Як Глыбокае далучылі да “дзяржавы Латгалія”

Неяк, ужо даўнавата, вечнай памяці краязнаўца Язэп Бунто сказаў мне: “Пасля вайны, Латвія звярнулася да Беларусі з прапановай перадаць Браслаўшчыну – Латвіі. Маўляў, для буйнога прамысловага цэнтра як Даўгаўпілс – патрэбная зона адпачыну. З гэтай нагоды, нават, быў праведены “плебісцыт” на Браслаўшчыне, і пераважная большасць выказалася – “За” далучэнне да Латвіі. У апошні момант кіраўніцтва БССР схамянулася і адмовіла кіраўніцтву Латвійскай ССР”.

Я задаваў пытанне браслаўскаму краязнаўцу Кастусю Шыдлоўскаму, ці вядомы яму вышэйзгаданы факт? Ён адказаў – не! Але ж і Язэпу Бунто – можна верыць, ён напісаў дзясяткі артыкулаў для энцыклапедычных даведнікаў. Магчыма, гэты “плебісцыт” стаўся засакрэчаным?

Аднак, вось што я прачытаў ва “Успамінах народнага настаўніка”, якія некалі ў 1971-73 гг напісаў Аляксандр Антонавіч Сабалеўскі (1886-1983), якія ўнукамі выдадзеныя кнігай у 2018 г.

Аказваецца, ідэя далучыць частку сённяшняй Віцебскай вобласці да Латвіі, ці Латгаліі – мае 100-гадовую гісторыю і ніколі не здымалася “з павесткі дня”. Працытую цалкам успаміны А. Сабалеўскага з захаваннем стылю арыгінала.

«ДЗЯРЖАВА ЛАТГАЛІЯ»

У верасні 1918 г. акупанты, адчуваючы моцныя ўдары Чырвонай Арміі і бязлітасную барацьбу народных мас у акупаваных імі абласцях, вырашылі стварыць пры садзейнічанні мясцовых контррэвалюцыйных сіл самастойную марыянетачную дзяржаву Латгалію, каб утрымаць яе за сабой. Для прывядзення ў жыццё гэтай задумы ў горадзе Дзісна быў скліканы з’езд. Дэлегатам ад горада Глыбокага і воласці быў выкліканы ў Дзісну ўрач Мікалай Пулікоўскі. Я прапанаваў глыбоцкаму валасному старшыні Дайлідзёнку заявіць пратэст на з’ездзе аб тым, што мяшчане горада Глыбокага і сяляне Глыбоцкай воласці нікога не ўпаўнаважвалі вырашаць пытанне аб далучэнні горада Глыбокага і воласці да новай дзяржавы Латгаліі. Мы паехалі ў Дзісну і там мною на з’ездзе быў зачытаны пратэст, які падтрымалі некаторыя дэлегаты, заявіўшы аб нежаданні народных мас Дзісеншчыны далучацца да новай выдуманай дзяржавы. Гэты пратэст быў зроблены ў прысутнасці нямецкіх афіцэраў, якія займалі месца ў прэзідыуме і па-сутнасці вялі з’езд. Але з’езд большасцю галасоў вынес пастанову аб утварэнні «дзяржавы Латгаліі». Праз некалькі дзён з Дзісны было атрымана паведамленне на імя мясцовага начальніка паліцыі аб уключэнні горада Глыбокага і Глыбоцкай воласці ў «дзяржаву Латгалія». Паведамленне гэтае было прачытана начальнікам паліцыі на валасным з’ездзе. Я ўскочыў на бочку і выступіў з прамовай супраць такога рашэння. Сход сялян гнеўна адхіліў гэтае рашэнне. Тое ж адбылося і ў астатніх валасцях павета. Так новая буржуазная «дзяржава Латгалія», не нарадзіўшыся, перастала існаваць”.

Пры ўсёй павазе да народнага настаўніка, хацелася б адзначыць, што хоць “сход сялян гнеўна адхіліў гэтае рашэнне”, ніякай вагі гэтае “адхіленне” не мела б, каб немцы затрымаліся яшчэ на год ці хоць на паўгода даўжэй.

Як бачым, абвяшчэнне “дзяржавы Латгалія” адбылося ў верасні 1918 года, а праз два месяцы, з прычыны рэвалюцыі ў Нямеччыне, акупанты ў снежні 1918 года пакінулі не толькі Дзісенскі павет, але і ўсю Беларусь. Да таго ж утварэнне “дзяржавы Латгалія”, як бачым, насіла прыкметы легітымнасці. Быў сход у Дзісне, былі дэлегаты і ад Глыбокага (урач Мікалай Пулікоўскі), сам аўтар успамінаў, прысутнічаў і выступаў супраць. З’езд жа, усё ж, большасцю галасоў прагаласаваў дадатна. Сама ідэя “дзяржавы Латгалія” падтрыманая “пры садзейнічанні мясцовых контррэвалюцыйных сіл”. Рашэнне з’езда дэлегатаў было “прачытана начальнікам паліцыі на валасным з’ездзе” ў Глыбокім. Усё – досыць сур’ёзна! Аднак паўтаруся: сама ідэя не была зрэлізаваная толькі таму, што немцы праз два месяцы пакінулі Дзісеншчыну і Беларусь.

У свой час мне, калі жыў у Латвіі, як ІТР, трэба было здаваць іспыты па латышскай мове. Купіў у кнігарні латышска-рускі слоўнік і кніжку “Latgales liktenis” (“Лёсы Латгаліі”). Кніга напісаная ў 1930-я гг і перавыдадзеная ў пачатку 1990-х. Потым я зразумеў, што гэтая гістарычная кніга са спецыфічнай тэрміналогіяй і цытатамі на латгальскай мове, не самы лепшы варыянт вывучаць мову, прасцей узяць газету. Аднак адзін з артыкулаў мне падаўся цікавым і яго са слоўнікам, усё ж, пераклаў. Цытую, як памятаю: “Нашая дэлегацыя, што вяла перамовы ў Маскве, была некампетэнтная, а нашыя войскі не паспелі дайсці да Полацка. Таму мы страцілі такія абшырныя тэрыторыі: Асвея, Дрыса (цяпер Верхнядзвінск), Расоны, Дзісна, Полацк…”

У Полацку, аказваецца, езуітамі былі надрукаваныя першыя латгальскія кнігі. І ён уважаўся за сталіцу Латгаліі. У кнізе давалася тлумачэнне вышэйзгаданых тапонімаў з латгальскай мовы. Рака Палата, як памятаецца, – “гандлёвая рака”. Увогуле, цікавая сама канцэпцыя “дзяржавы Латгалія”. Калі за аснову тэрыторыі расслялення беларусаў этнографы бралі беларускую мову незалежна ад рэлігійнай канфесіі (каталіцтва ці праваслаўе), то тут за аснову рассялення латгалаў бралася тапаніміка і тэрыторыя, дзе жывуць католікі. Маўляў, каталіцкае насельніцтва ахрышчанае пазней, то бок гэта – колішнія паганцы (язычнікі), а значыць латгалы (балты).

І апошняе. Сама ідэя “дзяржавы Латгалія” сталася для беларусаў не такой ужо і бяскроўнай. Згадаем трагедыю Росіцы на Верхнядзвіншчыне і ўсёй вакольнай тэрыторыі ў час апошняй вайны. Праводзілася зачыстка тэрыторыі Асвейшчыны, Расоншчыны, Дрысеншчыны пад будучую “вялікую Латгалію”.

Ідэя “дзяржавы Латгалія” па збегу пэўных гістарычных прычынаў не здзейснілася… А што змянілася з таго часу? Цяпер народ хвалюе, як бы гэта найхутчэй здабыць “картку паляка”! Была б сёння “карта латгала”, а то і “карта немца” – знайшліся б і ахвотныя яе атрымаць!

Уладзімір Скрабатун