Янка Пачопка

Гэты артыкул увайшоў у першы нумар часопіса “Паазер’е”.

Славуты сын зямлі залескай – ”пясняр вузкой палоскі”. Нарысы з жыцця і творчасці беларускага адраджэнца.

Работа Язэпа Драздовіча: партрэт Янкі Пачопкі (разьба па дрэве). 1933г.

У шэрагу славутых асоб Беларусі, якія ў свой час стаялі на шляхах адраджэння і аднаўлення беларускай культуры, мовы і літаратуры, на шляхах асветніцтва і развіцця народнага беларускага фальклору, значыцца імя Івана Пятровіча Пачопкі. Ён больш застаўся ў памяці нашых землякоў з Залесчыны як Янка Пачопка – коратка і запамінальна. Такія ж словы (па-беларуску) высечаны і на помніку на могілках бліз вёскі Прытыкі, дзе ён пахаваны: ”Янка Пачопка” і відарыс разгорнутай кнігі, як напамінак аб тым, што гэты сціплы і непрыкметны чалавек усё сваё жыццё быў улюбёны ў кнігу, быў тонкім лірыкам і вострым сатырыкам, пісаў цудоўнейшыя вершы, любіў зямлю і працаваў на ёй, прысвячаючы зямлі навуковыя кніжкі для вясковых працаўнікоў…

У многім лёс быў для Янкі Пачопкі складаным і няўдзячлівым. У 1960-1970-ых г.г. яго імя было амаль што забыта для беларускай літаратуры і агранаміі. А ён ціха і непрыкметна жыў у сваіх Летніках – таленавіты паэт, навукоўца, шчыры прыхільнік беларускай мовы, найлепшы сябар Язэпа Драздовіча…

Выпіска з метрычнай кнігі аб нараджэнні Івана Пачопкі. 1890 г.

Іван Пятровіч Пачопка нарадзіўся 8 лістапада 1890 года ў в. Летнікі Залескай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні ў сям’і ляснічага. Сям’я была вялікая: бацька, маці і дзевяць дзяцей – чатыры браты і пяць сясцёр. Выхаваны бацькамі ў любві да працы на зямлі, Іван і абраў свой шлях ў жыццё, звязаны з зямлёю: у 1913 годзе ён скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу (цяпер у Пастаўскім раёне). Працаваў заатэхнікам у дэпартаменце земляробства Віленскай губерні.

З 1914 па 1917 г.г. служыў у войску. Пасля падзей сацыялістычнай рэвалюцыі, да пачатку вайны Савецкай Расіі з Польшчай, працаваў аграномам пры Дзісненскім рэўкаме.

Янка Пачопка сярод супрацоўнікаў дэпартамента земляробства. 1923г.

Зямля цікавіла Янку Пачопку найперш як навукоўцу: перадавыя метады і тэхналогіі апрацоўкі, гаспадарчы падыход, выхаванне чалавека працай. Ён шмат піша і выдае кніжак на сельскагаспадарчую тэматыку для пашырэння прафесійнага падыходу да зямлі селяніна. У 1923 годзе выдаў кнігі ”Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць”, ”Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях”. Да кнігі ”Пчолы…” малюнкі рабіў Янку Пачопку Язэп Драздовіч. У 1925 годзе выдаецца дапаможнік ”Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва”. У 1928 годзе з’яўляецца кніга ”Як выбраць добрага каня”.

ЯнкаПачопка. 1930-я г.г .

Акрамя здольнасцей да агранаміі, да сельскагаспадарчай навуковай працы Іван Пятровіч Пачопка валодаў і паэтычным талентам. З ранняй маладосці ён пачынае пісаць вершы на беларускай мове. Першы яго верш ”Дудар” надрукаваны ў ”Нашай Ніве” ў 1913 годзе. Янка Пачопка друкаваўся пад псеўданімамі Башкір, Янка Башкір, Шкірба. Вёска Летнікі, дзе ён нарадзіўся, была заселена ўся Пачопкамі, дзялілася на два канцы, якія па-вулічнаму называліся Башкіры і Вушлакі, адсюль і даволі незвычайны псеўданім. Акрамя вершаў Янка Пачопка піша прозу, байкі, казкі, збірае і апрацоўвае народныя легенды і паданні, фальклор.

Вершы, народныя паданні, казкі, апрацаваныя Янкам Пачопкам, друкаваліся на старонках дзіцячых часопісаў ”Заранка”, ”Калоссе”, ”Пралескі”, ”Маланка”. У 1925 годзе па прапанове паслоў Беларускай сялянска-рабочай Грамады Янка Пачопка з’яўляўся рэдактарам двухтыднёвіка ”Праваслаўны беларус”, які выдаваўся ў Варшаве. Творы Янкі Пачопкі змяшчаліся ў часопісе ”Хрысціянская думка”, газеце ”Сялянская ніва”. З малых гадоў Янка Пачопка збіраў і запісваў народныя казкі, легенды, паданні. Па сутнасці, збор казак, сабраных Янкам Пачопкам, быў незвычайна багатым і змястоўным. Сабранага арыгінальнага матэрыялу назапасілася на цэлую кнігу пад назвай ”Народныя казкі і апавяданні Дзісеншчыны”, якая павінна была друкавацца ў выдавецтве Клецкіна. Аднак разгром польскімі ўладамі Грамады прыпыніў дзейнасць выдавецтва. З друку выйшла толькі адна казка ”Дурнішча: народная казка з Дзісеншчыны” (1927 г.). У 1926 годзе выходзіць у друку яго камедыя ”Гурток”.

Аўтографы вершаў Янкі Пачопкі з яго рукапіснага зборніка. 1920-я г.г.

Аналізуючы паэзію Янкі Пачопкі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што паэт ён быў выдатны. Тонкі лірык, востры сатырык, гарэзлівы гумарыст… У многіх вершах яго гучыць філасофія, іншым разам гэта цяжкі роздум і хваляванні аб лёсе Беларусі. Асабліва горка гучаць радкі яго верша ”Перад Новым Годам”, які быў напісаны ў 1920-ым годзе. Ішоў самы разгар вайны паміж Польшчай і Савецкай Расіяй… Лёс сваёй Радзімы і чаканне спакою для людзей – вось што турбуе паэта ў гэтым цудоўным, пранізлівым па грамадзянскаму і патрыятычнаму пафасу вершы:

Апошня ноч Старога Года,
А заўтра гэткаю парой
На страх ці не ўсяго народа
Год Новы станець над зямлёй.
Новы Год! Што ж ён з сабою
У руках у кволых прынясець –
Усьцешыць нас, ці больш атруты
У жыцьцё у наша уліець?
Хацеў бы я каб ў Новым Годзе,
Па сварцы, бойцы ўсёй людзкой
Паўстала згода у народзе
І праўда ўстала над зямлёй.
Каб толькі гэта не скупіўся
Нам Новы Год даць аджалеў –
Яму б я нізка пакланіўся
І больш нічога не хацеў.

У 1926-1928 г.г. Янка Пачопка – супрацоўнік гумарыстычнага часопіса ”Маланка”, які ў Вільні выдае Беларуская сялянска-рабочая Грамада. На старонках ”Маланкі” друкуюць свае сатырычныя творы Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, і амаль што ў кожным нумары знаходзіцца месца і для сатырычных і гумарыстычных вершаў Пачопкі:

Войта выбралі – прагналі:
– Беларус, нельга! – сказалі.
У радзе гміннай ухвалілі,
А ў павеце адмянілі.
Няма войта. Маўчыць рада.
Дык што ж за правы цяпер, брат?
Ці не знаеш – Самаўрад!

Польскія ўлады праследуюць часопіс за вострую сатырычную крытыку, часта тыражы ”Маланкі” канфіскоўваюцца, рэдакцыйная рада штрафуецца. Іншым часам замест канфіскаваных паліцыяй нумароў выходзяць сатырычныя аднадзёнкі ”Пякучая маланка”, ”Новая маланка”. Урэшце-рэшт, часопіс у 1928 годзе спыніў сваё існаванне.
Усе свае творы Янка Пачопка пісаў толькі па-беларуску. І на дзіва граматны, адукаваны чалавек паўстае перад намі ў яго паэтычных шэдэўрах. Нават мяркуючы па рукапісных запісах у зборніку яго вершаў пераконваешся ў тым, што Янка Пачопка быў сапраўдным паэтам – вершы напісаны ад рукі, на чысцейшай і сакавітай беларускай мове, тарашкевіцай, амаль што без паправак.
Шэдэўрам любоўнай лірыкі можна смела назваць верш Янкі Пачопкі ”Васілёчкі”:

Ці помніш ты той светлы час,
Пятроўкі дзіўныя дзянёчкі:
З табой хадзілі мы не раз
Зьбіраць у жыта васілёчкі?
І назьбіраўшы, ля ракі,
Сярод цішы палёў далёкіх,
З табой плялі ўдваіх вянкі
Мы з васілёчкаў сінявокіх.
І шчасны былі мы з табой,
Жыцьця дакораў мы не зналі,
І з васількамі над ракой
Цьвіцелі разам, красавалі.
Прайшла пара тая, як сон,
Мне не даждацца болей лета,
І не убачыць тых ўжо дзён
Душа збалелая паэта.
Прашу цябе на успамін
Сьвятых для нас з табой дзянёчкаў
Хоць на магілку раз адзін
Ты прынясі мне васілёчкаў.
А можа там у цьме сырой
Твае засьвецяць сіні вочкі,
І я ізноў, як той парой,
Убачу ў полі васілёчкі!

Аўтограф верша Янкі Пачопкі ”Я цалаваў нябесны вочы…”

Паўстае заканамернае пытанне: чаму Янка Пачопка не праславіўся ў беларускай літаратуры ў поўнай меры як сапраўдны паэт, пранікнёны і арыгінальны лірык? Так, быў уздым яго паэтычнай дзейнасці ў 1920-ых г.г., былі публікацыі вершаў у зборніках і часопісах, аднак потым многае з яго паэтычнай спадчыны так і засталося ў рукапісах, у савецкі час наогул пра яго паэзію ніхто не ўспамінаў…

Тут некалькі прычын. Пасля вяртання ў канцы 1920-ых г.г. Янкі Пачопкі з Вільні на радзіму, у вёску Летнікі, паэт аказаўся адарваным, ізаляваным ад звыклага яму кола культурнай інтэлігенцыі, сяброў і паплечнікаў. Сямейныя абставіны (нарадзілася трое дзяцей), праца аграномам на зямлі, жыццё ў даволі глухім кутку Залесчыны ўдалечыні ад цывілізацыі ды і прыродная сціпласць, сарамлівасць гэтага чалавека – усё адыграла сваю ролю ў тым, што Янка Пачопка аказаўся ў адзіноце, без людзей, якія б разумелі яго імкненні… А яшчэ Янка Пачопка заставаўся верным сваёй абранай прафесіі – агранаміі, імкнуўся распрацоўваць асновы сельскагаспадарчай навукі. У сваёй аўтабіяграфіі, напісанай у 1967 годзе па просьбе Зоські Верас і дасланай ёй, Пачопка пісаў: ”Больш увагі я аддаваў кніжкам па сельскай гаспадарцы, якіх у той час у нас па-беларуску зусім не было. Трэба было даць што-небудзь…”.

Сціплы і стрыманы, далікатны і сарамлівы, Янка Пачопка так і напісаў аднойчы сваё прызнанне ў адным вершы, дзе з горыччу зазначыў наступнае:

Ня квапся, брат, я не паэт –
Песьняр вузкой палоскі.
К Парнасу мне дарогі нет.
Ня квапся, брат, я не паэт.
Часамі толькі трыолет
Складу на хвалу роднай вёскі
І гэта ўсё. Я не паэт –
Песьняр вузкой палоскі.

”Іду ў Летнікі да Янкі Пачопкі. Ён чалавек хатні… Пайду к яму пагукаць, пачытаць, падзяліцца”, – так напісаў у сваім ”Дзённіку” 8 кастрычніка 1933 года Язэп Драздовіч. У пачатку жніўня 1933 года Язэп Драздовіч пасля беластоцкага творчага перыяду жыцця і дзейнасці вяртаецца на сваю радзіму – на Дзісеншчыну. Дзе знайсці прытулак, калі няма свайго кутка? – у свайго найлепшага сябра Янкі Пачопкі, у Летніках. Так зноў звёў лёс разам гэтых творчых людзей. Язэп Драздовіч часта застаецца гасцяваць у доме Янкі, іх яднае творчасць, разуменне, аднадумства. Тут, у хаце Пачопкі, у 1930-ых г.г. узнікае творчае трыо: Янка Пачопка – Язэп Драздовіч – Міхась Машара. Сябры сустракаюцца, горача абмяркоўваюць свае надзённыя праблемы, спрачаюцца, ладзяць паэтычныя вечары, імпрэзы. Яны зноў жа ў адзіноце, бо акрамя іх траіх, астатніх мясцовых сялян, канечне ж, мала турбавалі праблемы космаса, паэзіі, агранаміі, фальклору, мастацтва. Пачопка, Драздовіч і Машара жывуць сваім цесным творчым саюзам, і ў гэтай суполцы нараджаецца потым ідэя стварыць паэму паводле легенды залескіх мясцін аб Мамчынай горцы. Паэма ”Мамчына горка” пад аўтарствам Міхася Машары была напісана і надрукавана ў 1936 годзе.

Ці аказваў свой уплыў, уздзеянне Язэп Драздовіч на Янку Пачопку? Безумоўна – так. Абодва – верныя сябры і творчыя таленавітыя асобы. Магчыма, розніліся яны ў сваіх поглядах на асобныя моманты жыцця і мастацтва: Язэп Драздовіч быў апантаны ідэямі жыцця на іншых планетах, праблемамі космасу, Янка Пачопка – больш прызямлёнымі праблемамі: агранамія, садаводніцтва, жывёлагадоўля, пчалярства; Язэп Драздовіч быў выдатны мастак-разьбяр па дрэве, Янка Пачопка таксама спрабаваў пераняць ад яго гэтую навуку, праўда, больш непрафесійна, па-аматарску; Язэп Драздовіч пісаў мастацкую публіцыстыку і займаўся археалагічнымі даследаваннямі, Янка Пачопка збіраў фальклор і пісаў цудоўныя вершы. Галоўнае, што яны разумелі адзін аднаго, а ў гаспадарлівага Янкі Пачопкі бяздомны Язэп Драздовіч заўсёды, хоць на невялікі час мог знайсці і начлег, і ежу, і прытулак… Адзін з вершаў у рукапісным зборніку Янкі Пачопкі – ”Астраномія” – уяўна створаны пад уплывам касмалагічных ідэй Язэпа Драздовіча:

 

Поўнач. Ціха. Ясна неба.
На зямлі даўно ўжо спяць,
Толькі ў царстве сінім Фэба
Месяц з зорамі гараць.
Цёпла, росна. У спакою
Не адарваць з неба вачэй.
Як прыгожа нада мною,
Колькі там усіх агней!
Колькі зор! А там камэта,
Там вунь Млечны шлях вісіць.
Там знаёмая планэта
Мне Вэнэра мігаціць.

У сям’і Янкі Пачопкі і яго жонкі Зіновіі Андрэеўны (дзявочае прозвішча Наумёнак) нарадзілася трое дзетак: Валянціна, Зоя і Георгій. Пройдзе час, усе дзеці вырастуць і аберуць у сваім жыцці дастойныя прафесіі. Зоя стала ўрачом, цяпер жыве ў Гародні. Валянціна і Георгій, як і іх бацька, звязалі лёс з зямлёю – працавалі аграномамі: Георгій на Пастаўшчыне, потым займаў пасаду старшыні калгаса, а Валя – ў калгасе ”Герой працы” на Глыбоччыне. Валянціна Іванаўна Павульская і зараз жыве на Залесчыне, у вёсцы Загор’е. Ёй цяпер 91 год*. Аднак гэта жанчына ўражвае ўсіх на дзіва моцнай памяццю, незвычайнай працаздольнасцю, энергіяй, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна без цяжкасцей дэкламуе на памяць вершы свайго бацькі, размаўляе на чысцейшай беларускай мове, без перапынку можа расказваць пра Язэпа Драздовіча, з якім яна, маленькая дзяўчынка, вельмі сябравала, а Драздовіч жартаўліва называў яе Лінка-Журавінка.

Валянціна Іванаўна Павульская ў час сустрэчы ў гісторыка-краязнаўчым музеі ”Мінулае Залесчыны” Залескай сярэдняй школы. 1 чэрвеня 2012 г.

Успамінае Валянціна Іванаўна: ”Нарадзілася я 12 жніўня 1921 года. З дзяцінства памятаю, як наша хата ў Летніках была прытулкам для Язэпа Драздовіча. А ў хаце, наогул, заўсёды збіралася шмат народу. Часцей за ўсё любілі вечарамі сабрацца і пагутарыць мой бацька, Язэп Драздовіч і Міхась Машара. Я любіла слухаць іх размовы за круглым сталом. Бацька клапаціўся аб маёй адукацыі: на кані вазіў у школу, што знаходзілася ў Дзісне, увесь час настаўляў мяне на дальнейшую адукацыю. Пазней, іменна дзякуючы яго настойлівасці, я вывучылася на агранома”.

Выхоўваючыся ў беларускамоўным асяроддзі, Лінка-журавінка з маленства палюбіла беларускія песні, вершы, легенды. Яна яшчэ пры Польшчы скончыла Дзісенскую гімназію, хацела пайсці вучыцца ў інстытут ў Беластоку, аднак пачалася вайна. У савецкі час скончыла школу старшыняў калгасаў у Полацку. Як ні агітавалі яе ўзначаліць адзін з калгасаў на Глыбоччыне, але Валянціна Іванаўна адмовілася: ”Мне хацелася быць бліжэй да зямлі. Праца аграномам мяне больш задавальняла”. На пенсію Валянціна Іванаўна пайшла з пасады галоўнага агранома калгаса ”Герой працы”, аднаго з самых буйнейшых у раёне. Але і на пенсіі дачка славутага Янкі Пачопкі не сядзела злажыўшы рукі, яна з’яўлялася актыўным удзельнікам самадзейнага народнага фальклорнага калектыву ”Прасніца” Запрудскага сельскага дома культуры. Зараз, у свае 91 год, Валянціна Іванаўна можа спець вам цэлы рэпертуар народных абрадавых песен, на любы густ.

”Другую ”старую” (праваслаўную Пасху ўжо сапраўды як спатканую вясну) правёў у Летніках у Янкі Башкіра, но ўжо як маёўку. Са шпацырам у лес. Там было некалькі прыехаўшых гасцей са стараны на самакатках або ровэрах… Былі тут і дачка гаспадара з Дзісенскай гімназіі Лінка-журавінка і наш ”вялікі і родны” Міхась Машара…” (Язэп Драздовіч, ”Дзённік”, 1933г.)

Янка Пачопка з аднавяскоўцамі. 1950-я гг.

Апошнія гады свайго жыцця Янка Пачопка ціха і непрыкметна пражыў у сваёй хаце ў Летніках. Як успамінае Валянціна Іванаўна, пад старасць бацька зрабіўся вельмі сумным. Напэна, ён з жалем успамінаў залатыя 1920-1930-я г.г. – самы творчы перыяд яго дзейнасці, віленскі перыяд, сяброўства з Язэпам Драздовічам, з Міхасём Машарай. Сумаваў можа і таму, што шмат няздзейсненага засталося ў яго планах. Сумаваў таму, што жыццё прайшло ў замкнёным коле вёскі Летнікі, дзе не было развярнуцца творчаму запалу…

Валянціна Іванаўна Павульская ўспамінае, што ўвесь вольны час Янка Пачопка праводзіў з кнігай. Яны – кнігі – суправаджалі яго паўсюль. Не раз здаралася і такое, калі бацька адбываў радоўку, пасвячы кароў за вёскай, зачытаўшыся якою-небудзь кніжкай ён забываўся пра ўсё на свеце, і статак разбрыдаўся па ваколлю без нагляду пастуха…

Валянціна Іванаўна Павульская з партрэтам свайго бацькі (работа мастака Пётры Сергіевіча) у двары свайго дома ў вёсцы Загор’е. 2009 г.

Адзін з вершаў Янкі Пачопкі 1920-ых г.г. тоіць у сабе запаветную мару любога паэта – не згасаць у сваёй творчасці, тварыць, духоўна ўзбагачацца, і тут жа – скрушныя словы аб тым, што іншым разам звыклы і шэры побыт, адзінота, адарванасць ад паплечнікаў можа загубіць паэта, знішчыць яго духоўны свет…

Зіма.Зіма. Трашчаць марозы.
Мяцель гуляіць і пяець.
Астыла кроў, лядзеюць сьлёзы,
Пад гурбмі моўчкам жыцьце мрэць.
Дзе ты, паэт, з душой сагрэтай
Агнямі сонц дзявочых воч.
Удар па ліры самапетай,
Зімовы сон згані з нас проч!
Прысьпі чароўнымі струнамі
Сівога старца, лёд растай,
І нам, засыпаным снягамі,
Вясновым сонцам завітай.
Зьнімі з жыцьця лядзяны путы,
Хай ўстане хто бадзёр і жыў!…
Маўчыць паэт марозам скуты,
І ён, як мы, замёрз, застыў…

Многія вершы Янкі Пачопкі нагадваюць паэтычныя запаветы, грамадзянскія заклікі, філасофскія нататкі. А ўвогуле, яго лірыка зачароўвае нас лёгкасцю слова, сакавітасцю мастацкіх вобразаў, пачуццём прыгожага…

Ён быў цудоўным паэтам.

Аб незвычайным пачуцці гумару сведчаць многія сатырычныя вершы Янкі Пачопкі. Ён шмат прыкмячаў з асаблівасцей характараў сваіх аднавяскоўцаў і землякоў на Залесчыне. Пільнае вока паэта заўважала духоўнасць сямейных адносін, дзіўны свет дзіцячай душы. Цёплы народны жарт прасочваецца ў шмат якіх яго творах. Вось некалькі ўзораў вершаў паэта з вясёлым і добрым вясковым гумарам…
Доўгая і кароткая памяць

”Ад вялікага да малога
адзін крок”
Помню дзень і помню лета,
Помню добра той барок,
Помню так былося гэта:
Падыйшла ка мне Анэта
Ды сьмяецца: ”Ты, Пятрок!..”
Помню добра, што на гэта
(Сьведкай гэтаму барок)
Адказаў я: ”Я, Анэта!
Далі Бог, я твой Пятрок!”
Помню добра цераз лета,
Помню добра ў позні змрок,
Помню так былося гэта:
Прынясла дзіцё Анэта
Ды і плачаць: ”Ты, Пятрок…”
І здаецца, што на гэта
(Надта позны быў ўжо змрок)
Адказаў я: ”Не, Анэта,
Далі Бог, я не Пятрок…”

Цікавы
Сынок пытае важна матку:
-Скажы, мамулька, для чаго
Як што рабіць, дык ты ўсё татку
У лес і ў поля ўсё яго
І ў будзень і у сьвята выпраўляеш,
А ты са мной толькі гуляеш.
-Таму, сынок, што я кабета,
А ён мужчына і мой муж.
Рабіць – ня маю сіл на гэта,
А тата крэпак твой і дуж.
Ў яго і грудзі не такія,
З маімі рукі не зраўняць…
-Ах вось прычыны тут якія! –
Пачаў сынок у розум браць.
-Але не ўцямлю ані трошкі
Чаму, каб тату працаваць.
У таты грудзі вун што дошкі,
А ў мамы?.. З кім бы іх зраўняць?..
Ды й рукі ў таты што лапата,
Куды спрытнейшыя ты маеш:
Пакуль разок зачэрпнець тата,
Дык лыжак пяць ты ўжо зсярбаеш!

Якім ён быў – Янка Пачопка – для сваіх аднавяскоўцаў? Людзі старэйшага ўзросту памятаюць яго як спакойнага, ураўнаважанага, гаспадарлівага чалавека. У 1950-1960-ых г.г. ён працягваў займацца на сваёй сядзібе агародніцтвам і пчалярствам, садаводствам. Быў вельмі ветлівы і спагадлівы да людзей. Гасцей у доме заўсёды было поўна, для кожнага знаходзіўся час для размоў. Валянціна Іванаўна Павульская расказвала пра свайго бацьку наступнае: ”Ён любіў уступаць у дыскусіі з людзьмі, філасофстваваць, ніколі пры гэтым не прыніжаючы субяседніка. З уласцівым яму гумарыстычным падыходам да светапогляду, умеў у час гутарак з лёгкасцю даказаць ваяўнічаму атэісту, што Бог ёсць, а веруючага чалавека пераканаць у тым, што Бога няма… Аднак такія доказы ніколі не зневажалі апанента. Ён вельмі паважаў людзей і іх унутраны свет…”

З роднымі і блізкімі. 1960-я г.г.

Янка Пачопка, у мінулым выдатны спецыяліст па агранаміі, заатэхніцы, заўсёды адгукаўся на просьбы землякоў у дапамозе па пытаннях, звязаных з хваробамі хатняй скаціны, па іх лячэнню. Ён любіў людзей і гэты маленькі свет – Летнікі – дзе яму наканавана было правесці ў адзіноце, без былых паплечнікаў 1920-1930-ых гадоў, сваё застаўшаеся жыццё.

Свой дом Янка Пачопка імкнуўся аздабляць неяк па-своему, арыгінальна. Таму хата выдзялялася ў Летніках нязвыклай для Залесчыны формай планіроўкі.

Пачуццё прыгожага і мастацтва Янка Пачопка імкнуўся праявіць нават у дробязях. Тут у многім ён, пэўне, запазычыў талент Язэпа Драздовіча – мастацтва разьбы па дрэву. У доме Валянціны Іванаўны і цяпер яшчэ захоўваецца выразаная бацькам драўляная чарнільніца у выглядзе ляснога грыба. А сваёй гаспадыні Іван Пятровіч зрабіў разную скалку для бялізны з датай ”1954” і мудрагелістымі узорамі (захоўваецца ў краязнаўчым музеі Залескай школы).

Янка Пачопка з жонкай Зіновіяй Андрэеўнай каля сваёй хаты. 1972 г.

За вёскай Прытыкі (Малінаўка), на самай мяжы Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, размешчаны могілкі, на якіх пахаваны Іван Пятровіч Пачопка. Помнік сціплы: партрэт паэта, словы па-беларуску ”Янка Пачопка”, даты жыцця 1890-1977 і разгорнутая кніга… Кніга – сэнс яго жыцця, вечная спадарожніца ў яго прагным шуканні духоўнай сілы слова, навукі, асветы.

Дочкі Янкі Пачопкі: Зоя (злева) і Валянціна (справа). 1972 г.

На гэтых могілках вы знойдзеце ўсяго толькі два помнікі з надпісамі на беларускай мове. Яшчэ адзін – па свайму бацьку – паставіў сам Янка Пачопка ў 1922-ім годзе. І гэта таксама можна лічыць праяўленнем сапраўднага патрыятызму. Надпіс: ”Пётра Пачопка. Ад сына Янкі”…

”…Я паспрабаваў уявіць іх усіх трох разам – дасціпнага Янку Пачопку, задумлівага Язэпа Драздовіча, узнёслага Міхася Машару. Няма больш на Глыбоччыне вёскі, якая б давала прытулак такім знакавым асобам беларускай культуры. І менавіта па гэтай прычыне яна назаўжды застанецца ў памяці наступных пакаленняў” (паэт Алесь Жыгуноў, ”Летнікі”, газета ”Веснік Глыбоччыны”, 2008 г.).

Ах, не! Не звалі, людзі, жыў
Свой век на гэтым свеце.
Адзін па сьцежках я блудзіў,
Ад вас далёка, людзі, быў.
Адзін, як стары, я тужыў,
Адзін сьмяяўся я, як дзеці.
Ах, не! Не з вамі, людзі, жыў
Свой век на гэтым сьвеце.
***
Калі ты выйшаў на дарогу,
Якой сярод жыцьця шукаў,
Дык не маліся доўга Богу,
Што Ён табе збаўленьне даў.
А ўраз ізноў назад вярніся
І клікні тых, што грамадой
Па ўсіх пуцінах разбрыліся,
Дарогі ішчучы прамой
І пакажы ты ім дарогу –
Дарогу простую жыцьця –
Тады хвалу на неба к Богу
Узнясём ўсе мірам мы за ця.
***
Не бядуй, не гаруй, небарака,
Што бяз хлеба з табой мы жывём.
Ёсьць запалак путанка, табака,
Ды й на сотку ў кішэні знайдзём…

*Гэта было на момант напісання артыкула – у 2012 годзе. Зараз Валянціне Павульскай 98 гадоў.

Рыгор Шарыпкін