шведскія вайскоўцы.
Гэта падаецца цалкам праўдзівым, бо ў 80-х гадах мінулага стагоддзя мой дзядзька Пётра Лупач распавядаў мне, як яны, будучымі падлеткамі, раскопвалі гэтыя магілы і знаходзілі там чарапы. Было гэта, хутчэй за ўсё, за часамі Першых Саветаў, калі гэта зямля перастала належыць пану Палачанскаму, а хлопцы спадзяваліся знайсці ў гэтых магілах золата.

Я сам памятаю, што яшчэ ў 70-я гады гэта месца цалкам нагадвала могілкі з надмагільнымі камянямі, дзе раслі сосны. Потым гэтыя сосны былі зрэзаныя і месца гэты набыло сучасны занядбаны выгляд.
Дык вось, згодна з аповядам бацькі, вёска была адбудаваная на новым месцы, уздоўж дарогі, якая вяла з Параф’янава (або Пархвенава) на Дунілавічы. Якраз у раёне нашай вёскі гэты шлях рабіў два крутых павароты, або завароты. Адсюль, маўляў, і ўзнікла назва вёскі. Такім чынам, гісторыю Заваратаў можна было лічыць ад пачатку XVIII стагоддзя. Але пісьмовых крыніц па гэтых падзеях не было. Доўгі час я меў толькі дакумент, у якім прыводзіўся пералік населеных пунктаў створанай расейцамі Мінскай губерні за 1795 год. У гэтым дакуменце значылася і сяло Завараты. Доўгі час гэта было для мяне найстарэйшай гістарычнай крыніцай, у якой згадвалася мая вёска. А тое, што Завараты значыліся менавіта як сяло, а не вёска, давала падставу сцвярджаць, што на той час тут ужо стаяла царква.

І вось нядаўна краязнаўца Кастусь Шыталь даслаў мне дакумент, згодна якога вёска Завараты (у дакуменце Заварот) была ўжо ў 1680 годзе. Гэты дакумент мае назву ”Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Наваградскага сабораў 1680 – 1682 гадоў”. Вёска Заварот тады адносілася да Дзеркаўшчынскай парафіі, гэта значыць сваёй царквы напрыканцы XVII стагоддзя тут яшчэ не было.

Гэта знаходка цалкам разбурае міф пра ”заварот” шведскіх войскаў расейцамі, і ўносіць свае карэктывы ў тое паданне, што ў свой час распавёў мне бацька. Цалкам магчыма, што назва вёскі ўзнікла ад заваротаў на шляху, але звязана гэта не з Паўночнай вайной. Што праўда, войскі да пажару вёскі ўсё ж могуць мець дачыненне, але звязана гэта будзе хутчэй за ўсё з Патопам – вайной Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654 – 1667 гадоў. Ці пацярпелі ў ходзе гэтай вайны Завараты яшчэ належыць высветліць.

Зміцер Лупач