Земляробчая школа ў Опсе

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

Вядомасцю не толькі ў Браслаўскім павеце, але і за яго межамі карысталася сельскагаспадарчая мужчынская школа ніжэйшай ступені Браслаўскага сейміка ў Опсе, якая працавала з 1927 па 1939 гады. Школа давала вясковай моладзі неабходныя веды па перадавых метадах вядзення ўласных сельскіх гаспадарак з асновамі агратэхнікі, заатэхніі, меліярацыі з тым, каб атрыманыя веды і навыкі былі скарыстаны пры вядзенні ўласных гаспадарак. Гадаванцы школы таксама спрыялі распаўсюджванню гэтых ведаў сярод аднавяскоўцаў. Найбольш здольныя выпускнікі маглі працягваць вучобу ў навучальных установах вышэйшага ўзроўню, каб атрымаць сельскагаспадарчую спецыяльнасць, маглі ўладкавацца на пасаду эканома пры маёнтках.

Школа размяшчалася ў былым маёнтку графаў Плятэраў, які з мэтай арганізацыі сельскагаспадарчай школы ў 1922 года выкупіў Браслаўскі Сеймік. Некалькі гадоў спатрэбілася на рамонт будынкаў маёнтка, пацярпелых у час сусветнай і грамадзянскай войнаў, прыстасаванне іх пад школу.

У 1927 годзе адбыўся першы набор навучэнцаў, пераважна юнакоў з Браслаўшчыны. Многія навучэнцы набіраліся праз гмінныя праўленні. У такім разе грошы за навучанне ўносіла гміна. Сродкі на ўтрыманне школы і навучанне выдаткоўвалі таксама Браслаўскі Сеймік, Міністэрства сельскай гаспадаркі. Навучэнцы павінны былі забяспечваць сябе вопраткай, бялізнай, сшыткамі, па магчымасці прывезці дровы для ацяплення класаў.

1938 год

Школа займала тэрыторыю ў 92 гектары. Амаль на 11 га размяшчалася сядзіба з мураваным палацам, гаспадарчымі пабудовамі, паркам. Мелася 30 га ворнай зямлі, 5 га саду, 1 га агароду, каля 40 га воднай паверхні возера, якое меркавалася зарыбляць.

У вялікім палацы размяшчаліся класы для заняткаў, сталовая, інтэрнат для навучэнцаў, кватэры дырэктара і некаторых выкладчыкаў. Тэрыторыя ля палаца была ўпрыгожана тэрасамі, якія спускаліся да возера, кветнікамі, газонамі. З успамінаў старажылаў Опсы: “На тэрыторыі сядзібы ў той час было шмат кветнікаў, перад будынкам самога палаца – круглы кветнік, дзе высаджвалі толькі ружы розных гатункаў. Флянцы кветак гадавалі ў шкляным парніку, насенне прывозілі з Латвіі. Ля ручая раслі парэчкі і клубніцы. Перад мастом быў вялікі сад. На тэрасе палаца ладзілі танцы, прыходзілі навучэнцы школы, працаўнікі….”
У глыбіні парка размяшчаўся шэраг гаспадарчых пабудоў: стадола, стайня, кузня, слясарная майстэрня, лазня, пральня і інш. Школа мела поўны набор неабходнага для навучання і працы інвентару, падсобную гаспадарку з 5 коней, дзясятка кароў, быка, цялят, свіней, пасекі.

Навучанне было разлічана на 9 месяцаў, пачатак заняткаў – 1 студзеня. Адначасова ў школе вучылася каля 50 чалавек. Да абеду вучні займаліся тэорыяй. Выкладаліся прадметы па спецыяльнасці “Земляробства”, “Гадоўля жывёлы”, “Ветэрынарыя”, Батаніка” і агульныя – польская мова, гісторыя, геаграфія, хімія, фізіка. Пасля абеду абслугоўвалі гаспадарку, прымяняючы назапашаныя веды на практыцы. Дарэчы, школьная гаспадарка цалкам забяспечвала харчаванне навучэнцаў і выкладчыкаў. На практычных занятках атрымлівалі навыкі некаторых рамёстваў, неабходных на вёсцы – кавальства, слясарныя і сталярныя справы, будаўніцтва.

У летні час арганізоўваліся экскурсіі ў Польшчу з наведваннем узорных сельскіх гаспадарак.

Даволі цікава было арганізавана грамадскае жыццё. Дзейнічалі гурткі розных накірункаў, паміж вучнямі наладжваліся спаборніцтвы па вырошчванні гародніны, існаваў музычны аркестр, ладзіліся вечарыны. Пры школе працаваў кааператыўны кіёск па продажы дробных тавараў, у якім гаспадарылі навучэнцы, атрымліваючы такім чынам навыкі кааперацыйнай дзейнасці і фінансавага ўліку.

Значным быў уплыў школы на навакольныя сельскія гаспадаркі. Выкладчыкі, навучэнцы знаёмілі вяскоўцаў з нетрадыцыйнымі відамі культурных раслін, давалі парады, кансультацыі. У абмен на збожжа сяляне маглі атрымаць у школе чыстае насенне сельскагаспарчых культур, набыць за грошы маладняк жывёлы лепшых парод. Школа арганізоўвала кароткатэрміновыя курсы для вясковых дзяцей. У 1938 годзе быў створаны філіял школы ў Замошшы для дзяўчат – школа вясковых гаспадынь.

Сельскагаспадарчая школа ў Опсе лічылася адной з лепшых адкрытых навучальных устаноў Польшчы. Даволі часта сюды на стажыроўку прыязджалі маладыя выкладчыкі з іншых школ, неаднойчы наносілі візіты дэлегацыі з Вільні, Варшавы, пабываў тут нават прэзідэнт Польшчы І.Масціцкі. Сведчаннем аўтарытэту школы была і тая акалічнасць, што ў ёй акрамя моладзі з Браслашчыны вучыліся таксама юнакі з Латвіі, Эстоніі, некаторых аддаленых паветаў Заходняй Беларусі. У чэрвені 1934 года на базе школы прайшоў з’езд прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых сельскагаспадарчых школ Віленшчыны і Наваградскага ваяводства.

Бэрнард Выслоўх – апошні дырэктар земляробчай школы ў Опсе. Арыштаваны ў 1939 г. і сасланы ў Сыбір. Здымак 1938-39 гг.

Шмат у чым гэтыя поспехі звязаны з асобай дырэктара школы Бэрнарда Выслоўха. У школе ён працаваў ад пачатку яе дзейнасці, а на пасадзе дырэктара з 1930 г. па 1939 г.

Б.Выслоўх паходзіў з Беларускага Палесся, вучыўся ў Мозырскай гімназіі, Дзяржаўнай вышэйшай школе сельскай гаспадаркі ў Цешыне. Надзелены вялікімі арганізатарскімі здольнасцямі, энергічны, ён увесь час аддаваў школе, любімай справе – земляробству. Б.Выслоўх карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод навучэнцаў, выкладчыкаў, мясцовых жыхароў, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, абараняючы інтарэсы сялян, якім шмат у чым дапамагаў.

Сельскагаспадарчая школа ў Опсе спыніла сваё існаванне ў верасні 1939 года. Большасць выкладчыкаў выехала з Браслаўшчыны. Б.Выслоўх быў арыштаваны органамі НКУС і загінуў у сталінскіх засценках.

Канстанцін Шыдлоўскі (Браслаў)