Заканчэнне школьнага года ў Земляробчай школе ў Опсе

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

(“Кур’ер Віленскі” № 2 ад 3 студзеня 1933 года)

19 снежня 1932 года ў Земляробчай Школе адбылося ўрачыстае заканчэнне школьнага года, якое ў бягучым годзе прайшло вельмі надзвычайна, з погляду на колькасць прыбылых гасцей. Між іншым прыбылі: начальнік аддзела земляробства і ветэрынарыі пан Шаняўскі, пан стараста Трытэк, пасол Квінта, прадстаўнікі войска, паліцыі і настаўніцтва, у поўным складзе Школьна-Земляробчая Камісія, гмінная Рада з Опсы, прадстаўнікі Земляробчых гурткоў, Звязу Абсальвентаў (выпускнікоў), вучні Опскай Земляробчай школы, мясцовых арганізацый, а таксама гаспадары і сваякі вучняў. Акрамя Зеліслава Янушкевіча, папярэдняга Браслаўскага старасту.

У вельмі абшырнай і падрабязнай справаздачы дырэктар школы пан Выслоўх ахарактарызаваў працу персанала ў бягучым перыядзе, падзяліўся здабытым досведам ва ўсталяванні новай школьнай праграмы. Выказаў бясспрэчна, што адзіна магчымым напрамкам Школы можа быць падтрымка тэорыі найгрунтоўнейшай практыкай у гаспадарцы, што гэта з’яўляецца адзінай дарогай да атрымання максімальных ведаў. Доказам гэтага з’яўляецца значна вышэйшы ўзровень ведаў навучэнцаў у параўнанні з іншымі курсамі, а таксама школьная гаспадарка 62 га, якая абслугоўвалася выключна сіламі вучняў, і якое ў гэтым годзе дало выключна высокія і прыгожыя ўраджаі. Напрыклад: жыта расло на 16га, ячмень – на 17, гарох – на 16,5, авёс – на 13, буракі далі ўраджай 40500 кг з га, морква 38000 кг з га і т.п. Сярэдняя малочнасць кароўніка пры вучнёўскай абслузе (9 кароў) складала 2906 літраў з каровы штогод. Чысты прыбытак з гаспадаркі на 1 красавіка складаў 5660 злотых. Гэтыя лічбы бясспрэчна даказваюць, што ў час гаспадарчага крызіса практычныя веды земляроба з’яўляюцца неабходнымі. Затым ахарактарызаваў самастойныя вучнёўскія арганізацыі, самадапамогу слабейшым калегам у навучанні г.д., акрэсліў значэнне Земляробчай Школы для павета.

Не можа яна размяшчацца выключна ў школьных мурах, павінна выйсці па-за сваёй тэрыторыі, да вёсак і паселішчаў. Земляробчая Школа ў Опсе ўжо здабыла сабе права знаходжання ў павеце, выйшла за школьныя муры, сведчаннем чаго з’яўляецца, што школьны персанал выключна па просьбе насельніцтва арганізаваў на працягу года 19 земляробчых курсаў у розных мясцовасцях, з якіх 12 былі двух ці чатырохдзённыя, тры ж – чатырохмесячныя, на якіх выкладанне адбывалася раз на тыдзень. Затым, што наведвалі школу шматлікія экскурсіі з ваколіцы і амаль не было дня, каб на месцы не ўдзялілі земляробчыя і іншыя парады. Ветэрынарная дапамога аказана 57 гаспадарам. Абмяняныя амаль усе свае ўраджаі зерневых, як пасяўное зерне гаспадарам. Школьны персанал належыць да розных мясцовых арганізацый, дзе праводзіць розныя лекцыі па земляробству. Заканчваючы сваю прамову пан Выслоўх падзякаваў начальніку земляробчага аддзела і ветэрынарыі пану Шаняўскаму за маральную апеку над Школай, за частыя візіты, падчас якіх пан начальнік рабіў шмат падказак і парад. Напрыканцы звярнуўся да пана старасты Янушкевіча і ў сардэчных словах падзякаваў яму за пастаяннае супрацоўніцтва з персаналам і выключную дапамогу. Ахарактарызаваў яго заслугі для Школы, як галоўнага ініцыятара адкрыцця Школы, а таксама яе апекуна. На заканчэнне прасіў, каб памятаў пра школу і па меры магчымасці яе адведваў. Затым былі рэфераты вучняў Коласа, Каралюна аб ролі выпускніка на вёсцы, а таксама вучня Курачкі пад назвай “Як арганізаваць сваю гаспадарку”. Рэфераты былі на досыць высокім узроўні і вызвалі вялікую зацікаўленасць. Ад імя Павятовага Звязу Абсальвентаў вучняў Опскай Школы прамовіў віцэ-старшыня Сіповіч, і таксама віцэ-старшыня Звязу Абсальвентаў па-за межамі павету Тамашэвіч. Абодва дзякавалі пану Янушкевічу за апеку, якой абдорваў Звяз. Ад імя вучняў вітаў пана старасту старшыня Братняй Дапамогі, ахвяруючы яму ад імя сваіх калегаў выкананую вучнямі Школы мадэль школьнага будынку. Ад імя гміннай Рады вітаў пана старасту пан войт Мілевіч, як ганаровага грамадзяніна тутэйшай гміны. Затым пан Міраслаў Караван, рэферэнт асветы гміннага аддзялення Стралецкага Звязу прамовіў да вучняў, прызываючы іх да супрацоўніцтва са Стралецкім Звязам. Пасля таго прамаўляў стараста Трытэк, пан капітан Касперскі, жадаючы вучням плённай працы для падняцця дабрабыту вёскі. Пан Шаняўскі ў сваёй прамове даваў цэлы шэраг падказак вучням, засцерагаў перад цяжкасцямі, якія могуць іх напаткаць. Заканчваючы сваю прамову, як ганаровы член Звязу Абсальвентаў, яшчэ раз падзякаваў пану старасту Янушкевічу за апеку над школай і яе выхаванцамі. Пан стараста Янушкевіч сардэчнымі словамі выказаў сваю ўдзячнасць за мілы сюрпрыз.

Пасля раздачы ўзнагарод і пасведчанняў удзельнікі пайшлі на супольны абед, у час якога іграў школьны аркестр.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля