Як ухіляўся ад расійкага войска. Успаміны Каэтана Ражноўскага

У 1909 годзе мне давялося станавіцца на прызыў да войска ў Докшыцах. Я дамовіўся з групай габрэяў, якія за пяцьсот рублёў абяцалі забяспечыць мяне белым білетам, які б вызваляў ад службы ў войску. Але я не быў упэўнены ў гэтым вызваленні, пагэтаму прадаў свой прадуктовую краму, таму што сёстры не маглі б яе праводзіць. Акрамя таго, старэйшая сястра Ядвіга мела ўжо жаніха і ў хуткі часе мелася ўзяць шлюб і адбыць у Пецярбург, дзе жаніх працаваў на ваенным заводзе старшым токарам.

Малодшую сястру Марыю аддаў да навучання крою і шыццю. Габрэі, якія ўзяліся мяне звольніць з войска, павінны былі замест мяне знайсці іншага чалавека са зламанай нагой. Гэты чалавек не можа быць з Докшыц, таму што там стаялі мае калегі з таго ж самага году і таму маглі б выявіццамае высілкі ўхіляцца ад войска.

З-за маёй няяўкі на прызыўную камісію мяне пачалі шукаць як асобу, якая ўхіляецца ад прызыву. Мае ратаўнікі ад войска вырашылі стаць на прызыўную камісію ў павятовым горадзе Барысаве, дзе мяне ніхто не ведаў. У гэтым выпадку ўзнікла неабходнасць забеспячэння Пасведчаннем маёй асобы для праходжання камісіі. Асобнік, які павінен быў стаць маёй заменай, меў блакітныя вочы, а на плячах чырвоныя плямы. У мяне ж былі вочы цёмна-шэрыя, на плячах не меў ніякіх плям.

Таму я пайшоў у гміну Вітунічы, як да гміны прыналежны, каб там выбраць патрэбнае пасведчанне, адпаведнае колеру вачэй і слядам на спіне. Пасля прыезду запрасіў на вечар сакратара гміны. Каб схаваць вочы, надзеў цёмныя акуляры. Пасля прыходу пісара азнаёміў з мэтай майго прыезду. Пасля чаго выцягнуў бутэльку каньяку і закуску. Выпіўшы каньяк, закруцілася нам у галовах. Мы сталі сябрамі на ўсё жыццё, тым больш што з гутаркі вынікала, што ў адзін час мы вучыліся ў гарадской школе ў Докшыцах, таму абдымкам не было канца.

У заканчэнні даў пісару пяць залатых рублёў, просячы яго, каб мне выдалі пасведчанне, у якім павінны быць блакітныя вочы і чырвоныя плямы на плячах. Ахвотна згадзіўся на маю просьбу. На наступны дзень прыйшоў у будынак гміны з акулярамі на вачах, звярнуўся да пісара, каб выдаў мне пасведчанне асобы. Паводзіў сябе так, як быццам не ведаў сакратара, ён таксама зрабіў тое ж самае.

Пасведчанне неадкладна напісаў і прадставіў для падпісання войту, які падпісаў не чытаючы. Гэта быў перыяд, калі пісар гміны быў кіраўніком гміны, войты ж выбіраліся, былі толькі прадстаўнікамі гміны.
Пасля вяртання ў Вільню пасведчанне адразу аддаў габрэям, якія адразу ж адправіліся ў Барысаў на прызыўную камісію, якая адбывалася кожны месяц. На гэты раз габрэям не ўдалося паўстаць перад камісіяй, паколькі не было іх знаёмага лекара. У сувязі з іншым складам камісіі не хацелі рызыкаваць, таму яўка была адкладзена да наступнага з’яўлення камісіі.

Я павінен адзначыць, што з першай прызыўной камісіі ў Докшыцах, прайшло больш за два месяцы часу, на працягу якіх я не з’яўляўся на пасяджэнні прызыўной камісіі ў павеце, таму начальнік Барысаўскага павета выдаў распараджэнне, каб мяне знайшлі і прадставілі перад прызыўной камісіяй. У сувязі з чым “околоточный надзиратель» участка, дзе я жыў, з’явіўся ў кандытарскую, каб забраць мяне і даставіць да вайсковага начальніка ў Барысаў.

У сілу маіх добрых адносін з «околоточным надзирателем”, а таксама гаспадара Штрала, на маю пераканаўчую просьбу «околоточный надзіратель» у рэшце рэшт пагадзіўся на мой асабісты выезд на прызыўную камісію без ніякай дапамогі паліцыі. Гэта дало магчымасць вызваліць сябе ад войска, бо калі б я быў дастаўлены паліцыяй вайсковаму начальніку, то мае намаганні і камбінацыі з габрэямі пайшлі б у нявечча, я ж, будучы здаровым, быў бы прынятым у армію. Я за ўхіленне ад прызыву быў бы пакараны арыштам ці турэмным зняволеннем. На шчасце, гэтага не адбылося.

Я ж замест паездкі на камісію адправіўся ў Пецярбург на вяселле маёй сястры Ядвігі, якая выходзіла замуж за Казіміра Завадскага, пляменніка паляка генерала Быховіча, у якога маладыя людзі жылі некалькі месяцаў, пакуль не атрымалі ўласнае жыллё. Дзед генерала Быховічa таксама быў сасланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні. Генерал Быховіч атрымаў такі высокі ранг у рускай арміі дзякуючыі сваёй маці, якая была праваслаўнай і паходзіла з генеральскай сям’і. Швагер Казімір Завадскі служыў у ваенна-марскім флоце ў Лібаве боцманам, пасля звальнення з флоту і пры падтрымцы генерала Быховічa ён быў прызначаны у адпаведнасці з адукацыяй старшым токарам на ваенным заводзе з заработнай платай 90 рублёў.

Пасля майго ад’езду габрэі адправіліся ў Барысаў, і там ім удалося стаць на камісію з асобай, нам ужо вядомай. Камісія прызнала гэтага чалавека няздольным служыць у войску і на маё прозвішча выдала белы білет, які цалкам звальняў ад ваеннай службы. Пасля майго вяртання з Пецярбурга і габрэяў з Барысава габрэі, да вялікай маёй радасці, даставілі білет, які звальняў ад ваеннай службы. Гэты білет адразу паказаў «околоточному надзірателю» з доказам удзелу ў прызыўной камісіі і вызвалення мяне ад арміі. Аб сваім белым білеце сакрэтна паведаміў толькі гаспадару Штралу, які павіншаваў мой спрыт. Іншым людзям гаварыў, што быў залічаны ў запас як старэйшы сын у бацькоў.

У 1913 годзе ў Вільні была выяўлена група габрэяў, якая займалася звальненнем прызыўнікоў з войска ў шырокім маштабе, пры агульным удзеле вайсковых лекараў. Пасля выбуху вайны ў 1914 годзе расійскія ўлады загадалі наноў пракантраляваць усіх тых, каторыя перад гэтым былі звольненыя ад войска на падставе “белых” білетаў. Мне гэты загад не пагражаў, бо ў той час ужо ў Вільні былі немцы.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля