Як мы, не ведаючы таго, адзначылі 65-годдзе БНР

Адбылося гэта ўжо ў далёкім, 1983 годзе, якраз на 25 сакавіка. Вучыўся я тады ўжо ў Глыбокім. Да школы было 22 кіламетры, і даволі часта мы туды не даязджалі. Называлася гэта ў нас пайсці на вагары або звагарыць. У Глыбокім гэты выраз вядомы кожнаму школьніку, азначае ён прапусціць заняткі, вядома, без нейкай важнай на тое прычыны. Але не проста прапусціць, седзячы дома, а некуды падацца: ці ў лес, ці ў іншы горад, або проста дзе адшвэндацца па заўголлях.

Як некалі пісаў Андрусь Храпавіцкі, у Глыбокім гэта слова прыжылося яшчэ да вайны, за польскім часам. Азначала яно і тады тое ж самае, што і ў наш час. А ў польскую мову гэтае слова прыйшло з лаціны, дзе “vagārī” азначае “швэндацца, бадзяцца без справы”.

Пік вагараў прыходзіўся на цёплыя восеньскія або вясеннія дзянькі, калі ў школу аніяк не хацелася ісці. Вядома, без справы на вагарах мы не сядзелі: можна было паглядзець, як загружаюцца мінеральнымі ўгнаеннямі самалёты на аэрадроме за горадам, пакалупацца ў жаляззі на чармеце, папіць “чарніла” ў лесе, ды ці мала было якіх цікавых заняткаў! Кампутараў і тэлефонаў тады ж яшчэ не было.

Гэта былі часы савецкай застойнай вольніцы, калі на нашыя пропускі асабліва ніхто ўвагі не звяртаў, ну пару – тройку разоў выклічуць да завуча ці дырэктара, адчыхвосцяць, пастаіш там, галаву патупіўшы, як блудны сын, а назаўтра зноў за сваё.

І вось у сакавіку зноў перанеслі вясеннія канікулы, што ў тыя гады здаралася часта. Пачацца яны павінны былі 1 красавіка замест 24 сакавіка. А рабілася гэта з-за бездарожжа, якое наступала тады на пачатку красавіка. І раённы аддзел адукацыі пераносіў вясеннія вакацыі на тыдзень пазней, калі наступаў самы яго пік. Бо вялікай савецкай краіне, якая ўжо пабудавала развіты сацыялізм і вось-вось павінна была пабудаваць камунізм, некалі было займацца такой дробяззю як дарогі. А цярпелі ад гэтага мы, бо на канікулах па “скрыні” паказвалі мульцікі і іншыя цікавыя дзіцячыя перадачы. Пра такога звера як Інтэрнэт мы тады яшчэ не чулі. І вось уся гэта несправядлівасць нараджала ў нашых падлеткавых галовах своеасаблівы пратэст.

Таму 24 сакавіка, едучы са школы, мы цвёрда пастанавілі, што заўтра ў школу не ідзём. Прычым вырашана было нават не браць з сабой кніжак і сшыткаў, а адразу ўзяць самагонкі, сала, хлеба і паехаць у лес. Тым больш і нагода была, 25-га – каталіцкае Звеставанне. Гэта свята ў нашых вёсках вельмі шанавалася: старэйшыя людзі казалі, што ў гэты дзень птушка гнязда не ўе, а дзеўка касу не пляце. А тут у нейкую школу ісці!?!

Таму назаўтра мы ўчатырох ехалі ў горад экіпіраваныя, як і дамовіліся раней. Сваімі планамі мы падзяліліся яшчэ з двума сябрукамі, якія вучыліся ў прафтэхвучылішчы, якое ў нас звалі хабзайняй. Тыя папрасіліся таксама далучыцца да нашай пожонднай кампаніі. Мы пагадзіліся іх прыняць, але ў краме тады трэба купіць яшчэ пару бомбаў. Так у нас звалі таннае віно, разлітае ў тару 0,7.

Прыехаўшы ў Глыбокае, трэба было дзве гадзіны пачакаць на аўтастанцыі, каб сесці ў аўтобус, што ішоў на Паставы. Чаканне было крыху нэрвовым: а раптам завуч завітае сюды (а яна часам такую моду мела) і пагоніць нас у школу. А ў нас у сумках зусім не падручнікі ляжаць! Таму і дакупляць адмысловыя напоі вырашылі ўжо ў вёсцы.

Далей наш шлях ляжаў у Пастаўскі раён, у вёску Ваўкі, якую зараз нейкія паўглоўкі перайменавалі ў Валкі. З Ваўкоў да нашай вёскі было сем кіламетраў, і якраз на сярэдзіне гэтага шляху мы і вырашылі адзначыць свята. Але трэба было схадзіць яшчэ ў краму за віном. А там была строгая прадавачка, якая дзецям алкаголь не прадавала, патрэбна было мець васямнаццаць гадоў.

Але ў нашай кампаніі быў хлопец, якому васямнаццаць споўнілася яшчэ ў снежні. Таму сабраныя па ўсіх кішэнях капейкі і мятыя рублі мы аддалі яму, а самі сталі чакаць. Але ня лёс – магазіншчыца не паверыла ў яго васямнаццаць, а дакумента з сабой не было. Сталі думаць, як быць. Можна было папрасіць каго са старэйшых, але тады прышлося б дзяліцца.

І выхад знайшоўся! Мой сябрук, нягледзячы на свае няпоўныя сямнаццаць, выглядаў старэйшым. Быў ён каржакаваты, шырокі ў плячах, таму вырашылі паслаць яго. А каб выглядаў больш салідным, вырашылі завязаць яму гальштук.

Трэба сказаць, што наш ваенрук прымушаў на заняткі ваеннай падрыхтоўкі насіць гальштукі. Мы, у адрозненне ад гарадскіх, насіць іх саромеліся. І адразу пасля ўрокаў хавалі іх у кішэню. І вось ці то ў мяне, ці ў каго іншага знайшоўся ў кішэні гальштук. Быў ён змяты, як кажуць, як са ср@кі выняты. Але яго адпрасавалі аб калена, завязалі, расшпілілі пінжак, каб было відаць, што чалавек салідны, не нейкі там валацуга, і адправілі сябрука ў краму. І той праз хуткі час выйшаў, пераможна трымаючы ў кожнай руцэ па бомбе.

Радасныя, мы накіраваліся ў лес. Там знайшлі пагурынку, дзе ўжо растаяў снег, распалілі лом (так у нас называюць касцёр), і пачалося святкаванне. Застолле перапынялася гульнёй у снежкі, проста бегатнёй адзін за адным. За тры гадзіны мы так здратавалі лес, што назаўтра знаёмы мужык, праязджаючы тут, казаў, што думаў, што гэта ласі збіраліся на гон.

Так, самі таго не ведаючы, мы, яшчэ школьнікі, адзначылі 65-цігадовы юбілей БНР. Пра гэты выпадак я ўспомніў нядаўна, падумаўшы, што, відаць, нашы беларускія гены адчувалі і тады, што 25-га – гэта вялікае свята!

Зміцер Лупач